АКРЭДЫТЫ́Ў,
разліковы ці грашовы дакумент у выглядзе даручэння аднаго банка другому зрабіць аплату за адгружаны тавар, выкананыя работы (паслугі) ці выдаць прад’яўніку акрэдытыва пэўную суму грошай пры выкананні пэўных умоў.
Бываюць акрэдытывы: грашовы — імянны дакумент, што выдаецца банкам асобе, якая ўнесла пэўную суму і жадае атрымаць яе цалкам ці часткамі ў інш. горадзе на працягу агаворанага часу; таварны — форма безнаяўных разлікаў, пры якой разліковыя дакументы аплачваюцца плацельшчыкам на месцы знаходжання пастаўшчыка за кошт сродкаў, спецыяльна забраніраваных у банку аплачваемым бокам, ці аплата гэтых дакументаў гарантавана банкам; адзыўны — можа быць ануляваны банкам, што яго адкрыў, безадзыўны — з’яўляецца цвёрдым абавязацельствам банка-эмітэнта; пацверджаны — гарантаваны банкам, які яго адкрыў; непацверджаны — без гарантый банка; рэвальверны — па меры выкарыстання аўтаматычна папаўняецца ў межах устаноўленай агульнай сумы ліміту і тэрміну дзеяння; пераводны — цалкам ці часткова можа быць выкарыстаны інш. асобамі.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)