Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЬПЯРО́ВІЧ Леў Абрамавіч

(4.12.1874, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1913),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Вільні ў рысавальнай школе І.Трутнева, скончыў Пецярбургскую АМ (1902), вучань І.Рэпіна. З 1902 жыў у Мінску. У творчасці адстойваў прынцыпы рэалізму. Пісаў партрэты, пейзажы, бытавыя кампазіцыі («Вечар у сям’і», «Краўчыхі», «Муляры», «Партрэт бабулі», «Партрэт музыканта Жухавіцкага», «Жаночы партрэт», «Дзяўчына ў чырвоным шаліку»), блізкія да твораў перасоўнікаў. Садзейнічаў арганізацыі выстаўкі перасоўнікаў у Мінску (1899). Творы Альпяровіча найб. поўна (230 работ) былі сабраны на выстаўцы ў Мінску ў 1939.

Л.Альпяровіч. Жаночы партрэт. 1904. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 283

А́ЛЬСМІК Пётр Іванавіч

(27.2.1907, в. Выдрэя Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 2.4.1992),

бел. селекцыянер-бульбавод. Акад. АН Беларусі (1966), акад. УАСГНІЛ (1979). Чл.-кар. Акадэміі с.-г. н. ГДР (1974). Д-р с.-г. н. (1954). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў БСГА (1929). З 1929 на Навазыбкаўскай с.-г. доследнай станцыі, у 1931—41 і 1944—56 на Бел. селекцыйнай станцыі. З 1956 у Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Навук. працы па селекцыі гароднінных культур. Распрацаваў прыёмы селекцыі бульбы на ранняспеласць, высокія крухмалістасць і колькасць бялкоў у клубнях, устойлівасць да раку. Вывеў больш за 10 высокаўраджайных, з добрымі смакавымі якасцямі і вял. (да 26%) колькасцю крухмалу сартоў бульбы: Агранамічную, Тэмп, Лошыцкую, Разварыстую і інш. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1974. Залаты медаль імя І.У.Мічурына УАСГНІЛ (1980).

Тв.:

Селекция картофеля в Белоруссии. Мн., 1979.

Літ.:

П.І.Альсмік // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1977. № 1.

П.І.Альсмік.

т. 1, с. 283

АЛЬТ

(італьян. alto ад лац. altus высокі),

1) нізкі жаночы ці дзіцячы голас у хоры; 2-я па вышыні партыя ў харавой партытуры. Да 18 ст. назва высокага тэнара.

2) Муз. інструмент класа хардафонаў тыпу смыковых. Мае тую ж канструкцыю, што і скрыпка, але большых памераў, густы, насычаны гук, строй квінтай ніжэй. Мяркуюць, створаны на мяжы 15—16 ст. На Беларусі вядомы з 18 ст., выкарыстоўваўся ў ансамблях і з аркестрам; нар. назва «альтоўка».

3) Разнавіднасці многіх аркестравых інструментаў: духавых (флейта-альт, габой-альт, кларнет-альт, труба-альт, трамбон-альт), струнных (цымбалы-альт, мандаліна-альт, балалайка-альт, домра-альт).

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 284

АЛЬТАІ́Р, α Арла,

зорка 1-й зорнай велічыні (0,8 візуальнай зорнай велічыні). Свяцільнасць у 9 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 5 пс. З Вегай і Дэнебам утварае вял. летні трохвугольнік.

т. 1, с. 284

АЛЬТАМІ́РА

(Altamira),

пячора ў правінцыі Кантабрыя (Іспанія). У 2-й пал. 19 ст. тут выяўлены наскальныя рознакаляровыя выявы жывёл, стаянка эпохі салютрэ і ранняга мадлену. Даўжыня пячоры каля 280 м (з шэрагам залаў). Памеры намаляваных фігур (бізонаў і інш.) да 2,25 м. Паводле радыевугляроднага аналізу малюнкі зроблены каля 15500 г. назад. Альтаміра — найб. значная па мастацкім багацці «галерэя» першабытнага чалавека.

