ТЭСТЫ́КУЛЫ,
мужчынскія палавыя залозы, тое, што семяннікі.
т. 16, с. 145
ТЭ́СЦЕР (англ. tester ад test выпрабаванне, даследаванне),
прылада, сістэма ці праграма для кантролю аб’ектаў даследаванняў (правільнасць функцыянавання, вымярэнне асн. параметраў, прыналежнасць да пэўнага класа і інш.). У вузкім сэнсе — камбінаваная электравымяральная прылада (напр., ампервальтомметр), прызначаная для праверкі работаздольнасці і наладкі радыёэлектроннай апаратуры.
т. 16, с. 145
ТЭСЦІ́РАВАННЕ (ад тэст),
метад псіхал. дыягностыкі і сацыялагічнага даследавання, які выкарыстоўвае тэсты — стандартызаваныя заданні, па выніках выканання якіх вымяраюць пэўныя псіхал. характарыстыкі, узровень развіцця навыкаў, уменняў і ведаў рэспандэнтаў. Асн. сферы выкарыстання Т. — адукацыя, прафес. падрыхтоўка і адбор, псіхал. кансультаванне. Уключае 3 этапы: распрацоўка тэста і вызначэнне ступені яго валіднасці (дакладнасці); правядзенне Т. на аснове распрацаванай інструкцыі; інтэрпрэтацыя вынікаў Т. У залежнасці ад мэты Т. тэсты класіфікуюцца паводле спосабу іх правядзення (індывід. і групавыя), паводле фармальнай структуры (простыя і складаныя, што ўключаюць некалькі субтэстаў), паводле аб’екта вывучэння (тэсты дасягненняў: сенсорныя, маторныя, на інтэлект, творчыя здольнасці, веды; асобасныя: характаралагічныя, на тэмперамент, устаноўкі, інтарэсы), паводле ступені дасведчанасці рэспандэнтаў пра задачы Т. (прамыя і непрамыя) і паводле інш. крытэрыяў.
т. 16, с. 145
ТЭ́ТАНУС (лац. tetanus ад грэч. tetanos напружанне, здранцвенне, сутарга),
стан працяглага скарачэння і макс. напружання мышцаў; аснова дынамічнай і статычнай дзейнасці арганізма. Выклікаецца паступленнем нерв. імпульсаў з такой частатой, што іх эфекты падсумоўваюцца (кожнае наступнае раздражненне трапляе ў фазу павышанай узбудлівасці мышачнага валакна). Адрозніваюць Т. зубчасты (узнікае, калі ў адказ на раздражненне мышца пачынае скарачацца, не паспеўшы поўнасцю расслабіцца) і гладкі (утвараецца пры больш высокай частаце раздражнення, калі кожны наступны стымул прыходзіць у фазу ўкарочвання мышцы). Па амплітудзе і працягласці Т. значна перавышае адзінкавае скарачэнне, а для мышачных валокнаў, што тэтанічна скарачаюцца, характэрна адносна хуткая стамляльнасць з прычыны значнага расходу энергіі.
С.С.Ермакова.
т. 16, с. 145
ТЭТМА́ЕР, Пшэрва-Тэтмаер (Przerwa-Tetmajer) Казімеж (12.2.1865, в. Людзьмеж, Польшча — 18.1.1940), польскі пісьменнік; прадстаўнік «Маладой Польшчы». Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1889). Друкаваўся з 1886. Выдаў 8 зб-каў вершаў (1891—1924), якім уласцівы імпрэсіяністычна-сімвалісцкі характар, метафарычнасць, музычнасць; звяртаўся да пейзажнай, інтымнай і філас. лірыкі. У драмах «Сфінкс» (1893), «Завіша Чорны» (1901), «Рэвалюцыя» (1906) сімвалісцкія тэндэнцыі. Сэнс быцця чалавека, праблемы сучаснасці і мастацтва ў раманах «Анёл смерці» (1898), «Пані Мэры» (1901), «Гібель» (1905); прырода, традыцыі і побыт жыхароў польскіх Татраў у цыкле апавяд. «На Скалістым Падгаллі» (1903—10). У гіст. рамане «Легенда Татраў» (1910—11) маст. асэнсаванне гісторыі Польшчы 17 ст. Раман «Канец эпапеі» (т. 1—4, 1913—17) пра вайну 1812 і ўдзел у ёй палякаў. Асобныя творы Т. ў перакладзе на бел. мову друкаваліся ў газ. «Наша ніва» (1910—13).
Тв.:
Poezje wybrane. 2 wyd. Wrocław etc., 1968;
Рус. пер. — Избр. проза. М., 1956.
М.М.Хмяльніцкі.
т. 16, с. 145
ТЭТНУ́ЛЬДЫ,
вяршыня ў цэнтр. ч. Вял. Каўказа, у Грузіі. Выш. 4852 м. Складзена пераважна з крышт. парод. Вышэй за 3000 м — вечныя снягі і ледавікі. Агульная пл. зледзянення каля 46 км².
т. 16, с. 145
ТЭТРА́ДА [ад грэч. tetras (tetrados) чацвёрка],
характэрная для раслін група з 4 гаплоідных клетак, якая ўтвараецца ў выніку меёзу з адной мацярынскай дыплоіднай клеткі (мікраспарацыта або мегаспоры). Таксама 4 храматыды, аб’яднаныя цэнтрамерамі ў пары ў прафазе меёзу. Такая Т. складае бівалент.
т. 16, с. 146
ТЭТРАДРА́ХМА,
старажытнагрэчаская, пераважна сярэбраная, манета вартасцю ў 4 драхмы.
т. 16, с. 146
ТЭТРАКО́НХ (ад грэч. tetra чатыры + конха),
тып цэнтрычнага хрысц. храма сярэдневякоўя і Адраджэння; 4-пялёсткавага плана, утворанага апсідамі, крыжападобна звернутымі да цэнтр. падкупальнага квадратнага аб’ёму (напр., храм Джвары ў Мцхеце, 586/587—604, Грузія; царква Санта-Марыя дэла Кансалацыёне ў Тодзі, 1508—1617, Італія).
т. 16, с. 146