АКРЫЛА́ТЫ,

вытворныя акрылавай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Акрылаты (эфіры) — бясколерныя вадкасці (напр., метылакрылат CH2=CH-COOCH3, tкіп 80 °C). Акрылаты (солі) — крышт. рэчывы. Лёгка палімерызуюцца пры дзеянні святла, цяпла, кіслароду і пераксідаў (захоўваюцца з інгібітарамі).

У прам-сці акрылаты метылавага і этылавага спіртоў атрымліваюць з этыленцыянгідрыну і адпаведнага спірту: 2CH2OHCH2CN + 2ROH + H2SO4 → CH2 = CHCOOR + (NH4)2SO4, вышэйшых спіртоў — рэакцыяй пераэтэрыфікацыі, а солі — нейтралізацыяй акрылавай к-ты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці палімераў, каўчукоў, як дабаўкі ў друкарскіх фарбах, лаках.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)