Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТА́НТА МАЛА́Я,

палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац. пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.

т. 1, с. 381

АНТА́НТА МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ,

палітычная групоўка Вялікабрытаніі, Аўстра-Венгрыі і Італіі супраць Расіі і Францыі. Аформлена ў 1887 двума сакрэтнымі пагадненнямі: 1-м — паміж Вялікабрытаніяй і Італіяй (12 лют.), Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (24 сак.); 2-м — паміж Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (12 снеж.), Вялікабрытаніяй і Італіяй (16 снеж.). 1-е пагадненне фармальна захоўвала статус-кво ў басейнах Міжземнага, Адрыятычнага, Чорнага, Эгейскага мораў і на ўзбярэжжы Паўн. Афрыкі, 2-е мела на мэце захаваць становішча, якое існавала на той час у М.Азіі, чарнаморскіх пралівах і ў Балгарыі (Вялікабрытанія імкнулася ўмацаваць свае пазіцыі ў Егіпце, Італія — у Трыпалітаніі і Кірэнаіцы, Аўстра-Венгрыя — на Балканах). Стварэнню Антанты Міжземнаморскай садзейнічаў канцлер Германіі Бісмарк, які разлічваў умацаваць становішча Аўстра-Венгрыі адносна Расіі, далучыць да Траістага саюза 1882 Вялікабрытанію і перашкодзіць збліжэнню Францыі і Італіі. У выніку ўзмацнення ў канцы 19 ст. англа-герм. саперніцтва і аўстра-італьян. супярэчнасцяў Антанта Міжхемнаморская страціла сваю сілу.

т. 1, с. 381

АНТАНЮ́К Віталь Сцяпанавіч

(н. 10.10.1939, г. Крамянчуг, Украіна),

вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992), Акадэміі агр. навук Украіны (1992). Чл.-кар. УАСГНІЛ (1991). Д-р біял. н. (1985), праф. (1989). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1962). З 1974 дырэктар Бел. НДІ жывёлагадоўлі, ген. дырэктар НВА «Племэліта», з 1987 у Бел. ін-це механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. З 1991 старшыня Бел. аддзялення УАСГНІЛ, адначасова нам. міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. З 1992 прэзідэнт Акадэміі агр. навук Беларусі. Даследаванні па размнажэнні, развядзенні і біятэхналогіі с.-г. жывёл, тэхналогіях вытв-сці прадукцыі жывёлагадоўлі.

Тв.:

Биотехнические способы повышения эффективности оплодотворения сельскохозяйственных животных Мн., 1988;

Основы интенсивных технологий производства молока и мяса. Мн., 1990 (разам з В.І.Сапегам, П.П.Ракецкім).

т. 1, с. 382

АНТАНЮ́К Георгій Аляксандравіч

(н. 13.11.1942, в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1974 у Ін-це філасофіі і права, з 1980 на кафедры філасофіі АН Беларусі. Аўтар прац па праблемах сац. кіравання, сац. праектавання і міжэтнічных адносін: «Сацыяльнае праектаванне: (некаторыя метадалагічныя аспекты)» (1978), «Сацыяльнае праектаванне і кіраванне грамадскім развіццём: Тэарэтыка-метадалагічны аспект» (1986). Адзін з аўтараў кн. «Сацыяльна-філасофскія праблемы вытворчасці і выкарыстання навуковых ведаў» (1992) і інш.

т. 1, с. 382

АНТАНЮ́К Любоў Адамаўна

(н. 28.4.1949, в. Ломыш Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). Скончыла Мазырскі пед. ін-т (1970). З 1974 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1991 у БДУ. Даследуе граматыку бел. мовы: «Станавыя значэнні сумеснасці і ўзаемнасці ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1981), «Беларуская граматыка» (ч. 2, 1986; у сааўт.); станаўленне, развіццё і функцыянаванне бел. тэрміналогіі: «Беларуская навуковая тэрміналогія» (1987). Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (1988), «Слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (1990). Вучоны сакратар Рэсп. тэрміналагічнай камісіі (з 1980), член Міжнар. арг-цыі па уніфікацыі тэрміналагічных неалагізмаў (МАУТН), віцэ-прэзідэнт Міжнар. федэрацыі тэрміналагічных банкаў (МФТБ).

