Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНКЛА́Ў,

энклаў (франц. enclave ад лац. inclavare замыкаць на ключ), частка тэр. адной дзяржавы, з усіх бакоў акружаная тэр. іншай дзяржавы (напр., Сан-Марына на тэр. Італіі). Калі анклаў мае выхад да мора, яго наз. паўанклавам (напр., правінцыя Кабінда ў Анголе).

т. 1, с. 374

АНКО́ЛЬ,

від кароткатэрміновага крэдыту, які выдаецца банкам на няпэўны тэрмін з прадастаўленнем пазычальніку права выкарыстоўваць гэты крэдыт паступова. Выдаецца па першым патрабаванні крэдытора. Выкарыстоўваецца банкамі для падтрымання неабходнага ўзроўню іх ліквіднасці. Анколь, як правіла, забяспечваецца залогам тавараў, вэксаляў і каштоўных папер. Ад звычайнай пазыкі адрозніваецца тым, што сума доўгу і сума забеспячэння маюць бягучы характар і па патрабаванні кожнага з бакоў у любы момант можа быць спынены. Пазычальнік плаціць банку працэнты толькі за фактычна ўзятыя сумы. У знешнім гандлі анколь прадугледжвае пастаўку тавару з фіксацыяй цаны, якая вызначаецца на аснове каціроўкі адпаведнай біржы ў выбраныя пакупніком дні.

Г.І.Краўцова.

т. 1, с. 374

АНКО́НА

(Ancona),

горад і порт на У Цэнтр. Італіі, на Адрыятычным моры. Адм. ц. правінцыі Анкона і вобласці Марке. 104 тыс. ж. (1990). Машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне), нафтаперапр., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць муз. інструментаў, маёлікі, вырабаў са шкла. Рыбалоўства. Ун-т. Нац. музей вобласці Марке, карцінная галерэя. Помнікі ант. і сярэдневяковай архітэктуры: трыумфальная арка Траяна (пасля 115), раманскія і гатычная пабудовы 12—15 ст. Бальнеалагічны курорт. Ваенна-марская база.

т. 1, с. 374

АНО́Д

(ад грэч. anodos узыходжанне),

1) дадатны полюс (клема) крыніцы эл. току (гальванічнага элемента, акумулятара, эл. машыны). Ад анода ў знешнім эл. ланцугу накіраваны эл. ток.

2) Дадатны электрод электравакуумных і іонных прылад, звычайна выраблены з тугаплаўкіх металаў (тантал, малібдэн, чэрнены нікель), калі ахаладжэнне прымусовае — з медзі; іонных прылад — з матэрыялаў з малой другаснай эмісіяй (графіт, жалеза).

3) Дадатны полюс электрычнай дугі, электралітычнай ванны (гл. ў арт. Электроліз).

т. 1, с. 374

АНО́Н,

рака ў Манголіі і Чыцінскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Пры зліцці з р. Інгада ўтварае р. Шылка. Даўж. 1032 км, пл. бас. 96,2 тыс. км². Пачынаецца на нагор’і Хэнтэй, цячэ пераважна па ўзвышаных стэпавых раўнінах. Жыўленне ў асн. снегавое. Частыя летнія паводкі. Ледастаў з ліст., на перакатах перамярзае. Крыгалом у канцы крас.пач. мая. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 191 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння і прамысл. водазабеспячэння.

т. 1, с. 374

АНО́НС

(франц. annonce),

папярэдняя аб’ява пра будучыя аўкцыёны, выстаўкі-продажы, спектаклі, радыё- і тэлеперадачы і інш.

т. 1, с. 374

АНО́ПАЛЬ,

вёска ў Беларусі, у Крупіцкім с/с Мінскага р-на. За 25 км на Пд ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Міханавічы. 498 ж., 162 двары (1995). Цэнтр эксперым. базы «Анопаль». Б-ка, клуб. Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст.

т. 1, с. 374

АНО́САЎ Павел Пятровіч

(1799, С.-Пецярбург — 25.5.1851),

рускі металург. Скончыў Горны кадэцкі корпус (1817). Працаваў на златаустаўскіх і алтайскіх з-дах. Раскрыў страчаны ў сярэднія вякі сакрэт вырабу булатнай сталі (1837). Распрацаваў новыя спосабы атрымання высакаякаснай сталі праз навугляроджванне жалеза ў тыглі. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў на ўласцівасці сталі. Адкрыў метады мікрааналізу структуры металаў з дапамогай мікраскопа.

Тв.:

Собл. соч. М., 1954.

Літ.:

Прокошкин Д.А. П.П.Аносов, 1799—1851. М., 1971.

т. 1, с. 374

АНО́ФЕЛЕС,

гл. Малярыйныя камары.

т. 1, с. 374

АНО́ХІН Пётр Кузьміч

(26.1.1898, Валгаград — 6.3.1974),

рускі сав. фізіёлаг. Акад. АН СССР (1966), акад. АМН СССР (1945). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Скончыў Ленінградскі ін-т мед. ведаў (1926). У 1921—30 працаваў у У.М.Бехцерава і І.П.Паўлава (Ленінград), пазней у біял. і мед. установах АМН СССР, з 1950 у Ін-це нармальнай і паталаг. фізіялогіі АМН СССР і інш. Адзін з заснавальнікаў нейракібернетыкі. Навук. працы па нейрафізіял. механізмах вышэйшай нерв. дзейнасці. Ленінская прэмія 1972. Залаты медаль імя І.П.Паўлава АН СССР 1968.

Тв.:

Кибернетика и интегративная деятельность мозга // Вопр. психологии. 1966. № 3;

Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.

Літ.:

Квасов Д.Г., Федорова-Грот А.К. Физиологическая школа И.П.Павлова. Л., 1967.

т. 1, с. 374