ТЭРМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад тэрма... + лац. regulo упарадкоўваю, рэгулюю),

фізіялагічная функцыя, што забяспечвае падтрыманне аптымальнай для дадзенага віду т-ры глыбокіх абласцей цела ва ўмовах тэмпературных змен навакольнага асяроддзя. Здольнасць да Т. ў значнай ступені вызначае межы рассялення і выжывання жывёл у розных кліматычных умовах і з’яўляецца адным з найважнейшых механізмаў іх гамеастазу. Пайкілатэрмным жывёлам уласціва пераважна паводзінская форма Т., або Т., якая ажыццяўляецца зменай стану (спячка, здранцвенне, змена сутачнай актыўнасці і інш.). Многія з іх здольныя кантраляваць і мяняць т-ру цела пры пастаянных умовах. Напр., за кошт задышкі некат. яшчаркі і кракадзілы доўгі час захоўваюць т-ру цела, на 2—5 °C ніжэйшую за т-ру навакольнага асяроддзя. Грамадскія насякомыя эфектыўна выкарыстоўваюць метабалічнае цяпло для падтрымання ўласнай т-ры цела і т-ры ўсяго гнязда (групавая Т.). Гамаятэрмныя жывёлы і чалавек маюць больш высокі ўзровень энергаабмену (тахіметабалізм) і разам з паводзінскай Т. выкарыстоўваюць механізм рэгуляцыі ўзроўню цеплапрадукцыі (хім. Т.) і цеплааддачы (фіз. Т.). Гэтыя працэсы кантралююцца цэнтрам Т., які з’яўляецца часткай сістэмы цэнтраў гіпаталамуса, што каардынуе вегетатыўныя, эмацыянальныя і адаптыўныя паводзіны. Цэнтр Т. ўспрымае сігналы тэрмарэцэптараў скуры, падскурных тканак, тэрмаадчувальных нейронаў гіпаталамуса і ажыццяўляе карэкцыю т-ры цела. Раздражненне перыферычных халадовых тэрмарэцэптараў суправаджаецца павелічэннем цеплапрадукцыі пераважна за кошт інтэнсіфікацыі абмену рэчываў, паяўлення халадовых дрыжыкаў і памяншэння цеплааддачы шляхам звужэння скурных і падскурных крывяносных сасудаў. Актываванне тэрмаадчувальных нейронаў гіпаталамуса пры пераграванні арганізма прыводзіць да памяншэння цеплапрадукцыі праз прыгнечанне мышачнага тонусу і да павелічэння цеплааддачы праз расшырэнне перыферычных крывяносных сасудаў і павелічэнне потавыдзялення (або цеплавой задышкі ў жывёл, якія не пацеюць. У гіпаталамічнай Т. ўдзельнічаюць залозы ўнутр. сакрэцыі, пераважна шчытападобная залоза і наднырачнікі. Працэсы Т. кантралююцца карой вял. паўшар’яў, што дазваляе арганізму на аснове агульнай тэмпературнай адчувальнасці выбраць пэўную паводзінскую рэакцыю (напр., актыўнае пазбяганне высокай ці нізкай т-ры, будаванне прыстанішча).

Літ.:

Физиология терморегуляции. Л., 1984;

Слоним А.Д. Эволюция терморегуляции. Л., 1986.

В.​М.​Гурын.

т. 16, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)