АНІ́СІМАЎ Іван, збройнік 17 ст., майстар шабельнай справы. Родам з Глыбокага (Віцебская вобл.). Разам з інш. бел. майстрамі працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1662—65 па загадзе цара вучыўся ў Астрахані «рабіць чаркаскія шаблі». Вярнуўшыся, разам з 7 «таварышчы» зрабіў «5 ножан шабельных на чаркаскае дзела з меднаю аправаю мінулага».
т. 1, с. 371
АНІ́СІМАЎ Насонка, разьбяр па дрэве 17 ст. Родам з Беларусі. Працаваў у Майстарскай палаце Маскоўскага Крамля. У 1648 разам з інш. бел. майстрамі «рабіў палаці і ставіў іканастасы» ў Данской царкве.
т. 1, с. 371
АНІСІ́ФАР
(прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),
мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял. кн. ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжонцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.
М.В.Нікалаеў.
т. 1, с. 371
АНІ́СКАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета. За 33 км на ПдУ ад Кобрына, 85 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Антопаль. 272 ж., 95 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка.
т. 1, с. 372
АНІСКО́ВІЧ Уладзімір Ігнатавіч
(н. в. Гасцілавічы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Мінскім трамвайна-тралейбусным упраўленні, на радыё, у прэсе, выдавецтвах. Пераклаў з балг. мовы раманы І.Давыдкава «Белы конь за акном» (1981), А.Гуляшкі «Вандроўнік блукае па свеце» (1988), аповесці С.Страціева «Кароткае сонца» (1979), Г.Мішава «Зроблена ў правінцыі» (1981), П.Вежынава «Вышэй за ўсё» і «Бар’ер» (1983), творы для дзяцей Б.Апрылава, І.Мілева, І.Радзічкава, А.Стаянава, Н.Хайтава і інш. Выступае з артыкуламі па пытаннях бел. л-ры, праблемах прозы.
т. 1, с. 372
АНІСО́ВІЧ Генадзь Анатолевіч
(н. 25.8.1932, Мінск),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Акад. АН Беларусі (1984, чл.-кар. 1972), д-р тэхн. н. (1970), праф. (1981). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1955). З 1960 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі, з 1970 дырэктар Магілёўскага аддз. гэтага ін-та, з 1992 — Ін-та тэхналогіі металаў АН Беларусі (Магілёў). Навук. працы па тэхналогіі металаў, цеплафізіцы ліцейных працэсаў, цеплавых асновах тэхналогіі металаў пры фазавых пераўтварэннях. Распрацаваў метады вызначэння тэрмафіз. уласцівасцяў металаў, сплаваў і фармовачных сумесяў, новыя спосабы атрымання адлівак і загатовак з чорных і каляровых сплаваў у спец. відах ліцця (намарожваннем, у какіль і інш.).
Тв.:
Охлаждение отливки в комбинированной форме. М., 1969 (разам з М.П.Жмакіным);
Затвердевание отливок. Мн., 1979.
т. 1, с. 372
АНІ́С ПАЛАСА́ТЫ,
аніс шэры, аніс зялёны, старадаўні паволжскі сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў Паволжы і сярэдняй паласе ўсх. ч. Еўропы. На Беларусі вырошчваюць пераважна ў Магілёўскай, часткова ў Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абл., таксама трапляюцца інш. сарты анісу — пунсовы, ружаватапаласаты (Магілёўская вобл.) і аксамітавы (Віцебская вобл.), якія адрозніваюцца памерамі, афарбоўкай і часам выспявання пладоў.
Дрэвы выш. 5—8 м, даўгавечныя (жывуць да 100—120 гадоў). Плады масай каля 70 г, сярэдняга памеру, плоскай або плоска-акруглай формы, сакавітыя, з кісла-салодкім смакам і характэрным «анісавым» пахам, суцэльнай ярка-кармінавай афарбоўкі або паласатай па светла-зялёна-жоўтым фоне. Мякаць зеленавата-белая, дробназярністая. Непатрабавальны да глебы, мароза- і засухаўстойлівы, высокаўраджайны сорт (на Беларусі сярэдні ўраджай 160 кг з дрэва). Пладаносіць ва ўзросце 6—8 гадоў. Плады збіраюць у канцы верасня (захоўваюцца да лютага, сакавіка і пазней). Спажываюць свежыя і мочаныя, таксама сушаць, кансервуюць, робяць з іх віно, вараць варэнне. Пашкоджваюцца пладовай гніллю і паршою.
т. 1, с. 371
АНІ́ЧА
(Onitsha),
горад у Нігерыі, адзін з гал. партоў на р. Нігер. 220 тыс. ж. (1975). Трансп. вузел. Буйны гандл. цэнтр (плады алейнай пальмы, маніёку, ямс). Вытворчасць алею. Прадпрыемствы па вытв-сці тэкстылю, паперы, шын, аўтазапчастак, харчасмакавай прам-сці.
т. 1, с. 372