АНДРО́ПАЎ Юрый Уладзіміравіч
(15.6.1914, станіца Нагуцкая Стаўрапольскага краю — 9.2.1984),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Ген. арміі (1976). Герой Сац. Працы (1974). З 1944 на парт. рабоце ў Карэліі. З 1953 пасол СССР у Венгрыі, з 1957 заг. аддзела, у 1962—67 і з мая 1982 сакратар ЦК КПСС. У 1967—82 старшыня КДБ СССР. З ліст. 1982 Ген. сакратар ЦК КПСС, адначасова з чэрв. 1983 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Чл. Палітбюро ЦК КПСС з 1973. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54 і з 1962.
т. 1, с. 357
АНДРО́САЎСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1667.
Падпісана паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 9 лют. ў в. Андросава (Андрусава; на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяв.) тэрмінам на 13,5 года; закончыла вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле дагавора да Расіі перайшлі Смаленскае ваяв. з гарадамі Дарагабуж, Белая, Красны, Невель, Веліж і Себеж і Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам. Рэч Паспалітая прызнала далучэнне Левабярэжнай Украіны да Расіі і згадзілася на перадачу Расіі Кіева да 1669 (не быў вернуты Рэчы Паспалітай). Запарожская Сеч апынулася пад агульным кіраўніцтвам абедзвюх дзяржаў. Беларусь і Правабярэжная Украіна засталіся ў межах Рэчы Паспалітай, іх насельніцтву гарантавалася свабода правасл. веравызнання і недатыкальнасць праваслаўных епархій. Андросаўскае перамір’е стала пачаткам саюзу Расіі і Рэчы Паспалітай супраць Турцыі і Крымскага ханства.
т. 1, с. 357
АНДРО́СІК Мікалай Мікалаевіч
(н. 8.1.1945, в. Каменка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай мікрабіялогіі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-р вет. н. (1989). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1970). З 1972 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.Н.Вышалескага, з 1994 нач. Гал. ўпраўлення аграрнай адукацыі Мінсельгасхарча Беларусі. Навук. працы па дыягностыцы, спец. прафілактыцы і мерах барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл.
Тв.:
Профилактика пневмоний свиней. Мн., 1989;
Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.);
Справочник по болезням молодняка животных. Мн., 1995 (разам з М.В.Якубоўскім, Я.А.Панкаўцом).
т. 1, с. 357
АНДРО́ЎСКАЯ
(сапр. Шульц) Вольга Мікалаеўна (21.7.1898, Масква — 31.3.1975),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1948). З 1924 у трупе МХАТа. Выконвала пераважна камедыйныя ролі, вызначалася ўменнем ствараць складаныя характары. Сярод лепшых роляў: Сюзанна («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), лэдзі Тызл («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка). Здымалася на бел. кінастудыі ў фільмах «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 1, с. 357
АНДРУ́САЎ Мікалай Іванавіч
(19.12.1861, Адэса — 27.4.1924),
рускі геолаг і палеантолаг, адзін з заснавальнікаў палеаэкалогіі. Акад. Пецярбургскай АН, чл.-кар. (1910). Праф. Юр’еўскага (1896) і Кіеўскага (1905) ун-таў, Вышэйшых жаночых курсаў у Пецярбургу (1912). Працаваў у Геал. к-це (Пецярбург). Навук. працы па стратыграфіі і палеанталогіі неагену Понтакаспійскага бас., тэктоніцы і палеагеаграфіі Альпійскай зоны Еўразіі, выкапнёвых рыфах, арганагенных вапняках. Даследаваў трацічныя адклады Паўн. Каўказа і Закаўказзя. Удзельнічаў у акіянаграфічных экспедыцыях на Чорным (1890) і Мармуровым (1894) морах, у заліве Кара-Багаз-Гол (1897).
т. 1, с. 357
АНДРУХО́ВІЧ Сцяпан Адамавіч
(1.1.1909, в. Губіна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 5.4.1989),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Працаваў у станковым жывапісе. Сярод твораў: «Веснавая сяўба» (1947), «Коні. На лузе» (1953), «Калгасны табун» (1958), лірычныя і індустр. пейзажы «Жыта» (1947), «Мінскае мора» (1954), «Новалукомль» (1966), «Пейзаж з лодкай» (1973), «Перад дажджом» (1975), партрэт Я.Купалы (1979) і інш.