т. 1, с. 382

АНТАНЮ́К Максім Антонавіч

(1895, в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 30.7.1961),

ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). З 1915 у арміі, прапаршчык. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, у грамадз. вайну пам. камандзіра палка, камандзір батальёна, Паўд. групы войскаў 5-й арміі, дывізій. Пасля вайны камандзір стралк. дывізій, нам. ген.-інспектара пяхоты Чырв. Арміі. Чл. ЦВК Узбекістана (1925), ЦВК БССР (1927). У Вял. Айч. вайну камандуючы 2-й, 3-й рэзервовымі і 48-й арміямі, групамі войск Ленінградскага фронту, на інш. камандных пасадах. Пасля вайны да 1947 нам. камандуючага войскамі Львоўскай ваен. акругі.

т. 1, с. 382

АНТАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Беларусі, у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Слідчаны». За 40 км на ПдУ ад Чашнікаў, 135 км ад Віцебска, 15 км ад чыг. ст. Вятны. 425 ж., 108 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 382

АНТАРКТЫ́ДА,

мацярык у Паўднёвым паўшар’і, у межах Паўд. палярнага круга, займае цэнтр. частку Антарктыкі. Пл. 13 975 тыс. км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі (найб. Роса, Фільхнера, Роне і інш., агульнай пл. 1582 тыс. км²). Пастаяннага насельніцтва няма. Берагі Антарктыды (даўж. больш за 30 тыс. км) парэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы выш. 20—100 м. З боку Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. абмываюць Антарктыду моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена. У напрамку да Паўд. Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. У м. Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).

Ледавіковае покрыва і рэльеф. Антарктыда ўкрыта магутным шчытом мацерыковага лёду, не занята ледавікамі 0,2—0,3% тэр. (асобныя горныя вяршыні, хрыбты, невял. ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы). Агульная пл. зледзянення (пачалося 300 млн. г. назад) 2044 каля 12 000 тыс. км², аб’ём лёду 24 млн. км³. Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найб. — 4500 м. Антарктыда — самы высокі мацярык на Зямлі. Сярэдняя выш. з улікам ледавіковага покрыва 2040 м. Сярэдняя выш. карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная ч. ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая ч. Антарктыды — пласкагор’е. Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад м. Уэдэла да м. Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на Усх. і Заходнюю. Плато Савецкае займае цэнтр. ч. Усх. Антарктыды (выш. да 4000 м), на Пн паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнар. геафіз. года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і інш. Паверхня Зах. Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі горны масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін.

Геалагічная будова. Большая ч. Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы, у якіх ёсць бром, волава, марганец, малібдэн, радовішчы графіту, горнага хрусталю і інш.

Клімат Антарктыды кантынентальны антарктычны, халодны і суровы (гл. Антарктычны клімат). Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія т-ры зімой ад -20 да -30 °C на ўзбярэжжы і ад -60 да -70 °C ва ўнутр. раёнах; летам адпаведна ад -10 да -30 °C, -40 °C. Абсалютны мінімум т-ры -89,3 °C зафіксаваны ў цэнтр. ч. на ст. Усход (Полюс холаду Зямлі). Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтр. ч. Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год. Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць скорасці 50—60, часам 90 м/с.

Арганічны свет. Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Ёсць разнастайныя азёры (прэсныя і горка-салёныя). Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным п-ве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін). Фауна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, знойдзена некалькі відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).

Адкрыта Антарктыда 28.1.1820 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава. У пач. 20 ст. тут пабывалі Р.Скот, Э.Шэклтан, Р.Амундсен, Д.Моўсан і інш. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўд. полюса. У сувязі з Міжнар. геафіз. годам (1957—58) на мацерыку і прыбярэжных астравах створаны і дзейнічаюць 40 (1988) палярных станцый 16 краін свету, якія вядуць навук. даследаванні. Прававое становішча Антарктыды рэгулюецца Міжнар. дагаворам 1959.

Літ.:

Каменев В.М. Заповедная Антарктика. Л., 1986;

Бардин В. В горах и на ледниках Антарктиды. М., 1989.

В.Ю.Панасюк.

