ТЭТМА́ЕР, Пшэрва-Тэтмаер (Przerwa-Tetmajer) Казімеж (12.2.1865, в. Людзьмеж, Польшча — 18.1.1940), польскі пісьменнік; прадстаўнік «Маладой Польшчы». Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1889). Друкаваўся з 1886. Выдаў 8 зб-каў вершаў (1891—1924), якім уласцівы імпрэсіяністычна-сімвалісцкі характар, метафарычнасць, музычнасць; звяртаўся да пейзажнай, інтымнай і філас. лірыкі. У драмах «Сфінкс» (1893), «Завіша Чорны» (1901), «Рэвалюцыя» (1906) сімвалісцкія тэндэнцыі. Сэнс быцця чалавека, праблемы сучаснасці і мастацтва ў раманах «Анёл смерці» (1898), «Пані Мэры» (1901), «Гібель» (1905); прырода, традыцыі і побыт жыхароў польскіх Татраў у цыкле апавяд. «На Скалістым Падгаллі» (1903—10). У гіст. рамане «Легенда Татраў» (1910—11) маст. асэнсаванне гісторыі Польшчы 17 ст. Раман «Канец эпапеі» (т. 1—4, 1913—17) пра вайну 1812 і ўдзел у ёй палякаў. Асобныя творы Т. ў перакладзе на бел. мову друкаваліся ў газ. «Наша ніва» (1910—13).

Тв.:

Poezje wybrane. 2 wyd. Wrocław etc., 1968;

Рус. пер. — Избр. проза. М., 1956.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)