т. 1, с. 357
АНДРУШЭ́ВІЧ Ян
(пач. 16 ст. — 1567 ?),
рэлігійны і дзярж. дзеяч ВКЛ, паэт-лацініст. Канонік у Вільні, біскуп у Кіеве і Луцку. Аўтар дыдактычна-рэліг. паэмы «Lens Lituana olim...» (каля 1543) пра легендарнае забойства ў Вільні 14 францысканскіх манахаў у перыяд княжання Альгерда (1345—77). Гал. змест і пафас паэмы ў апалагетычна-хрысц. тэндэнцыйнасці, дыдактызме, асуджэнні братазабойстваў.
Літ.:
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
т. 1, с. 357
АНДРЫЕ́ЎСКІ Дзмітрый Мікалаевіч
(4.10.1904, г. Пагара Бранскай вобл. — 18.12.1983),
вучоны ў галіне арган. хіміі. Д-р хім. н., праф. (1965). Скончыў Ін-т тонкай хім. тэхналогіі ў Маскве (1930). З 1943 у авіяцыйным, з 1959 у індустрыяльным ін-тах г. Куйбышаў. У 1966—74 у БДУ. Даследаваў састаў сланцаў, вугалю, распрацоўваў тэхналогіі пірагенных працэсаў паліва, атрымання араматычных злучэнняў, вывучаў ізамерызацыю алканаў і цыклаалканаў.
Тв.:
К вопросу термодинамики изомеризации метилалканов (разам з Г.Я.Кабо, Г.М.Роганавым) // Нефтехимия. 1975. № 1.
т. 1, с. 357
АНДРЫЁЛІ Міхал Эльвіра
(26.11.1837, Вільня — 23.8.1893),
жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар. Бацька выхадзец з Італіі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу і ваяння (1855—57), Пецярбургскай АМ (1857—59), у акадэміі Св. Лукі ў Рыме (1860). У 1861 на Рымскай выстаўцы адзначаны сярэбраным медалём. Працуючы ў Вільні, быў звязаны з рэв. коламі, прымыкаў да «чырвоных». У 1863 на Віленшчыне і ў Коўне ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64. У вер. 1863 арыштаваны, у студз. 1864 уцёк з ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, стварыў шмат графічных работ пра падзеі 1863. Вярнуўся ў 1866 на радзіму, арыштаваны і сасланы ў Вятку, дзе стаў настаўнікам будучых рус. мастакоў В. і А.Васняцовых. З 1871 у Варшаве, прадаўжаў маст. адукацыю ў школе Герсана. У 1883—86 працаваў у Парыжы. У жывапісных і графічных работах адлюстроўваў жыццё і побыт бел. і літ. народаў, іх гіст. мінулае (графічныя творы «Смерць Кейстута», «Сутычка літвінаў з крыжаносцамі», «Хрышчэнне язычнікаў», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Залёты шаўца»). Напісаў партрэт Ф.Багушэвіча. Ілюстрацыі да кніг А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Мальчэўскага, Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Э.Ажэшкі, У.Шэкспіра, Дж.Ф.Купера, зробленыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхн. лёгкасцю, багаццем фантазіі.
Літ.:
История русского искусства. Т. 9, кн. 2. М., 1965;
Andriolli — świadek swoich czasów: Listy i wspomnienia. Wrocław etc., 1976.
т. 1, с. 357
АНДРЫЖЫЕ́ЎСКІ Анатоль Альгертавіч
(н. 31.5.1944, г. Ульянаўск, Расія),
бел. вучоны ў галіне энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1969). З 1972 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1994 у Ін-це праблем энергетыкі АН Беларусі. Навук. працы па механіцы і цеплафізіцы дысперсных парагазавадкасных асяроддзяў, экалагічных аспектах узаемадзеяння энергет. і прыродных сістэм, міграцыі аэразольных выкідаў АЭС у аэра- і гідрасферах.
Тв.:
Динамическая устойчивость работы системы неэквивалентных парогенерирующих каналов // Диссоциирующие газы как теплоносители и рабочие тела АЭС. Мн., 1981.
т. 1, с. 358