АСАРХАДО́Н
(асір. Ашурахіддзін),
цар Асірыі ў 680—669 да нашай эры. Уступіў на трон у выніку перамогі ў грамадз. вайне. Аднавіў разбураны яго бацькам Сінахерыбам г. Вавілон, вярнуў шэрагу гарадоў прывілеі, увёў падаткі на карысць храмаў, вёў войны ў Аравіі, Фінікіі і Егіпце. Пасля заваявання г. Мемфіс прыняў егіп. царскія тытулы. У 673—672 да нашай эры рабіў паходы ў Шубрыю (на граніцы з Урарту).
т. 2, с. 21
А́САРЫС
(Asaris) Гунар Канстанцінавіч (н. 23.6.1934, Рыга),
латвійскі архітэктар. Скончыў Рыжскі політэхн. Ін-т (1959). Асн. работы: эксперым. цэх Рыжскага шклозавода (1959), індывід. жылыя дамы ў Рызе і Юрмале (1959—69), мемар. ансамбль Памяці ахвяраў фаш. тэрору ў Саласпілсе (1963—67, у сааўт.; Ленінская прэмія 1970), помнік у Рызе пісьменніку А.М.Упіту (1982).
т. 2, с. 21
АСАРЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Брагінскім раёне Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПдУ ад Брагіна, 168 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Ёлча. 462 ж., 199 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі гарадзішча і бескурганны могільнік мілаградскай і зарубінецкай культур.
т. 2, с. 21
АСА́ТКІН-УЛАДЗІ́МІРСКІ Аляксандр Мікалаевіч
(15.10.1885, с. Вазнясенскае, Кастрамскі р-н — вер. 1937),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1918—21 чл. Прэзідыума ВЦСПС. У 1921 на дзярж. рабоце ў Туркестанскай АССР. З 1922 інструктар ЦК РКП(б). У маі 1923 узначаліў партыйна-ўрадавую камісію па ўзбуйненні БССР. З лют. 1924 сакратар Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б). У маі—вер. 1924 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б. У 1924—29 старшыня праўлення Усесаюзнага с.-г. банка. З 1930 на сав., парт., дзярж. і навук. рабоце. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
т. 2, с. 21
АСАЎЦЫ́,
вёска ў Беларусі, у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПдУ ад г. Драгічын, 124 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Драгічын. 2432 ж., 964 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Курган Памяці. Помнік драўлянага дойлідства — Міхайлаўская царква (1780).
т. 2, с. 21
АСАЎЦЫ́,
вёска ў Беларусі, у Відзіборскім с/с Столінскага р-на Брэсцкай вобласці. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПнЗ ад Століна, 262 км ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Відзібор. 271 ж., 102 двары (1995). Аддз. Сувязі.
т. 2, с. 21
АСА́Ф’ЕЎ Барыс Уладзіміравіч
(псеўд. Ігар Глебаў; 29.7.1884, С.-Пецярбург — 27.1.1949),
рускі музыказнавец, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1946). Акад. АН СССР (1943). Скончыў у Пецярбургу ун-т (1908) і кансерваторыю (1910, класы А.Лядава і М.Рымскага-Корсакава). У 1919—30 працаваў у Ленінградскім ін-це гісторыі мастацтваў, у 1925—43 праф. Ленінградскай кансерваторыі. З 1943 у Ін-це гісторыі мастацтваў у Маскве. Распрацаваў тэорыю інтанацыі, абгрунтаваў паняцце сімфанізму як метаду муз. мыслення, зрабіў значны ўклад у эстэтыку, тэорыю і гісторыю музыкі, вучэнне аб муз. форме. Аўтар 10 опер, 27 балетаў, 4 сімфоній і інш. Найб. значныя балеты «Полымя Парыжа» (1932) і «Бахчысарайскі фантан» (1934). Дзярж. прэміі СССР 1943, 1948.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—5. М., 1952—57;
Симфонические этюды. [2 изд.]. Л., 1970;
Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Русская музыка. XIX и начало XX века. 2 изд. Л., 1979.
Літ.: Орлова Е., Крюков А. Академик Б.В.Асафьев. Л., 1984.
т. 2, с. 21
АСАХІКА́ВА,
горад у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Хакайда. 364 тыс. ж. (1985). Цэнтр развітога с.-г. раёна. Лясная, цэлюлозна-папяровая, хім., дрэваапр., харч. прам-сць; с.-г. машынабудаванне. Нац. парк Дайсецудзан («Вялікая снежная гара»).
т. 2, с. 21
«АСА́ХІ СІМБУ́Н»
(«Ранішняе сонца»),
адна з самых буйных японскіх газет. Выдаецца з 1879 штодзённа канцэрнам Асахі сімбунся ў Осака, Токіо (з 1888), Сапара і інш. Мае ранішні і вячэрні выпускі.
т. 2, с. 21
АСА́ХІ СІМБУ́НСЯ,
японскі газетны канцэрн. Засн. ў 1879 у Осака. Мае аддзяленні ў Токіо (з 1888), Кітакюсю і Нагоя (з 1935), Сапара (з 1959). Кіраўніцтва ў Токіо. Выдае штодзённыя газеты «Асахі сімбун» і «Asahi Evening» («Вячэрнія навіны»), штотыднёвікі, штомесячнікі, штогоднік, кнігі, брашуры.
т. 2, с. 21