Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАХЛО́Ў Рэм Віктаравіч (15.7.1926, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 8.8.1977),

савецкі фізік, адзін з заснавальнікаў нелінейнай оптыкі. Акад. АН СССР (1974, чл.-кар. 1966). Скончыў Маскоўскі ун-т (1948), дзе і працаваў (з 1973 рэктар). Навук. працы па нелінейнай оптыцы, радыёфізіцы, акустыцы, квантавай электроніцы. Распрацаваў матэм. апарат нелінейнай оптыкі і нелінейнай акустыкі. Прапанаваў параметрычны генератар і ўзмацняльнік святла (1962, з С.​А.​Ахманавым), стварыў параметрычны лазер з пераналаджвальнай частатой (1965), лазеры ультрафіялетавага дыяпазону на сцынтылятарах (1969, разам з інш.). Пабудаваў класічную тэорыю вымушанага камбінацыйнага рассеяння святла (1963—64). Устанавіў магчымасць стымулявання хім. рэакцый з дапамогай лазернага выпрамянення (1967), чым заклаў асновы селектыўнай лазернай фотахіміі. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1985. Яго імем названа вяршыня на Паміры.

Тв.:

Проблемы нелинейной оптики: (Электромагнитные волны в нелинейных диспергирующих средах). М., 1965 (разам з С.​А.​Ахманавым).

Літ.:

Григорьев В.И. Р.​В.​Хохлов. М., 1981;

Академик Р.​В.​Хохлов. М., 1982.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 16, с. 563

ХАХО́Л Мікалай Рыгоравіч (5.1.1948, в. Чырвоная Зорка Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1997),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1971). Трэнер спарт. т-ва «Працоўныя рэзервы» (1975—80), трэнер-выкладчык Мінскага аблсавета «Дынама» (1980—82), прафес.-тэхн. вучылішчаў (1982—85), дырэктар і інструктар-метадыст спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ па веславанні (1990—94). Чэмпіён свету і Еўропы на байдарцы-адзіночцы ў эстафеце 4×500 м (1970, Капенгаген) і на дыстанцыі 500 м (1971, Бялград), бронз. прызёр на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м. Чэмпіён свету (1973, Тамерэ, Фінляндыя) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м, сярэбраны прызёр на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён СССР (1971, 1973) на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 500 м і на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м; на байдарцы-двойцы ў эстафеце 4×500 м (1973); на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м (1974). Чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1971) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 564

ХАХРАКО́Ў Сямён Васілевіч (31.12.1915, с. Каелга Еткульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія — 17.4.1945),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваенна-паліт. вучылішча (1939), курсы пры Вышэйшай бранятанк. школе (1943). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол (1939). У Вял. Айч. вайну ваенком, нам. камандзіра, камандзір танк. батальёна на Зах., Калінінскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік баёў пад г. Баранавічы (1941). Вызначыўся ў сак. 1944, калі ўмела кіраваў батальёнам у баях каля г. Праскураў (цяпер г. Хмяльніцкі, Украіна); пры фарсіраванні р. Ніда, Піліца, Варта, пры вызваленні г. Чанстахоў (1945). Х. загінуў у баі.

С.В.Хахракоў.

т. 16, с. 564

ХАХРАКО́Ў Фёдар Паўлавіч (1.3.1925, с. Югаўское Кунгурскага р-на Пермскай вобл., Расія — 21.7.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў артыл. вучылішча (1944). На фронце з 1944. Камандзір узвода знішчальна-процітанкавага артыл. палка малодшы лейтэнант Х. вызначыўся пры вызваленні Брэсцкай вобл. 18—21.7.1944 у баях каля в. Відамля Камянецкага р-на яго ўзвод падбіў 4 танкі праціўніка, знішчыў 6 агнявых пунктаў. Калі гітлераўцы акружылі сав. воінаў, Х. прыкрыў адыход параненых. Загінуў у гэтым баі.

Ф.П.Хахракоў.

т. 16, с. 564

ХАХУ́ЛЯ (Desmana maschata),

млекакормячая жывёла сям. кратовых атр. насякомаедных (па інш. сістэматыках — падсям. або сям. хахулевых). Пашырана ў бас. рэк Волга, Дон, Урал.

Эндэмік. Жыве ў поймавых старыцах, затоках, па берагах невял. рэк і азёр у норах. На Беларусі ў 18 ст. траплялася ў р. Беседзь, з 1955 — у р. Асцёр на тэр. Клімавіцкага і Крычаўскага р-наў Магілёўскай вобл. У 1955—62 выпушчана 580 Х. у рэкі Сож і Пціч. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 18—22, хваста 17—20 см, маса да 520 г. Футра густое, мяккае, не намакае, спіна буравата-карычневая, бруха серабрыстае. Морда выцягнута ў хабаток. Заднія лапы большыя за пярэднія, паміж пальцамі плавальныя перапонкі. Хвост сціснуты з бакоў, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валасамі. Корміцца малюскамі, лічынкамі насякомых, п’яўкамі, рыбай, расліннасцю. 2 прыплоды за год па 1—2 дзіцяняці.

Хахуля.

