ХАХЛО́Ў Рэм Віктаравіч (15.7.1926, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 8.8.1977),
савецкі фізік, адзін з заснавальнікаў нелінейнай оптыкі. Акад. АН СССР (1974, чл.-кар. 1966). Скончыў Маскоўскі ун-т (1948), дзе і працаваў (з 1973 рэктар). Навук. працы па нелінейнай оптыцы, радыёфізіцы, акустыцы, квантавай электроніцы. Распрацаваў матэм. апарат нелінейнай оптыкі і нелінейнай акустыкі. Прапанаваў параметрычны генератар і ўзмацняльнік святла (1962, з С.А.Ахманавым), стварыў параметрычны лазер з пераналаджвальнай частатой (1965), лазеры ультрафіялетавага дыяпазону на сцынтылятарах (1969, разам з інш.). Пабудаваў класічную тэорыю вымушанага камбінацыйнага рассеяння святла (1963—64). Устанавіў магчымасць стымулявання хім. рэакцый з дапамогай лазернага выпрамянення (1967), чым заклаў асновы селектыўнай лазернай фотахіміі. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1985. Яго імем названа вяршыня на Паміры.
Тв.:
Проблемы нелинейной оптики: (Электромагнитные волны в нелинейных диспергирующих средах). М., 1965 (разам з С.А.Ахманавым).
Літ.:
Григорьев В.И. Р.В.Хохлов. М., 1981;
Академик Р.В.Хохлов. М., 1982.
М.М.Касцюковіч.
т. 16, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)