Выявы бізонаў у пячоры Альтаміра.

т. 1, с. 284

АЛЬТАМІ́РА-І-КРЭВЕ́А (Altamira y Crevea) Рафаэль

(10.2.1866, г. Алікантэ, Іспанія — 1.6.1951),

іспанскі гісторык. Скончыў Валенсійскі і Мадрыдскі ун-ты. З 1888 сакратар Пед. музея (Мадрыд). У 1897—1910 узначальваў кафедру гісторыі ісп. права ў г. Аўеда, пазней праф. Мадрыдскага ун-та. У асноўнай працы «Гісторыя Іспаніі і іспанская цывілізацыя» (т. 1—4, 1900—11) даследаваў эканам. і сац. гісторыю краіны, падкрэсліў узаемасувязь эканам. і паліт. заняпаду Іспаніі ў 16—17 ст. Пасля ўстанаўлення фаш. дыктатуры Ф.Франка (1939) у эміграцыі.

т. 1, с. 284

АЛЬТА́НКА, альтана (італьян. altana),

драўляная ці мураваная дэкар. пабудова каркаснай (слупавой) канструкцыі для адпачынку, аховы ад сонца і ападкаў. Звычайна размяшчаецца ў маляўнічых кутках паркаў, гар. і прыгарадных зялёных зон, у дварах жылых дамоў, каля вадаёмаў і г.д. Найчасцей вырашалася ў выглядзе ратонды ў пейзажных і рэгулярных парках стыляў барока і класіцызму. У мураваных альтанках стылю класіцызму выкарыстоўваліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі.

Альтанкі.

т. 1, с. 284

АЛЬТА́НКАВЫЯ ПТУ́ШКІ, альтаншчыкі,

буданнікі (Ptilonorhynchidae),

сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8 родаў, 18 відаў. Жывуць у трапічных лясах Новай Гвінеі з прылеглымі астравамі і на Пн і У Аўстраліі. Найб. вядомы альтаншчык атласны (Ptilonorhynchus violaceus).

Даўж. 22—40 см. Апярэнне бурае, цёмна-сіняе або фіялетавае. У большасці моцныя дзюба і ногі, кароткі хвост. Многім відам характэрны палавы дымарфізм: самцы прыгажэйшыя за самак. Робяць з галінак і травы своеасаблівыя буданы або альтанкі (адсюль назва) даўж. да 1 м, выш. да 50 см для спароўвання. Пляцоўку перад імі ўпрыгожваюць пер’ем, ракавінамі, бліскучымі каменьчыкамі, насякомымі, кветкамі. Гнёзды на дрэвах, у кладцы 1—3 яйцы. Наседжвае самка. Усёедныя. Здольныя да гукапераймання.

Альтанкавая птушка.

т. 1, с. 284

АЛЬТА́НШЧЫКІ,

гл. Альтанкавыя птушкі.

т. 1, с. 284

А́ЛЬТДОРФЕР (Altdorfer) Альбрэхт

(каля 1480, г. Рэгенсбург, Германія — 12.2.1538),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Стаяў на чале дунайскай школы. Адзін з пачынальнікаў пейзажа ў зах.-еўрап. жывапісе. Высокая чалавечнасць вобразаў і напружаны каларыт, уласцівыя яго жывапісу, увасоблены ў алтары св. Фларыяна манастыра ў Санкт-Фларыяне (Аўстрыя, 1518), партрэтах («Партрэт невядомай жанчыны», 1525). У праграмным творы «Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем» (1529) выявілася касм. светаадчуванне мастака. Удасканаліў тэхніку афорта: вынайшаў спосаб траўлення медзі.

А.Альтдорфер. Партрэт невядомай жанчыны. 1525.

т. 1, с. 284