Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНДРАСТЭРО́Н,

мужчынскі палавы гармон (андраген). Асн. прадукт метабалізму тэстастэрону, падобны да яго біял. дзеяннем — здольны выклікаць узмацненне або ўзнікненне другасных палавых адзнак у пазваночных жывёл і чалавека. У значнай колькасці выводзіцца з мачой. Гарманальная актыўнасць андрастэрона прыкладна ў 10 разоў слабейшая, чым тэстастэрону; выкарыстоўваецца ў медыцыне для ацэнкі ўзроўню прадукцыі андрагенаў у арганізме і пакладзена ў аснову колькаснай ацэнкі біял. дзеяння мужч. палавых гармонаў.

т. 1, с. 356

АНДРАЦЭ́Й

[ад грэч. anër (andros) мужчына + oikia жыллё],

сукупнасць мужчынскіх органаў кветкі — тычынак.

т. 1, с. 356

АНДРАЮ́К Нестар Ільіч

(парт. псеўд. Мядзведзеў, Алёша; 12.10.1906, в. Сычы Брэсцкага р-на — 2.3.1976),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1926 сакратар Гродзенскага акр. к-та КСМЗБ, з 1927 чл. сакратарыята ЦК КСМЗБ. За рэв. дзейнасць у 1928 зняволены на 8 гадоў. У 1938—39 палітвязень Бяроза-Картузскага канцлагера. У вер. 1939 арганізоўваў у Пінску паўстанцкія атрады. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр. фронце ў знішчальнай авіяцыі. У 1947—53 на гасп. і сав. рабоце ў Брэсце.

т. 1, с. 356

АНДРАЮ́К Серафім Антонавіч

(н. 10.3.1933, в. Градзялі Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. крытык і літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1966). Скончыў БДУ (1957). Настаўнічаў. З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1981 гал. рэдактар, з 1993 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Даследуе сучасную бел. прозу: манаграфіі і зб-кі крытычных арт. «Жыццё. Літаратура. Героі» (1973), «Вывяраючы жыццём» (1976), «Традыцыі і сучаснасць» (1981), «Жыць чалавекам» (1983, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.Мележа 1984), «Чалавек на зямлі: Нарыс творчасці І.Пташнікава» (1988).

Тв.:

А жыццё — вышэй за ўсё: Выбр.: Літ.-крытыч. арт.;

Нарыс творчасці. Мн., 1992.

т. 1, с. 356

АНДРАЯ́НАВА Алена Іванаўна

(13.7.1819 — 26.10.1857),

руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1837). Да 1854 у Пецярбургскай балетнай трупе. Прадстаўніца рамант. балета. Выкананне Андраянавай вызначалася віртуознасцю класічнага і характарнага танцаў, пантамімнай выразнасцю, тэмпераментам, дасканаласцю пластыкі. Першая рус. выканальніца партый Жызэлі («Жызэль» А.Адана), Пахіты («Пахіта» Э.Дэльдэвеза) і інш.

т. 1, с. 356

АНДРО́НАЎ Аляксандр Аляксандравіч

(11.4.1901, Масква — 31.10.1952),

савецкі фізік, стваральнік навук. школы па тэорыі нелінейных ваганняў. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). Праф. Горкаўскага ун-та (1931). Першы прапанаваў матэм. апарат для тэорыі нелінейных ваганняў. Стварыў асновы тэорыі аўтаваганняў. Вырашыў шэраг важных нелінейных задач тэорыі радыётэхнікі, аўтам. рэгулявання і агульнай дынамікі машын.

Тв.:

Собрание трудов. М., 1956.

т. 1, с. 356

АНДРО́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (каля сярэдзіны 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.) на тэр. Зах. Сібіры і Казахстана. Назва ад могільніка каля в. Андронава (Краснаярскі край). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянкавых і наземных жытлах на адкрытых паселішчах, карысталася бронзавай зброяй (кельты, наканечнікі коп’яў, нажы), крамянёвымі наканечнікамі стрэл. Пахаванні ў ямах пад курганамі (часам з каменнымі агароджамі) у скурчаным становішчы, вядомы выпадкі трупаспалення. Характэрны керамічны посуд слоікападобнай формы з геам. арнаментам. Андронаўская культура разглядаецца як умоўная назва т.зв. андронаўскай культурнай агульнасці — некалькіх археал. культур.

т. 1, с. 356

АНДРО́НІКАЎ

(Андронікашвілі) Іраклій Луарсабавіч (28.9.1908, С.-Пецярбург — 11.6.1990),

рускі пісьменнік, літаратуразнавец. Засл. дз. маст. РСФСР (1959). Д-р філал. н. (1956). У літ.-знаўчых працах даследаваў творчасць М.Ю.Лермантава. У напаўбелетрыстычных творах («Загадка Н.Ф.І.», 1938; «Тагільская знаходка», 1956, і інш.) расказваў пра архіўныя і тэксталагічныя пошукі. Выступаў з уласнымі вуснымі апавяданнямі, у якіх ствараў партрэты пісьменнікаў, артыстаў. Дзярж. прэмія СССР 1967.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1980—81.

т. 1, с. 356

АНДРО́НІКАЎ МАНАСТЫ́Р,

Андронікаў Спаса Нерукатворнага мужчынскі манастыр. Засн. каля 1360 у Маскве на беразе р. Яўза. Названы ў гонар першага ігумена — Андроніка. Арх. ансамбль уключае белакаменны 4-слуповы Спаскі сабор (1420—27) з фрагментамі фрэсак (1420-я г.), выкананых пад кіраўніцтвам Д.Чорнага і А.Рублёва, аднаслуповую трапезную (1504) з царквою Міхаіла Архангела (1694), сцены і вежы (17 ст.). З 1947 — музей-запаведнік стараж.-рус. мастацтва імя А.Рублёва.

т. 1, с. 357

АНДРО́НІК I

(Andronikos) Камнін (1118—12.8.1185),

візантыйскі імператар з 1183, апошні з дынастыі Камнінаў. Захапіў прастол, скарыстаўшы нар. рух. Імкнучыся ўмацаваць бюракратычны апарат і знішчыць карупцыю, праводзіў палітыку тэрору супраць арыстакратыі. Пакараны смерцю.

т. 1, с. 356