АКРЫЛА́ТЫ,
вытворныя акрылавай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Акрылаты (эфіры) — бясколерныя вадкасці (напр., метылакрылат CH2=CH-COOCH3, tкіп 80 °C). Акрылаты (солі) — крышт. рэчывы. Лёгка палімерызуюцца пры дзеянні святла, цяпла, кіслароду і пераксідаў (захоўваюцца з інгібітарамі).
У прам-сці акрылаты метылавага і этылавага спіртоў атрымліваюць з этыленцыянгідрыну і адпаведнага спірту: 2CH2OHCH2CN + 2ROH + H2SO4 → CH2 = CHCOOR + (NH4)2SO4, вышэйшых спіртоў — рэакцыяй пераэтэрыфікацыі, а солі — нейтралізацыяй акрылавай к-ты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці палімераў, каўчукоў, як дабаўкі ў друкарскіх фарбах, лаках.
т. 1, с. 201
АКРЫ́ТЫ,
вольныя сяляне-воіны ва ўсх. раёнах Візантыі. У 14 ст. абаранялі межы дзяржавы ад арабаў і туркаў-сельджукаў.
т. 1, с. 202
АКРЭДЫТАВА́ННЕ
(ад лац. accredere давяраць),
у міжнар. праве працэс прызначэння і ўступлення на пост дыпламат. прадстаўніка пры ўрадзе інш. дзяржавы або пастаяннага прадстаўніка дзяржавы пры міжнар. арг-цыі. Пачаткам акрэдытавання з’яўляецца агрэман, завяршэннем — уручэнне акрэдытаваным (прызначаным) даверчай граматы.
т. 1, с. 202
АКРЭДЫТЫ́Ў,
разліковы ці грашовы дакумент у выглядзе даручэння аднаго банка другому зрабіць аплату за адгружаны тавар, выкананыя работы (паслугі) ці выдаць прад’яўніку акрэдытыва пэўную суму грошай пры выкананні пэўных умоў.
Бываюць акрэдытывы: грашовы — імянны дакумент, што выдаецца банкам асобе, якая ўнесла пэўную суму і жадае атрымаць яе цалкам ці часткамі ў інш. горадзе на працягу агаворанага часу; таварны — форма безнаяўных разлікаў, пры якой разліковыя дакументы аплачваюцца плацельшчыкам на месцы знаходжання пастаўшчыка за кошт сродкаў, спецыяльна забраніраваных у банку аплачваемым бокам, ці аплата гэтых дакументаў гарантавана банкам; адзыўны — можа быць ануляваны банкам, што яго адкрыў, безадзыўны — з’яўляецца цвёрдым абавязацельствам банка-эмітэнта; пацверджаны — гарантаваны банкам, які яго адкрыў; непацверджаны — без гарантый банка; рэвальверны — па меры выкарыстання аўтаматычна папаўняецца ў межах устаноўленай агульнай сумы ліміту і тэрміну дзеяння; пераводны — цалкам ці часткова можа быць выкарыстаны інш. асобамі.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 202
АКРЭ́ЙЦ Станіслаў Станіслававіч
(літ. псеўданім Арліцкі; 25.8.1836, г. Арол ?, Расія — пасля 1918),
бел. і рус. журналіст, мемуарыст, белетрыст. Скончыў Віцебскую гімназію (1856), быў вольным слухачом Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Служыў у Магілёве ў палаце дзярж. маёмасцяў, уваходзіў у гурток перадавой моладзі. Дасылаў заметкі ў пецярб. час. «Искра» і «Экономический указатель». Рэдакцыя «Современника» ўхваліла яго праект выдання ў Магілёве час. «Белорусский вестник» (не выходзіў). Удзельнік паўстання 1863—64. З 1868 у Пецярбургу. Выдаваў час. «Дешевая библиотека», «Всемирный труд», «Луч» і інш. У рамане «Апошнія язычнікі» (1871—72), кн. «Старасвецкія памешчыкі. Нарысы Заходняга краю» (1885), мемуарах расказвае пра Беларусь 1850—60-х г., паўстанне 1863—64.
т. 1, с. 202
АКРЭ́СЛЕНЫЯ ФІГУ́РЫ,
гл. ў арт. Умежаваныя і акрэсленыя фігуры.
т. 1, с. 202
АКРЭ́ЦЫЯ
(ад лац. accretio прырошчванне),
павелічэнне памераў прыроднага цела за кошт паступлення рэчыва на яго паверхню. Адрозніваюць акрэцыю: планеты (кансалідацыя часцінак протапланетнага воблака ў масіўнае цела планеты), кантынента (разрастанне кантынента за кошт далучэння новых блокаў з кантынентальнай карой — тэрэйнаў або пераўтварэння акіянскай кары ў кантынентальную), літагенетычную (рост мінер. новаўтварэння з паверхні утварэнне канкрэцый), вулканічную (кансалідацыя лавы вакол зацвярдзелага ядра) і інш.
М.А.Нагорны.
т. 1, с. 202