Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТАРКТЫ́ДА,

мацярык у Паўднёвым паўшар’і, у межах Паўд. палярнага круга, займае цэнтр. частку Антарктыкі. Пл. 13 975 тыс. км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі (найб. Роса, Фільхнера, Роне і інш., агульнай пл. 1582 тыс. км²). Пастаяннага насельніцтва няма. Берагі Антарктыды (даўж. больш за 30 тыс. км) парэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы выш. 20—100 м. З боку Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. абмываюць Антарктыду моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена. У напрамку да Паўд. Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. У м. Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).

Ледавіковае покрыва і рэльеф. Антарктыда ўкрыта магутным шчытом мацерыковага лёду, не занята ледавікамі 0,2—0,3% тэр. (асобныя горныя вяршыні, хрыбты, невял. ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы). Агульная пл. зледзянення (пачалося 300 млн. г. назад) 2044 каля 12 000 тыс. км², аб’ём лёду 24 млн. км³. Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найб. — 4500 м. Антарктыда — самы высокі мацярык на Зямлі. Сярэдняя выш. з улікам ледавіковага покрыва 2040 м. Сярэдняя выш. карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная ч. ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая ч. Антарктыды — пласкагор’е. Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад м. Уэдэла да м. Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на Усх. і Заходнюю. Плато Савецкае займае цэнтр. ч. Усх. Антарктыды (выш. да 4000 м), на Пн паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнар. геафіз. года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і інш. Паверхня Зах. Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі горны масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін.

Геалагічная будова. Большая ч. Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы, у якіх ёсць бром, волава, марганец, малібдэн, радовішчы графіту, горнага хрусталю і інш.

Клімат Антарктыды кантынентальны антарктычны, халодны і суровы (гл. Антарктычны клімат). Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія т-ры зімой ад -20 да -30 °C на ўзбярэжжы і ад -60 да -70 °C ва ўнутр. раёнах; летам адпаведна ад -10 да -30 °C, -40 °C. Абсалютны мінімум т-ры -89,3 °C зафіксаваны ў цэнтр. ч. на ст. Усход (Полюс холаду Зямлі). Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтр. ч. Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год. Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць скорасці 50—60, часам 90 м/с.

Арганічны свет. Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Ёсць разнастайныя азёры (прэсныя і горка-салёныя). Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным п-ве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін). Фауна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, знойдзена некалькі відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).

Адкрыта Антарктыда 28.1.1820 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава. У пач. 20 ст. тут пабывалі Р.Скот, Э.Шэклтан, Р.Амундсен, Д.Моўсан і інш. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўд. полюса. У сувязі з Міжнар. геафіз. годам (1957—58) на мацерыку і прыбярэжных астравах створаны і дзейнічаюць 40 (1988) палярных станцый 16 краін свету, якія вядуць навук. даследаванні. Прававое становішча Антарктыды рэгулюецца Міжнар. дагаворам 1959.

Літ.:

Каменев В.М. Заповедная Антарктика. Л., 1986;

Бардин В. В горах и на ледниках Антарктиды. М., 1989.

В.Ю.Панасюк.

т. 1, с. 382

АНТА́РКТЫКА,

паўднёвая палярная вобласць Зямлі, якая ўключае мацярык Антарктыду і прылеглыя да яго ўчасткі Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў з астравамі. Мяжа Антарктыкі — паўн. размяшчэнне антарктычнага палярнага фронту, які праходзіць паміж 48° і 60° паўд. шыраты. Пл. каля 52,5 млн. км². Мацярык акружае шэльфавая паласа з глыбінямі да 500—600 м. Круты мацерыковы схіл на глыб. каля 3000 м зменьваецца шырокай паласой акіянскіх катлавін: Афрыканска-Антарктычнай, Аўстрала-Антарктычнай, Белінсгаўзена і Паўд.-Антыльскай з глыбінямі 5000—7000 м. Найглыбейшая частка — Паўд.-Сандвічаў жолаб (да 8428 м) з вял. сейсмічнасцю. На Пн ад катлавін Паўд.-Антыльскі і Афрыканска-Антарктычны хрыбты, Аўстрала-Антарктычнае і Паўд.-Ціхаакіянскае ўзвышша з тэктанічнымі разломамі і вулканічнымі масівамі. Антарктыка — найб. суровая вобласць Зямлі з нізкімі т-рамі паветра, снежнымі завірухамі, моцнымі вятрамі і туманамі. Мацярык — вобласць пастаяннага марозу. У субантарктычных раёнах сярэднія т-ры паветра самага цёплага месяца 10 °C, самага халоднага ад 0 да -10 °C. Ападкаў 300 — 500 мм каля ўзбярэжжа Усх. Антарктыды і да 1000 мм за год на паўн.-зах. узбярэжжы Антарктычнага п-ва і субантарктычных астравах. Т-ра антарктычных водаў ад -1,8 да 2 °C зімой і ад -1,2 да 3,5 °C летам. Салёнасць каля 34%о. На паўн. перыферыі Антарктыкі магутнае антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне (пераносіць ваду на У), у 60-х шыротах сістэма стацыянарных цыкланічных кругаабаротаў антарктычнага цячэння (пераносіць ваду на З, уздоўж узбярэжжа Антарктыды). Плошча, занятая марскімі льдамі, у канцы зімы 18—19 млн. км², летам 2—3 млн. км². Характэрны сталовыя айсбергі. Арганічны свет антарктычнай сушы вельмі бедны, у акіянах — багаты. На астравах тундравая расліннасць (імхі, лішайнікі, парасонавыя, некаторыя злакі і інш.). Шмат марскіх птушак — пінгвіны, буравеснікі, паморнікі, альбатросы, белы сявец, конік антарктычны і інш. У марской фауне кіты (фінвал, гарбач, сіні кіт, сейвал), ластаногія (марскі слон, марскі леапард, цюлені Уэдэла, Роса, крабаед, маржы), донныя арганізмы (ігласкурыя губкі, імшанкі і інш.). Рыбы сям. нататэніевых, ёсць анчоўсы, камбала і інш.

