ЛАРЭ́Н (Lorrain; сапр. Жэле, Gellée) Клод (1600, Шамань, каля г. Эпіналь, Францыя — 23.11.1682), французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў А.Тасі ў Рыме (з 1613?). Зазнаў уплывы П.Брыля, А.Эльсхаймера, Анібале Карачы. Працаваў пераважна ў Рыме. Стварыў уласны варыянт класіцыстычнага «ідэальнага» пейзажа, у якім адзінства прасторы дасягалася праз найтанчэйшую прапрацоўку святлопаветр. асяроддзя. Творы вызначаюцца майстэрскай перадачай эфектаў рассеянага ранішняга або вечаровага святла, якое растае ў залацістай смузе («Адплыццё св. Урсулы», 1646; «Выгнанне Агары», 1668; «Кампа Вачына»), элегічным ладам кампазіцый, падпарадкаваннем сюжэта і фігур ідэалізаванаму пейзажнаму матыву (цыкл «Раніца», «Поўдзень», «Вечар», «Ноч», 1651—72). Малюнкам і афортам уласціва віртуозная святлоценявая нюансіроўка.

Літ.:

Ларионова Э.И. Клод Лоррен: [Альбом]. М., 1979.

К.Ларэн. Кампа Вачына.

т. 9, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)