Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1954.

Падпісана 19 кастр. ў Каіры. Прадугледжвала вывад англ. войскаў з зоны Суэцкага канала на працягу 20 месяцаў, давала Англіі права 7 гадоў карыстацца Суэцкай базай. Да чэрв. 1956 эвакуацыя англ. войскаў завершана. У сувязі з удзелам Англіі ў кастр.ліст. 1956 (разам з Францыяй і Ізраілем) у нападзенні на Егіпет яго ўрад 1.1.1957 ануляваў пагадненне, пазбавіўшы тым самым Англію ваен.-стратэг. пазіцый у Егіпце.

т. 1, с. 345

А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКІ ДАГАВО́Р 1936 аб дружбе і саюзе. Падпісаны 26 жн. ў Лондане. Пашыраў самастойнасць Егіпта ва ўнутр. і знешніх справах: скасоўваўся інстытут англ. саветнікаў пры ўрадзе Егіпта, павялічвалася егіп. армія, Англія абавязвалася падтрымаць хадайніцтва Егіпта аб уступленні ў Лігу Нацый, фармальна спынялася акупацыя Егіпта англ. войскамі. Адначасова дагавор захоўваў асн. ваен. пазіцыі англічан (у зоне Суэцкага канала ёй дазвалялася трымаць да 10 тыс. войска). Дэнансаваны Егіптам у 1951. Англія прызнала яго адмену па Англа-егіпецкім пагадненні 1954.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-ІРА́КСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ 1922, 1926, 1930, 1948, 1955.

Дагавор 1922, заключаны на 20 гадоў, фактычна аформіў мандатную залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі. Дагавор 1926 прадаўжаў тэрмін дзеяння папярэдняга да 1950 (калі Ірак да гэтага часу не стане чл. Лігі Нацый, што аўтаматычна пазбаўляла яго англ. мандата). Дагавор 1930 падпісаны на 25 гадоў, прадугледжваў адмену мандата і прызнаваў суверэнітэт Ірака (уступіў у сілу ў 1932 пасля прыняцця Ірака ў Лігу Нацый); фактычна захаваў залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі ў знешняй палітыцы і ваен. справах. Дагавор 1948 прадугледжваў стварэнне «камісіі сумеснай абароны», тэр. Ірака заставалася базай англ. узбр. сіл. Пагадненне 1955 захоўвала кантроль Англіі над іракскай арміяй і ваенна-паветр. базамі; англ. ваенна-паветр. сілы заставаліся ў Іраку. Дэнансавана 24.3.1959 урадам Іракскай рэспублікі пасля Іракскай рэвалюцыі 1958.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-ІРЛА́НДСКАЯ У́НІЯ 1801,

пагадненне аб саюзе Англіі і Ірландыі. Заключана 7.6.1800 у г. Дублін; набыло сілу 1.1.1801. Ініцыіравана Англіяй пасля задушэння ірл. паўстання 1798. Ірландыя станавілася часткай Злучанага каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі, яе парламент скасоўваўся, краіна магла пасылаць 100 дэпутатаў у палату абшчын і 32 — у палату лордаў брыт. парламента. Апошні атрымаў права выдаваць законы для Ірландыі, а англ. палата лордаў ператваралася ў вярх. апеляцыйную інстанцыю для ірл. судоў. Ірландыя стала англ. правінцыяй. Гэта выклікала новую хвалю нац.-вызв. руху ірландцаў, у т. л. выступленне ў 1803 пад кіраўніцтвам Р.Эмета.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-ІРЛА́НДСКІ ДАГАВО́Р 1921.

Падпісаны 6 снежня прадстаўнікамі ўрада Ірл. Рэспублікі і англ. ўрада. Заключаны ва ўмовах вызв. вайны ірл. народа (1919—21) супраць англ. ўладарання, меў кампрамісны характар. Паўд. і Цэнтр. Ірландыі (26 графстваў), якая стала называцца Ірл. Свабоднай дзяржавай, надаваўся статус дамініёна. Паўн. ч. краіны — Ольстэр — заставалася ў складзе Вялікабрытаніі. У 1949 Ірландыя (без Ольстэра) абвешчана рэспублікай.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1840—42

