АЛАНТО́ІС

(ад грэч. allantoeidēs каўбасападобны),

адна з зародкавых абалонак вышэйшых пазваночных жывёл. У рэптылій і птушак зрастаецца з харыёнам і выконвае функцыі органа эмбрыянальнага дыхання і збору прадуктаў абмену рэчываў зародка. У млекакормячых у мезенхіме алантоіса ўтвараюцца сасуды пупавіны, пазней з унутрызародкавай яго часткі фарміруецца мачавы пузыр.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)