Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСЭ́САР

(лац. assessor),

службовая або судовая пасада (засядацель, прысудак лаўнік). У Стараж. Рыме асэсарам называлі засядацеля. Пазней у некаторых краінах Еўропы асэсарамі былі асобы, якія займалі суд. і адм. пасады. У ВКЛ і Польшчы з сярэдзіны 15 да 18 ст. Асэсары з’яўляліся засядацелямі земскага, вечавога, асэсарскага і інш. судоў. Асэсарскі суд, напрыклад, разглядаў апеляцыі мясц. судоў. Асэсар займаўся і справамі адм. кіравання.

т. 2, с. 64

АСЯРО́ДАК,

намнажэнне алювіяльных наносаў у рэчышчы ракі ў выглядзе невысокіх затопленых або часткова аголеных астравоў. Звычайна без расліннасці. Форма асяродку падоўжаная, выцягнутая па цячэнні, пл. да некалькіх дзесяткаў, радзей соцень квадратных метраў. Падзяляюць рэчышча на рукавы, паступова рухаюцца ўніз па цячэнні ракі (ніжняя ч. намываецца, верхняя размываецца). Замацаванне асяродку расліннасцю прыводзіць да ператварэння яго ва ўстойлівы востраў. Трапляюцца пераважна на рэках паўд. ч. Беларусі (на Прыпяці, Дняпры, Сажы, Іпуці і інш.). Месца гнездавання птушак.

т. 2, с. 64

АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі, сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.

т. 2, с. 64

АСЯТРЫ́

(Acipenser),

род прахадных, паўпрахадных і прэснаводных рыб сям. асятровых. 17 відаў, водзяцца ў морах і рэках басейнаў Атлантычнага, Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. Да роду асятроў адносяцца сцерлядзь, сяўруга, шып, асётр рускі (Acipenser güldenstädti), якія жывуць у басейнах Азоўскага, Каспійскага і Чорнага мораў, асётр сібірскі (Acipenser baeri) — у рэках Сібіры, азёрах Байкал і Зайсан, асётр амурскі (Acipenser schrencki) — у бас. Амура, рэдкі від асётр атлантычны, або асётр балтыйскі (Acipenser sturio), — у басейнах Балтыйскага, Міжземнага і Чорнага мораў. Іншыя віды асётра жывуць у прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў Паўн. Амерыкі, у Вялікіх азёрах, Кітаі (р. Янцзы), у водах паўд. ч. Японскага м., у Адрыятычным м. У рэкі Беларусі раней заходзілі асётр атлантычны і асётр рускі. З пабудовай плацін на рэках міграцыі іх спыніліся.

Даўж. да 3 м, маса да 200 кг. Асятры — вельмі каштоўныя прамысл. рыбы, маюць чорную ікру (далікатэсны прадукт). Найб. колькасць асятроў вылоўліваецца ў Каспійскім м. Асётр рускі і сяўруга — аб’екты штучнага развядзення. 3 паўночнаамерыканскія віды асятра занесены ў Чырв. кнігу МСАП, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі (раней у ёй былі таксама асётр атлантычны і асётр рускі, выключаныя з кнігі з прычыны поўнага знікнення з іхтыяфауны Беларусі).

т. 2, с. 64