Міжнародны дагавор 1959 устанаўлівае, што тэр. Антарктыкі — нейтральная і дэмілітарызаваная зона, якая выкарыстоўваецца ў мірных мэтах пры поўнай свабодзе навук. даследаванняў.

Літ.:

Трешников А.Ф. Антарктика: исследования, открытия. Л., 1980;

Слевич С.Б. Антарктика в современном мире. М., 1985.

т. 1, с. 383

АНТАРКТЫ́ЧНАЕ ПАВЕ́ТРА,

антарктычныя паветраныя масы, палярныя паветраныя масы, якія фарміруюцца над Антарктыдай, водамі, што яе акружаюць, і льдамі акіяна. Падзяляецца на кантынентальнае антарктычнае паветра, якое доўга знаходзіцца над халодным мацерыком і набывае самыя нізкія на Зямлі т-ры, высокую празрыстаць і сухасць, характэрныя для Антарктычнага антыцыклону, і марское, што ўзнікае над акіянам, менш халоднае і нясе больш вільгаці. Уплывае на клімат паўд. частак Аўстраліі, Паўд. Амерыкі і Сусв. акіяна.

т. 1, с. 384

АНТАРКТЫ́ЧНАЯ ПЛАТФО́РМА,

старажытная дакембрыйская тэктанічна стабільная структура зямной кары, якая займае ўсх. частку Антарктыды. Адносіцца да платформаў Гандванскай групы. На З абмежавана байкалідамі Трансантарктычных гор. Пл. каля 8 млн. км2. Магутнасць зямной кары каля 40 км. Крышталічны фундамент мае архейскі ўзрост і складзены з парод гранулітавай і амфібалітавай фацый метамарфізму (эндэрбіты, чарнакіты, гнейсы, крышт. сланцы), якія прарваны інтрузіямі магматычных парод. Пароды фундамента выходзяць на падледавіковую паверхню ўздоўж узбярэжжа, адкуль паступова апускаюцца ў бок Трансантарктычных гор. Платформавы чахол пашыраны ў зах. частцы (магутнасць 3000—4000 м). Пераважаюць рыфейска-ніжнепалеазойскія вулканагенна-асадкавыя пароды (магутнасць да 2000 м), якія ўтвараюць дэпрэсіі на З і аўлакагены на У. Верхнепалеазойскія пароды на антарктычнай платформе развіты спарадычна (кангламераты, пясчанікі, каменныя вугалі пермскага ўзросту, агульнай магутнасцю да 1300 м). Верхнюю частку чахла складаюць сярэдняюрскія базальты, магутнасць якіх дасягае 1500 м.

М.А.Нагорны.

т. 1, с. 384

АНТАРКТЫ́ЧНЫХ ПУСТЫ́НЯЎ ЗО́НА,

самая паўднёвая зона сушы ў межах антарктычнага пояса. Ахоплівае Антарктыду і сумежныя а-вы. Ландшафты антарктычных пустыняў зоны фарміруюцца ва ўмовах пастаянна нізкіх т-р паветра і распаўсюджвання ледавіковага покрыва. Пераважаюць ледзяныя пустыні, у прыбярэжных раёнах у антарктычных аазісах і на астравах — камяністыя пустыні.

