АЛАНТО́ІС
(ад грэч. allantoeidēs каўбасападобны),
адна з зародкавых абалонак вышэйшых пазваночных жывёл. У рэптылій і птушак зрастаецца з харыёнам і выконвае функцыі органа эмбрыянальнага дыхання і збору прадуктаў абмену рэчываў зародка. У млекакормячых у мезенхіме алантоіса ўтвараюцца сасуды пупавіны, пазней з унутрызародкавай яго часткі фарміруецца мачавы пузыр.
т. 1, с. 227
АЛАНХО́,
якуцкі гераічны эпас. Складаецца з многіх сказанняў, блізкіх паводле сюжэта, вобразаў і стылю, памерам 10—15 тыс. вершаваных радкоў. Частка тэксту — рытмізаваная проза і кароткія празаічныя ўстаўкі. Словы персанажаў спяваюцца, астатні тэкст выконваецца рэчытатывам, часта без інструмент. суправаджэння. Аланхо адлюстроўваюць рысы патрыярхальна-радавога ладу, міжрадавыя і міжплемянныя адносіны якутаў. У аснове сюжэтаў — барацьба асілкаў з племені айыы аймага са злоснымі аднарукімі ці аднаногімі пачварамі, абарона справядлівасці і мірнага жыцця. У аланхо паяднаны фантастыка і гіпербалізацыя ў паказе асілкаў з рэаліст. апісаннямі побыту, шматлікія міфы стараж. паходжання.
Літ.:
Пухов И.В. Якутский героический эпос олонхо. М., 1962.
т. 1, с. 227
АЛА́НЫ,
вялікі племянны саюз сармацкага паходжання. Жылі на Паўд. Урале, напаўкачэўнікі. У 1 ст. да н.э. прасунуліся ў паўд. стэпы. У 370-я г. разгромлены гунамі і адцеснены да Паўн. Каўказа. Частка аланаў рушыла на З, у 406 перайшла р. Рэйн, разам з вандаламі і свевамі ўварвалася ў рым. прав. Галію. У 411 заваявалі Іспанію, адкуль у 429 іх выцеснілі вестготы. Рэшткі разбітых аланаў і вандалаў заваявалі Паўн. Афрыку і ўтрымлівалі яе да 534. Удзельнічалі ў бітве на Каталаунскіх палях. Каўказскія аланы ў 7 ст. трапілі пад уладу хазараў. У пач. 10 ст. заснавалі самаст. дзяржаву Аланію. Да сярэдзіны 10 ст. склалі народнасць. Пасля манг.-тат. нашэсця ў канцы 1230-х г. мігрыравалі ў Грузію, Візантыю і Венгрыю; астатнія перайшлі далей у горы. Нашчадкі гэтых аланаў — сучасныя асеціны.
т. 1, с. 227
АЛАПАТРЫ́Я
(ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.
т. 1, с. 227
АЛАПОЛІПЛАІДЫ́Я
(ад ала... + поліплаідыя),
спадчынная змена ў клетках раслін, радзей жывёл, звязаная з кратным павелічэннем набораў храмасом, якія належаць розным відам або родам. Абумоўлена спантаннай або выкліканай у эксперыменце геномнай мутацыяй. Адбываецца найчасцей пры міжвідавой гібрыдызацыі. Мае асаблівае значэнне ў працэсах відаўтварэння ў раслін. Алапаліплоіды, якія ўтвараюцца праз цотнае павелічэнне храмасомных набораў пры скрыжаванні двух відаў або родаў, наз. амфідыплоідамі (напр., капусна-рэдзькавыя, аржана-пшанічныя, трыцікале і інш. выкарыстоўваюцца ў селекцыі).
т. 1, с. 227
АЛА́Р
(Aulard) Франсуа Віктор Альфонс (19.7.1849, Манброн, Францыя — 23.10.1928),
французскі гісторык. Замежны чл.-кар. Рас. АН (з 1924). Па адукацыі філолаг. Даследчык франц. рэвалюцыі 1789—94. У 1886—1922 узначальваў кафедру гісторыі Рэвалюцыі ў Сарбоне. У працы «Палітычная гісторыя Французскай рэвалюцыі. Паходжанне і развіццё дэмакратыі і рэспублікі» (1901) разглядаў ход рэвалюцыі з пазіцый ідэйнай барацьбы, лічыў перыяд Консульства працягам рэвалюцыі. З пач. 1900-х г. даследаваў праблемы эканам. і сац. гісторыі рэвалюцыі.
т. 1, с. 228
АЛАРМІ́ЗМ
(ад англ. alarm трывога, жах),
плынь у зах. навуцы і грамадскай думцы, прадстаўнікі якой сцвярджаюць пра фатальны, катастрафічны характар уздзеяння чалавека на прыроду, яго асаблівую небяспеку для далейшага развіцця чалавецтва і акцэнтуюць увагу на неабходнасці прыняцця неадкладных рашучых захадаў у мэтах аптымізацыі адносін у сістэме «прырода — грамадства». Рысы алармізму ў значнай ступені выявіліся ў дзейнасці ў 1970—80-я г. т.зв. «Рымскага клуба», членамі якога былі многія вядомыя вучоныя і дзеячы розных краін.
т. 1, с. 228
АЛА́РЫХ I
(Alaricus, Alarich; каля 370—410),
кароль вестготаў [395—410]. У 395 пранік у Фракію, захапіў Афіны, разбурыў Карынф, Аргас, Спарту, Рым. Імператар Аркадзій заключыў з ім мір і прызначыў намеснікам Ілірыі, дзе ў якасці федэратаў былі паселены вестготы. У 401 Аларых І узняў паўстанне, уварваўся ў Італію, але, разбіты Стыліхонам, адступіў. У 408 тройчы асаджаў Рым, 24.8.410 захапіў яго і разрабаваў. Памёр у Паўд. Італіі, рыхтуючыся да паходу ў Сіцылію і Афрыку.
т. 1, с. 228
АЛА́СЫ,
плоскія катлавінападобныя прасадкавыя паніжэнні ў раёнах шматгадовай мерзлаты Усх. Сібіры (Якуція) памерам ад дзесяткаў квадратных метраў да соцень квадратных кіламетраў. Глыб. 15—30 м. Узнікаюць ад раставання падземных ільдоў і апускання грунту (тэрмакарст і суфозія). Астаткавыя азёры. Лугі, стэпавая расліннасць. Сенажаці. Месцамі ўзараныя.
т. 1, с. 228
АЛА́Т,
ал-Лат, Алілат, Лат, Ілат, у старажытнаарабскай міфалогіі багіня неба і дажджу. У пантэоне арабаў Сірыйскай пустыні Алат — жаночая паралель Алаха, яго жонка і маці багоў. У г. Таіф, дзе Алат шанавалася як багіня-апякунка, знаходзіліся яе свяцілішчы, храм і ідал (белы гранітны камень з упрыгожаннямі).
т. 1, с. 228