ЛАРЫ́С-МЕ́ЛІКАЎ Міхаіл Тарыэлавіч
(1.1.1826, Тбілісі —24.12.1888),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1875), граф (1878), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1880). Вучыўся ў Лазараўскім ін-це ўсх. моў у Маскве, школе гвардз. кав. падпрапаршчыкаў у Пецярбургу. Спачатку 4 гады служыў у Гродзенскім гусарскім палку. З 1847 удзельнік Каўк. вайны 1817—64 (ваен. аперацый супраць Шаміля), фактычны кіраўнік ваен. дзеянняў на Закаўказскім тэатры Крымскай вайны 1853—56. З 1861 ваен. нач. Паўд. Дагестана, граданачальнік Дэрбента, у 1863—75 нач. Церскай вобл. З 1876 і ў рус.-тур. вайну 1877—78 камандаваў асобным Каўк. корпусам. У 1879 часовы астраханскі, саратаўскі, самарскі і харкаўскі ген.-губернатар. Пасля замаху С.М.Халтурына на цара Аляксандра II (лют. 1880) прызначаны старшынёй Вярхоўнай распарадчай камісіі, стаў фактычна дыктатарам, са жн. міністр унутр. спраў і шэф жандараў. У 1881 у пісьмовых дакладах Аляксандру II прапанаваў правесці шэраг рэформ (стварэнне законадарадчай прадстаўнічай установы на аснове земскай сістэмы і ўрада, які адказвае перад імператарам і праводзіць ва ўсіх мін-вах і ведамствах адзіную палітыку: пераадоленне сял. малазямелля, пашырэнне правоў і паўнамоцтваў земскіх арг-цый, вызваленне друку ад часткі цэнзурных забарон), пасля забойства цара пайшоў у адстаўку і выехаў за мяжу. Аўтар артыкулаў, у т.л. «Запіскі, складзенай з апавяданняў і сведчанняў Хаджы-Мурата» (1881).
Літ.:
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 369—394;
Данилов Д.Д. Лорис-Меликов: карьера «парадоксального диктатора» // Вопр. истории. 1998. № 11/12.
У.Я.Калаткоў.
т. 9, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)