АЛАКО́ЛЬ,
Алакуль, бяссцёкавае салёнае возера на У Казахстана, у паўпустыннай зоне. Пл. каля 2650 км². Глыб. да 54 м. Упадаюць рэкі Эмель, Жаманты, Урджар. Разам з мелкаводнымі азёрамі Уялы, Сасыкколь і Жаланашколь утварае Алакольскую азёрную сістэму з пл. бас. да 55 тыс. км².
т. 1, с. 227
АЛА́МА-ДЭ-АРАГО́Н
(Alama de Aragon; ад араб. аль-хама цёплыя воды),
бальнеалагічны курорт у Іспаніі. У даліне р. Халон, непадалёку ад г. Сарагоса. Тэрмальныя (да 35 °C) радонавыя воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў руху і апоры, дыхання, нырак, жоўцевых шляхоў і інш. Мінер. крыніцы былі вядомыя рымлянам і арабам.
т. 1, с. 227
АЛАМЕТРЫ́Я
(ад ала... + ...метрыя),
гетэрагонія, нераўнамерны рост асобных частак цела ў працэсе развіцця жывёльнага арганізма. Бывае адмоўнай (напр., запаволены рост галавы ў адносінах да ўсяго цела ў дзіцяці) і станоўчай (напр., паскораны рост рагоў у жвачных жывёл). Парушэнне ўзаемадзеяння паміж развіццём асобных частак арганізма жывёлы адбываецца пры хуткім павелічэнні агульных памераў цела за кошт простага прадаўжэння перыяду росту, без адначасовай перабудовы карэляцый.
т. 1, с. 227
АЛА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,
Ахвенанма (швед. Àland, фін. Ahvenanmaa), архіпелаг з 6,5 тыс. а-воў і шхераў, на ПнУ Балтыйскага м., каля уваходу ў Батнічны заліў. Пл. 1481 км², даўж. з Пн на Пд каля 130 км. Тэр. Фінляндыі. Нас. каля 23 тыс. чал. (1984). Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 132 м). Клімат умераны. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Марскія курорты.
Да 1809 Аландскія астравы ў складзе Швецыі як частка яе правінцыі Фінляндыі. У маі 1718 — кастр. 1719 тут адбыліся перагаворы паміж Расіяй і Швецыяй (Аландскі кангрэс) адносна сканчэння Паўночнай вайны 1700—21. У 1809—1917 разам з Фінляндыяй належалі Расіі. У 1921 Савет Лігі Нацый прызнаў суверэннае права Фінляндыі на Аландскіх астравах. Паводле Жэнеўскай канвенцыі 1921 Аландскія астравы — дэмілітарызаваная і нейтральная зона. Напярэдадні 2-й сусв. вайны Фінляндыя пабудавала тут ваен. ўмацаванні. Пасля 2-й сусв. вайны (з 1947) Аландскія астравы зноў дэмілітарызаваны.
т. 1, с. 227
АЛАНІ́М
(ад ала... + грэч. onyma імя),
чыё-небудзь сапраўднае імя, выкарыстанае іншай асобай як псеўданім. Напр., чылійскі паэт Пабла Нэруда сваё сапраўднае імя Рэес Басуальта Нефталі Рыкарда замяніў імем чэшскага пісьменніка Яна Нэруды.
т. 1, с. 227
АЛАНІ́Н,
монаамінамонакарбонавая к-та; адна з замяшчальных амінакіслот. Існуе ў 2 формах: α-аланін уваходзіць у склад многіх бялкоў жывёл і раслін, у свабодным стане прысутнічае ў крыві, β-аланін — прадукт прамежкавага абмену амінакіслот, уваходзіць у склад некаторых біял. актыўных злучэнняў, напр., азоцістых экстрактыўных рэчываў шкілетнай мускулатуры — карназіну і анзерыну, каэнзіму аланіну, пантатэнавай к-ты, у складзе бялкоў не трапляецца.
т. 1, с. 227
АЛА́НІЯ,
дзяржава аланаў у цэнтр. ч. Паўн. Каўказа ў пач. 10 — 1-й пал. 13 ст. Вылучылася з Хазарскага каганата. Гал. горад — Магас. На чале дзяржавы — цар (найб. вядомы Дургулель — візант. васал у 1-й пал. 11 ст.). У 10—12 ст. Аланія — адзін з найб. магутных саюзнікаў Візантыі. З 12 ст. Аланія — хрысц. краіна. Сепаратызм радавой арыстакратыі пры пераемніках Дургулеля аслабіў Аланію. Як самаст. дзяржава перастала існаваць пасля сутыкненняў з мангола-татарамі ў 1222 і 1238.
т. 1, с. 227