(т.зв. першая «опіумная» вайна),

агрэсіўная вайна Англіі супраць Кітая з мэтай захапіць рынак і дамагчыся паліт. ўплыву на Кітай. Зачэпкай да яе стала знішчэнне кіт. урадам вял. партыі кантрабанднага опіуму, канфіскаванага ў замежных гандляроў. Летам 1840 англ. войскі блакіравалі з мора кіт. парты, захапілі в-аў Сянган (Ганконг) і ў жн. 1842 наблізіліся да Нанкіна. Паводле Нанкінскага дагавора 1842 Англія атрымала в-аў Ганконг, значную кантрыбуцыю, 5 партоў Кітая сталі адкрытымі для англ. гандлю. Вайна была пачаткам ператварэння Кітая ў паўкалан. дзяржаву.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-МАЙСУ́РСКІЯ ВО́ЙНЫ,

вяліся англ. Ост-Індскай кампаніяй дзеля захопу інд. княства Майсур. У выніку першай (1767—69) і другой (1780—84) англа-майсурскіх войнаў Майсур захаваў сваю незалежнасць. У трэцяй англа-майсурскай вайне (1790—92) англічанам удалося перацягнуць на свой бок войскі маратхаў і княства Хайдарабад. Паводле Серынгапатамскага міру 1792 майсурцы аддалі саюзнікам амаль палавіну сваёй тэр., заплацілі кантрыбуцыю. У чацвёртай англа-майсурскай вайне (1799) англічане штурмам узялі сталіцу майсурцаў Серынгапатам і ператварылі Майсур у васальнае княства англ. кампаніі.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-МАРА́ТХСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць маратхскіх княстваў у Індыі. У выніку першай англа-маратхскай вайны (1775—82) княствам навязаны Салбайскі дагавор 1782, паводле якога англ. кампанія атрымала некаторыя землі маратхаў. У другой англа-маратхскай вайне (1803—05) маратхі страцілі ч. сваёй тэр. і прызналі сябе васаламі. У трэцяй англа-маратхскай вайне (1817—18) адны князі падпарадкаваліся англічанам, іншыя аказалі супраціўленне, аднак былі разгромлены. Значная ч. маратхскай тэр. была анексіравана англ. кампаніяй.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-РАСІ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1873, 1885, 1907 пра размежаванне сфер уплыву на Сярэднім Усходзе. Пагадненне 1873 аб «буферным» поясе ў Сярэдняй Азіі — вынік міжурадавых перагавораў у кастр. 1872 — студз. 1873. Размежавала сферы ўплыву Расіі і Вялікабрытаніі ў Сярэдняй Азіі і вызначыла паўн. граніцу афг. эмірата па р. Амудар’я. Пагадненне 1885 аб размежаванні афганскіх уладанняў падпісана ў Лондане 10 верасня. Урэгулявала рас.-афг. канфлікт 1885, выкліканы далучэннем Туркменіі да Расіі і звязаны з сутыкненнем рас. і афг. войскаў пры Ташкепры (на Пн ад Кушкі). Пагадненнем вызначаны склад англ.-рас. размежавальнай камісіі, якая ў 1887 устанавіла новую рас.-афг. граніцу па левым беразе Амудар’і. Пагадненне 1907 аб размежаванні інтарэсаў у Іране, Афганістане і Тыбеце падпісана 31 жн. ў Пецярбургу. Паводле яго Іран быў падзелены на тры зоны: паўн. (рас.), паўд. (англ.) і нейтральную — паміж імі; Расія фактычна прызнала брыт. пратэктарат над Афганістанам (пры ўмове непадзельнасці яго тэрыторыі); бакі прызнавалі тэр. цэласнасць і ўнутр. кіраванне Тыбета. Пагадненне практычна ўключала Расію ў Антанту; анулявана ўрадам Сав. Расіі ў студз. 1918.

т. 1, с. 346

А́НГЛА-САВЕ́ЦКА-ІРА́НСКІ ДАГАВО́Р 1942 аб саюзе. Падпісаны 29 студз. ў Тэгеране. Яго падпісанню папярэднічаў часовы ўвод сав. і англ. войскаў у Іран у жн.вер. 1941 з мэтай перашкодзіць фаш. Германіі выкарыстаць тэрыторыю і рэсурсы Ірана ў вайне супраць СССР і Англіі. Дагавор забяспечваў супрацоўніцтва Ірана з антыгітлераўскай кааліцыяй у 2-й сусв. вайне. СССР і Англія абавязваліся абараняць Іран ад агрэсіі з боку Германіі або інш. дзяржавы, не займаць пазіцыі, якая магла б пашкодзіць інтарэсам Ірана ва ўзаемаадносінах з інш. краінамі. Іран у сваю чаргу абавязваўся не ўсталёўваць адносін, несумяшчальных з дагаворам. Пасля заканчэння 2-й сусв. вайны войскі саюзнікаў выведзены з Ірана.

т. 1, с. 346