А́НІЧКАЎ Дзмітрый Сяргеевіч
(1733—1.5.1788),
рускі асветнік, філосаф. Праф. філасофіі і матэматыкі Маскоўскага ун-та (з 1771). Паслядоўнік філасофіі Х.Вольфа. У дысертацыі «...Пра пачатак і паходжанне натуральнага богашанавання...» (1769), напісанай з пазіцый дэізму, паходжанне рэлігіі тлумачыў страхам людзей перад незразумелымі сіламі прыроды, неадукаванасцю. За свае погляды зазнаў ганенні царквы і часткі прафесуры. У тэорыі пазнання развіваў ідэі матэрыялістычнага сенсуалізму.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1. С. 112—184.
т. 1, с. 372
А́НІЧКАЎ Мікалай Мікалаевіч
(3.11.1885, С.-Пецярбург — 7.12.1964),
савецкі патамарфолаг. Акад. АН СССР (1939), АМН СССР (1944). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1909). У 1920—46 праф. гэтай акадэміі, адначасова з 1920 у Ін-це эксперым. медыцыны АМН СССР. У 1946—53 прэзідэнт АМН СССР. Навук. працы па эксперым. паталогіі і патафізіялогіі, якія стварылі аснову сучасных уяўленняў пра атэрасклероз, аўтаінфекцыю, рэтыкула-эндатэліяльную сістэму. Ганаровы чл. АН Румыніі (1948), чл. АН ГДР (1962). Дзярж. прэмія СССР 1942. Прэмія імя І.І.Мечнікава АН СССР 1952.
Тв.:
Учение о ретикуло-эндотелиальной системе. М.; Л., 1930;
Морфология заживления ран. М., 1951 (у сааўт.).
т. 1, с. 372
А́НІЧКІН Уладзімір Уладзіміравіч
(н. 24.9.1949 станцыя Дабрынка Варонежскай вобл.),
хірург. Д-р мед. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1972), працуе ў гэтым ін-це (з 1986 прарэктар). Навук. працы па дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы пасляаперацыйных ускладненняў і органазберагальных аперацыях пры язвавай хваробе дванаццаціперснай кішкі, пластычнай хірургіі. Прапанаваў спосабы пратэзавання трахеі. Ганаровы д-р мед. ф-та Масачусецкага тэхнал. ін-та (1990).
Тв.:
Изолированная резекция бифуркации трахеи. Мн., 1992 (разам з М.Р.Сачакам і У.П.Харчанкам);
Протезирование трахеи. Мн., 1995 (разам з М.Р.Сачакам і А.С.Карпіцкім).
т. 1, с. 372
АНІЧЭ́НКА Уладзімір Васілевіч
(н. 20.7.1924, в. Янаўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952). У 1955—70 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1970 у Гомельскім ун-це (у 1970—91 заг. кафедры). Даследуе пытанні бел. і слав. мовазнаўства. Аўтар манаграфіі «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі» (1969), «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (1970; у сааўт.), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па марфалогіі, гіст. лексікалогіі і фанетыцы ўсх.-слав. моў, «Слоўніка мовы Скарыны» (т. 1—3, 1977—94), кніг «Беларускі казачны эпас» (1976) і «Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
т. 1, с. 372
АНІ́ШЧАНКА Сяргей Пятровіч
(20.4.1923, в. Сцяпы Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 31.7.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну падпольшчык, партыз. сувязны, з восені 1943 у Чырв. Арміі. Вызначыўся 24—25.6.1944 пры вызваленні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.: пераправіўся цераз р. Друць, захапіў плацдарм. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.
т. 1, с. 372
АНІШЧУ́К Аляксандр Рыгоравіч
(н. 10.8.1934, г. Томск, Расія),
бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. Вучылішча (1956), дзе працаваў. З 1989 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваў геам. тэорыю ўзгаднення, на падставе якой вырашаны шэраг задач праектавання радыётэхн. канструкцый і сістэм з аптымальнымі энергет. характарыстыкамі ў рознай паласе частот.
Тв.:
Радиоприемные устройства РЭС. Мн., 1984 (разам з Р.П.Чугуновым);
Радиоприемные устройства радиоэлектронной техники. М., 1992 (у сааўт.).
т. 1, с. 372
АНІ́ШЧЫК Аркадзь Аркадзевіч
(н. 25.4.1945, г. Навагрудак),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Пражскую вышэйшую школу прыкладнога мастацтва (1975). У 1975—90 мастак шклозавода «Нёман». Яго работы адметныя выразнасцю вобраза, прапорцый, высокай ступенню абагульнення (камплект пітнога посуду, крышталь, гладзь, 1976). З 1990 жыве ў Фінляндыі.
т. 1, с. 372
АНІ́ШЧЫК Віктар Міхайлавіч
(н. 19.3.1945, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1967). З 1970 у БДУ. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, радыяцыйным матэрыялазнаўстве, электроннай структуры крышталёў. Распрацаваў методыкі і тэхнал. працэсы мадыфікацыі ўласцівасцяў металаў і сплаваў іоннымі пучкамі.
Тв.:
Структурный анализ. Мн., 1979 (разам з Г.А.Гуманскім).
т. 1, с. 372