Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,

з’явы, што ўзнікаюць у праводзячых асяроддзях пры адначасовым дзеянні магн. поля і градыента т-ры. Абумоўлены ўздзеяннем магн. поля на накіраваны рух носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) пад дзеяннем градыента т-ры.

Магн. поле адхіляе звязаныя з. пераносам часціц эл. ток і паток цеплаты ад першапачатковага напрамку (гл. Лорэнца сіла). У выніку паяўляюцца складальныя эл. току і цеплавога патоку ў напрамку, перпендыкулярным магн. полю. Адрозніваюць Т.з. папярочныя і падоўжныя ў залежнасці ад таго, у якім напрамку — перпендыкулярным ці паралельным першапачатковаму градыенту т-ры адпаведна — яны вымяраюцца. Да Т.з. належаць: Нернста—Этынгсгаўзена эфект, Рыгі—Ледзюка эфект (папярочны — узнікненне тэмпературнага градыента, падоўжны — змена цеплаправоднасці з-за ўзнікнення дадатковага цеплавога патоку) і інш. Вывучэнне Т.з. дае магчымасць атрымаць важную інфармацыю аб носьбітах зараду ў паўправадніках; на ім заснавана дзеянне пераўтваральнікаў цеплавой энергіі ў электрычную.

Літ.:

Аскеров Б.М. Электронные явления переноса в полупроводниках. М., 1985;

Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 135

ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

ферамагнітныя сплавы з моцнай залежнасцю магнітнай індукцыі ад т-ры; від магнітамяккіх матэрыялаў. Гэта ўласцівасць выяўляецца паблізу Кюры пункта сплаваў, дзе цеплавы рух часціц рэчыва дэзарыентуе іх магн. моманты. Адрозніваюць 3 асн. групы Т.м.: медна-нікелевыя, жалеза-нікелевыя і найб. пашыраныя жалеза-нікелевыя, легіраваныя хромам, алюмініем ці марганцам, дыяпазон рабочых т-р якіх ад -60 да 170 °C. На аснове апошніх створаны шматслойныя Т.м. з лепшымі магн. характарыстыкамі. Т.м. выкарыстоўваюць як тэрмакампенсатары і тэрмарэгулятары магн. патоку ў вымяральных прыладах.

т. 16, с. 135

ТЭРМАМЕ́ТРЫЯ (ад тэрма... + ...метрыя),

раздзел эксперым. фізікі і метралогіі, які даследуе метады і сродкі вымярэння тэмпературы. Вымярэнні грунтуюцца на Міжнароднай практычнай тэмпературнай шкале. Задачы Т.: распрацоўка навук. асноў, норм і правіл канструявання, эксплуатацыі і градуіравання вымяральных сродкаў (напр., тэрмометраў), выяўленне магчымых і дапушчальных хібнасцей вымярэнняў т-ры, вызначэнне тэрмаметрычных уласцівасцей рэчываў. Уваходнай велічынёй вымяральных сродкаў з’яўляецца т-ра, выхадной (выхадным сігналам) — любая фіз. велічыня, адназначна залежная ад т-ры.

Літ.:

Температурные измерения: Справ. 2 изд. Киев, 1989;

Драгун В.Л., Филатов С.А. Тепловизионные системы в исследованиях тепловых процессов. Мн., 1989.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 135

ТЭРМАМЕХАНІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў і сплаваў, сукупнасць аперацый пластычнай дэфармацыі, нагрэву і ахаладжэння, у выніку якіх канчатковая структура і ўласцівасці матэрыялу фарміруюцца з вял. колькасцю дэфектаў у крышталях (пераважна дыслакацый); адзін з асн. спосабаў павышэння трываласці канструкцыйных металаў і сплаваў. Бывае высока- і нізкатэмпературная.

Высокатэмпературная Т.а. — гарачая апрацоўка ціскам (коўка, пракатка і інш.) у межах т-р устойлівасці аўстэніту з неадкладным ахаладжэннем для папярэджання яго рэкрышталізацыі; нізкатэмпературная — дэфармацыя ў межах т-р няўстойлівасці аўстэніту і ніжэй за т-ру яго рэкрышталізацыі. З такога аўстэніту пры далейшай загартоўцы атрымліваецца мартэнсіт з асаблівай будовай, якая забяспечвае вельмі высокае супраціўленне разрыву (мяжу трываласці). Т.а. старэючых сплаваў (алюмініевых, медных, нікелевых і інш.) робяць халоднай пластычнай дэфармацыяй пасля загартоўкі, але перад штучным старэннем металаў.