т. 1, с. 382

АНТА́РКТЫКА,

паўднёвая палярная вобласць Зямлі, якая ўключае мацярык Антарктыду і прылеглыя да яго ўчасткі Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў з астравамі. Мяжа Антарктыкі — паўн. размяшчэнне антарктычнага палярнага фронту, які праходзіць паміж 48° і 60° паўд. шыраты. Пл. каля 52,5 млн. км². Мацярык акружае шэльфавая паласа з глыбінямі да 500—600 м. Круты мацерыковы схіл на глыб. каля 3000 м зменьваецца шырокай паласой акіянскіх катлавін: Афрыканска-Антарктычнай, Аўстрала-Антарктычнай, Белінсгаўзена і Паўд.-Антыльскай з глыбінямі 5000—7000 м. Найглыбейшая частка — Паўд.-Сандвічаў жолаб (да 8428 м) з вял. сейсмічнасцю. На Пн ад катлавін Паўд.-Антыльскі і Афрыканска-Антарктычны хрыбты, Аўстрала-Антарктычнае і Паўд.-Ціхаакіянскае ўзвышша з тэктанічнымі разломамі і вулканічнымі масівамі. Антарктыка — найб. суровая вобласць Зямлі з нізкімі т-рамі паветра, снежнымі завірухамі, моцнымі вятрамі і туманамі. Мацярык — вобласць пастаяннага марозу. У субантарктычных раёнах сярэднія т-ры паветра самага цёплага месяца 10 °C, самага халоднага ад 0 да -10 °C. Ападкаў 300 — 500 мм каля ўзбярэжжа Усх. Антарктыды і да 1000 мм за год на паўн.-зах. узбярэжжы Антарктычнага п-ва і субантарктычных астравах. Т-ра антарктычных водаў ад -1,8 да 2 °C зімой і ад -1,2 да 3,5 °C летам. Салёнасць каля 34%о. На паўн. перыферыі Антарктыкі магутнае антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне (пераносіць ваду на У), у 60-х шыротах сістэма стацыянарных цыкланічных кругаабаротаў антарктычнага цячэння (пераносіць ваду на З, уздоўж узбярэжжа Антарктыды). Плошча, занятая марскімі льдамі, у канцы зімы 18—19 млн. км², летам 2—3 млн. км². Характэрны сталовыя айсбергі. Арганічны свет антарктычнай сушы вельмі бедны, у акіянах — багаты. На астравах тундравая расліннасць (імхі, лішайнікі, парасонавыя, некаторыя злакі і інш.). Шмат марскіх птушак — пінгвіны, буравеснікі, паморнікі, альбатросы, белы сявец, конік антарктычны і інш. У марской фауне кіты (фінвал, гарбач, сіні кіт, сейвал), ластаногія (марскі слон, марскі леапард, цюлені Уэдэла, Роса, крабаед, маржы), донныя арганізмы (ігласкурыя губкі, імшанкі і інш.). Рыбы сям. нататэніевых, ёсць анчоўсы, камбала і інш.

Міжнародны дагавор 1959 устанаўлівае, што тэр. Антарктыкі — нейтральная і дэмілітарызаваная зона, якая выкарыстоўваецца ў мірных мэтах пры поўнай свабодзе навук. даследаванняў.

Літ.:

Трешников А.Ф. Антарктика: исследования, открытия. Л., 1980;

Слевич С.Б. Антарктика в современном мире. М., 1985.

т. 1, с. 383

АНТАРКТЫ́ЧНАЕ ПАВЕ́ТРА,

антарктычныя паветраныя масы, палярныя паветраныя масы, якія фарміруюцца над Антарктыдай, водамі, што яе акружаюць, і льдамі акіяна. Падзяляецца на кантынентальнае антарктычнае паветра, якое доўга знаходзіцца над халодным мацерыком і набывае самыя нізкія на Зямлі т-ры, высокую празрыстаць і сухасць, характэрныя для Антарктычнага антыцыклону, і марское, што ўзнікае над акіянам, менш халоднае і нясе больш вільгаці. Уплывае на клімат паўд. частак Аўстраліі, Паўд. Амерыкі і Сусв. акіяна.

т. 1, с. 384