ТЭСЦІ́РАВАННЕ (ад тэст),
метад псіхал. дыягностыкі і сацыялагічнага даследавання, які выкарыстоўвае тэсты — стандартызаваныя заданні, па выніках выканання якіх вымяраюць пэўныя псіхал. характарыстыкі, узровень развіцця навыкаў, уменняў і ведаў рэспандэнтаў. Асн. сферы выкарыстання Т. — адукацыя, прафес. падрыхтоўка і адбор, псіхал. кансультаванне. Уключае 3 этапы: распрацоўка тэста і вызначэнне ступені яго валіднасці (дакладнасці); правядзенне Т. на аснове распрацаванай інструкцыі; інтэрпрэтацыя вынікаў Т. У залежнасці ад мэты Т. тэсты класіфікуюцца паводле спосабу іх правядзення (індывід. і групавыя), паводле фармальнай структуры (простыя і складаныя, што ўключаюць некалькі субтэстаў), паводле аб’екта вывучэння (тэсты дасягненняў: сенсорныя, маторныя, на інтэлект, творчыя здольнасці, веды; асобасныя: характаралагічныя, на тэмперамент, устаноўкі, інтарэсы), паводле ступені дасведчанасці рэспандэнтаў пра задачы Т. (прамыя і непрамыя) і паводле інш. крытэрыяў.
т. 16, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)