Літ.:

Шаврин О.И. Технология и оборудование термомеханической обработки деталей машин. М., 1983.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 16, с. 136

ТЭРМАМЕХАНІ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ, эфект фантанавання,

узнікненне ў звышцякучай вадкасці рознасці ціску, абумоўленай рознасцю тэмператур.

Выяўляецца ў розніцы ўзроўняў вадкасці ў двух сазлучаных цераз вузкую шчыліну ці капіляр сасудах, якія знаходзяцца пры розных т-рах. Другі наглядны спосаб дэманстрацыі Т.э.: трубку з дробным чорным парашком апускаюць адным канцом у звышцякучы гелій; пры асвятленні парашок хутка награваецца і з прычыны рознасці ціску ў пасудзіне і па-за ёй вадкі гелій фантанам выкідваецца з верхняга канца капіляра. Т.э. тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз вузкія шчыліны ці капіляры) наз. механакаларычным эфектам.

Тэрмамеханічны эфект: 1 — узровень вадкасці ў пасудзіне з награвальнікам Н вышэйшы, чым у сазлучанай з ім пасудзіне; 2 — фантанаванне гелію пры асвятленні і нагрэве парашку П, які знаходзіцца ў пасудзіне са звышцякучым геліем (В — гіграскапічная вата).

т. 16, с. 136

ТЭРМАПА́РА,

тэрмаадчувальны элемент з 2 паслядоўна злучаных метал. праваднікоў ці паўправаднікоў (гл. Тэрмаэлемент). Дзеянне заснавана на Зеебека з ’яве.

Калі месцы злучэнняў (кантакты) электраправодных элементаў знаходзяцца пры розных т-рах, то ў ланцугу Т. ўзнікае тэрмаэлектрарухальная сіла, тым большая, чым большая рознасць т-р кантактаў. У спалучэнні з электравымяральнымі прыладамі (мілівальтметрам, патэнцыяметрам і інш.) Т. ўтварае тэрмаэл. тэрмометр (пры вымярэнні т-ры адзін з кантактаў вытрымліваецца пры пастаяннай т-ры; дыяпазон т-р, якія вымяраюцца, залежыць ад матэрыялаў тэрмаэлектродаў — 4—2800 К). Выкарыстоўваюцца таксама ў аўтаматызаваных сістэмах кіравання тэхнал. працэсамі.

Уключэнне тэрмапары ў вымяральны ланцуг: а — вымяральная прылада 1 падключана злучальнымі правадамі 2 да канцоў тэрмаэлектродаў 3 і 4; б — у разрыў тэрмаэлектрода 3; T1 і T2 — тэмпературы адпаведна «гарачага» і «халоднага» кантактаў тэрмапары.

т. 16, с. 136

ТЭРМАПЛА́СТЫ, тэрмапластычныя пластмасы,

пластычныя масы, здольныя мнагакратна пераходзіць пры награванні ў вязкацякучы стан (размякчацца), а пры ахаладжэнні ў шклопадобны (цвярдзець). Пры фармаванні вырабаў з Т. іх канфігурацыя фіксуецца ахаладжэннем размякчанага пластыку. Найб. пашыраны Т. на аснове поліэтылену, поліпрапілену, політэтрафторэтылену, полівінілхларыду, полістыролу, поліамідаў, полікарбанатаў, поліметылметакрылату (гл. Поліметакрылаты).

т. 16, с. 136

ТЭРМАРЭАКТЫ́ЎНЫЯ ПЛАСТМА́СЫ,

тое, што рэактапласты.