т. 1, с. 385

АНТАРКТЫ́ЧНЫЯ АА́ЗІСЫ,

свабодныя ад ледавіковага покрыва ўчасткі краявой зоны Антарктыды. Плошча ад некалькіх дзесяткаў да соцень квадратных кіламетраў (аазіс Бангера 952 км²). Размешчаны ўнутры вобласці ледавіковай акумуляцыі, акаймаваны зонай абляцыі. Для антарктычных аазісаў характэрны спецыфічны прыродны комплекс (мясцовы менш суровы клімат, ландшафты халодных пустыняў, шмат азёраў, арганічнае жыццё прымітыўнае, крыягенна-структурныя глебы). Раслінны свет: імхі, лішайнікі, прэснаводныя водарасці; жывёльны свет: птушкі — буравеснікі, паморнікі, у асобных антарктычных аазісах — пінгвіны. У антарктычных аазісах — большасць палярных навук. станцый.

т. 1, с. 385

АНТАРКТЫ́ЧНЫ АНТЫЦЫКЛО́Н,

вобласць высокага атм. ціску над Усх. Антарктыдай. Праяўляецца на працягу ўсяго года. Асабліва ўстойлівы зімой (чэрв.жн.), калі ў час палярнай ночы мацярык моцна выхалоджваецца (т-ра ледавіковага покрыва апускаецца да -55 °C, паветра — да -89,3 °C). На перыферыі антарктычных антыцыклонаў слабыя ўсх. вятры, якія ў зоне ледавіковага схілу ператвараюцца ў сцёкавыя і ўраганныя. Найб. ціск у цэнтры антарктычнага антыцыклону на плато Савецкае (4000 м над узр. м.). Пераважае бязвоблачнае, вельмі халоднае і сухое надвор’е. Назіраецца асяданне паветра ў працэсе кампенсацыі сцёку яго з мацерыка. На вышыні антарктычны антыцыклон замяшчаецца каляпалярнай дэпрэсіяй — зонай нізкага ціску.

т. 1, с. 384

АНТАРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

клімат Антарктыды і прылеглых да яе акіянскіх прастораў (Антарктыкі). Над мацерыком надзвычай суровы. Т-ра паветра на працягу года адмоўная: летам у студз. да -13,6 °C, зімой у ліп. -60...-70 °C, на полюсе холаду (ст. Усход) самая нізкая на Зямлі — каля -90 °C. Ападкаў за год менш за 100 мм. Надвор’е вызначаецца Антарктычным антыцыклонам. Большая частка сонечнай радыяцыі адбіваецца снегавым покрывам (альбеда каля 85%), вял. страты цяпла даўгахвалевым выпрамяненнем з-за высокага становішча паверхні над узр. мора. На ўзбярэжжы т-ра паветра летам павышаецца да 0, +5 °C, гадавая сума ападкаў да 700—1000 мм, моцныя сцёкавыя і ўраганныя (40—60 м/с) вятры. Клімат акіянскіх прастораў Антарктыкі характарызуецца рэзкімі ваганнямі ціску, частымі цыклонамі, параўнальна аднароднымі т-рамі паветра.

т. 1, с. 384

АНТАРКТЫ́ЧНЫ ПАЎВО́СТРАЎ

(да 1961 Зямля Грэяма),

частка тэрыторыі Антарктыды, выцягнутая на Пн у напрамку Паўд. Амерыкі паміж морамі Уэдэла і Белінсгаўзена. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. Выш. да 4191 м. Цэнтральная ч. — ледавіковае плато выш. 1500—2000 м; на ўзбярэжжах горныя масівы, месцамі свабодныя ад лёду. Клімат антарктычны (пад уплывам акіяна менш суровы, чым на мацерыку). На паўн.-зах. узбярэжжы зрэдку трапляюцца каля 10 відаў дробных травяністых кветкавых раслін. На Антарктычным паўвостраве антарктычныя навук. станцыі Вялікабрытаніі, Аргенціны, Чылі.

т. 1, с. 384

АНТАРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС,

самы паўднёвы геагр. пояс Зямлі. Уключае Антарктыду з прылеглымі астравамі і воды акіянаў, якія яе абмываюць. Займае 5% плошчы зямнога шара (амаль палавіна прыпадае на антарктычных пустыняў зону). Мяжу антарктычнага пояса звычайна праводзяць па ізатэрме 5 °C, самага цёплага месяца (студз. ці лютага). Характарызуецца адмоўнымі ці нізкімі дадатнымі значэннямі радыяцыйнага балансу, панаваннем антарктычных паветраных масаў, антарктычным кліматам, доўгай палярнай ноччу, халоднымі паверхневымі водамі, перавагай на сушы ландшафтаў зоны арктычных пустыняў, значнай ледавітасцю акіяна. Гл. Антарктыка.

т. 1, с. 384