ТЭ́ТАНУС (лац. tetanus ад грэч. tetanos напружанне, здранцвенне, сутарга),
стан працяглага скарачэння і макс. напружання мышцаў; аснова дынамічнай і статычнай дзейнасці арганізма. Выклікаецца паступленнем нерв. імпульсаў з такой частатой, што іх эфекты падсумоўваюцца (кожнае наступнае раздражненне трапляе ў фазу павышанай узбудлівасці мышачнага валакна). Адрозніваюць Т. зубчасты (узнікае, калі ў адказ на раздражненне мышца пачынае скарачацца, не паспеўшы поўнасцю расслабіцца) і гладкі (утвараецца пры больш высокай частаце раздражнення, калі кожны наступны стымул прыходзіць у фазу ўкарочвання мышцы). Па амплітудзе і працягласці Т. значна перавышае адзінкавае скарачэнне, а для мышачных валокнаў, што тэтанічна скарачаюцца, характэрна адносна хуткая стамляльнасць з прычыны значнага расходу энергіі.
С.С.Ермакова.
т. 16, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)