т. 16, с. 136

ТЭРМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад тэрма... + лац. regulo упарадкоўваю, рэгулюю),

фізіялагічная функцыя, што забяспечвае падтрыманне аптымальнай для дадзенага віду т-ры глыбокіх абласцей цела ва ўмовах тэмпературных змен навакольнага асяроддзя. Здольнасць да Т. ў значнай ступені вызначае межы рассялення і выжывання жывёл у розных кліматычных умовах і з’яўляецца адным з найважнейшых механізмаў іх гамеастазу. Пайкілатэрмным жывёлам уласціва пераважна паводзінская форма Т., або Т., якая ажыццяўляецца зменай стану (спячка, здранцвенне, змена сутачнай актыўнасці і інш.). Многія з іх здольныя кантраляваць і мяняць т-ру цела пры пастаянных умовах. Напр., за кошт задышкі некат. яшчаркі і кракадзілы доўгі час захоўваюць т-ру цела, на 2—5 °C ніжэйшую за т-ру навакольнага асяроддзя. Грамадскія насякомыя эфектыўна выкарыстоўваюць метабалічнае цяпло для падтрымання ўласнай т-ры цела і т-ры ўсяго гнязда (групавая Т.). Гамаятэрмныя жывёлы і чалавек маюць больш высокі ўзровень энергаабмену (тахіметабалізм) і разам з паводзінскай Т. выкарыстоўваюць механізм рэгуляцыі ўзроўню цеплапрадукцыі (хім. Т.) і цеплааддачы (фіз. Т.). Гэтыя працэсы кантралююцца цэнтрам Т., які з’яўляецца часткай сістэмы цэнтраў гіпаталамуса, што каардынуе вегетатыўныя, эмацыянальныя і адаптыўныя паводзіны. Цэнтр Т. ўспрымае сігналы тэрмарэцэптараў скуры, падскурных тканак, тэрмаадчувальных нейронаў гіпаталамуса і ажыццяўляе карэкцыю т-ры цела. Раздражненне перыферычных халадовых тэрмарэцэптараў суправаджаецца павелічэннем цеплапрадукцыі пераважна за кошт інтэнсіфікацыі абмену рэчываў, паяўлення халадовых дрыжыкаў і памяншэння цеплааддачы шляхам звужэння скурных і падскурных крывяносных сасудаў. Актываванне тэрмаадчувальных нейронаў гіпаталамуса пры пераграванні арганізма прыводзіць да памяншэння цеплапрадукцыі праз прыгнечанне мышачнага тонусу і да павелічэння цеплааддачы праз расшырэнне перыферычных крывяносных сасудаў і павелічэнне потавыдзялення (або цеплавой задышкі ў жывёл, якія не пацеюць. У гіпаталамічнай Т. ўдзельнічаюць залозы ўнутр. сакрэцыі, пераважна шчытападобная залоза і наднырачнікі. Працэсы Т. кантралююцца карой вял. паўшар’яў, што дазваляе арганізму на аснове агульнай тэмпературнай адчувальнасці выбраць пэўную паводзінскую рэакцыю (напр., актыўнае пазбяганне высокай ці нізкай т-ры, будаванне прыстанішча).

Літ.:

Физиология терморегуляции. Л., 1984;

Слоним А.Д. Эволюция терморегуляции. Л., 1986.

В.​М.​Гурын.

т. 16, с. 136

ТЭРМАРЭЗІ́СТАР (ад тэрма... + рэзістар),

тэрмістар, паўправадніковы рэзістар, эл. супраціўленне якога істотна залежыць ад т-ры.

Асн. параметры: намінальнае супраціўленне, дыяпазон рабочых т-р і тэмпературны каэф. супраціўлення (ТКС) — адноснае прырашчэнне супраціўлення ў працэнтах пры змене т-ры на 1 К. Адрозніваюць Т. з адмоўным ТКС (ад -2 да -8%/К пры пакаёвых т-рах да -20%/К пры 900—1300 К) і з дадатным — т.зв. пазістары (ТКС дасягае 50%/К). Т. вырабляюць пераважна метадамі парашковай металургіі ў выглядзе стрыжняў, трубак, дыскаў, тонкіх пласцінак і інш. Характарызуюцца малымі памерамі (ад 1—10 мкм да 1—2 см) і вялікім тэрмінам службы (некалькі тысяч гадзін). Выкарыстоўваюцца для рэгістрацыі змены т-ры ў сістэмах цеплавога кантролю, у вымяральніках магутнасці, пускавых рэле, стабілізатарах т-ры і інш.

т. 16, с. 136