т. 16, с. 564

ХАЦЕ́ЖЫНА,

вёска ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Валожын. Цэнтр сельсавета. За 16 км на З ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Ратамка. 936 ж., 318 двароў (2002). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 16, с. 564

ХАЦЕ́НЧЫЦКІ БОЙ 1943,

бой партызанскай брыгады імя М.​Фрунзе (камандзір А.​М.​Захараў) па разгроме гарнізона ням. фашыстаў у в. Хаценчыцы Вілейскага р-на Мінскай вобл. 23 чэрв. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон (каля 100 гітлераўцаў, узброеных гарматай, 2 мінамётамі, 12 кулямётамі), умацаваны палосамі траншэй, калючым дротам і 5 дзотамі, глыбока ўкліньваўся ў партыз. зону, пастаянна праводзіў карныя і грабежніцкія ў адносінах да насельніцтва акцыі. Сілы партызан (480 байцоў) увечары, сканцэнтраваўшыся ў лесе, нанеслі нечаканыя ўдары, падавілі агонь гарматы і дзотаў, поўнасцю разграмілі гарнізон. У выніку бою партызаны расчысцілі раён для дзеянняў брыгады на 120 км; гарнізон акупантамі так і не быў адноўлены.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 613.

У.​С.​Пасэ.

т. 16, с. 564

ХАЦЕ́НЧЫЦЫ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 52 км на ПдУ ад г. Вілейка, 70 км ад Мінска, 23 км ад чыг. ст. Уша. 95 ж., 48 двароў (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.

Вядомы з 1470 як маёнтак М.​Радзівіла Старога, потым уладанне Рагозаў, Рымшаў, Высоцкіх і інш. У 1550 дзейнічала царква. У 1800 у вёсцы 63 ж., 8 двароў. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав., 28 ж., царк.-прыходская школа, царква, млын. У пач. 20 ст. 17 ж., нар. вучылішча. З 1940 цэнтр сельсавета Ільянскага.з 1957 Вілейскага р-наў Мінскай вобл. У Вял. Айч. вайну адбыўся Хаценчыцкі бой 1943. Знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.

Н.​А.​Яфімава.

т. 16, с. 564

ХАЦІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1621.

Адбылася ў вер.—кастр. 1621 каля замка Хацін на Днястры (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобл., Украіна) паміж войскамі Рэчы Паспалітай з аднаго боку, Турцыі і Крымскага ханства — з другога. Вайну пачала ў 1620 Турцыя з мэтай захопу ўкр. і польск. зямель. У вер.-кастр. 1620 туркі разбілі пад Цацорай польскае войска, у склад якога ўваходзілі ўкр. рэестравыя казакі. Вясной 1621 тур. войска (каля 150 тыс. чал.) накіравалася ў Малдову, да яго далучылася каля 60 тыс. крымскіх татар. Насустрач ім рушыла аб’яднанае войска Польшчы і ВКЛ (каля 30 тыс. чал., у т. л. з ВКЛ каля 11 тыс. чал.) пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ Я.К.Хадкевіча (гл. ў арт. Хадкевічы). У вер. 1621 Хадкевіч размясціў сваю армію ўмацаваным лагерам каля закінутага Хацінскага замка такім чынам, каб Днестр адрэзаў шляхі да адступлення. Да яго далучыліся ўкр. казакі (каля 40 тыс. чал.) пад камандаваннем гетмана П.​Канашэвіча-Сагайдачнага. 2.9.1621 пад Хацін падышла тур. армія на чале з султанам Асманам II і адразу атакавала лагер. Штурмы паўтараліся на працягу месяца, найб. значныя адбыліся 2, 4, 7, 15, 28 верасня. Войскі Рэчы Паспалітай рабілі ўдалыя контратакі і вылазкі. 24.9.1621 Хадкевіч памёр. Перад смерцю камандаванне войскам ён перадаў С.​Любамірскаму. У баях, якія доўжыліся да 3.10.1621, туркі панеслі вялізныя страты (да 80 тыс. чал.) і былі вымушаны прызнаць паражэнне. 9.10.1621 заключаны мір, які ўстанавіў граніцу па Днястры і гарантаваў Рэчы Паспалітай бяспеку ад турэцкіх і татарскіх нападаў.

Літ.:

Чарняўскі М. Правадыр крылатых вершнікаў.: Ян Кароль Хадкевіч. Мн., 1998.

В.​С.​Пазднякоў.

Хацінская бітва 1621. Гравюра.

т. 16, с. 564

ХАЦІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1673.

Адбылася 11 ліст. каля замка Хацін на Днястры (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобл., Украіна) паміж войскам Рэчы Паспалітай пад камандаваннем вял. кароннага гетмана Я.​Сабескага (каля 40 тыс. чал.) і войскам Турцыі на чале з Гусейнам-пашою (каля 35 тыс. чал.) у час вайны 1672—76 супраць Турцыі. У выніку бітвы тур. армія знішчана (яна атабарылася за ўмацаваннямі старога лагера войска Рэчы Паспалітай, што застаўся з часоў Хацінскай бітвы 1621). Перамога садзейнічала абранню ў 1674 на трон Рэчы Паспалітай Сабескага (гл. Ян III Сабескі).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 564