Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛФЯРО́ВІЧЫ

(Пагоскія),

старажытны шляхецкі род герба «Багорыя» ў ВКЛ. Мелі ўладанні ў Віцебскім ваяв. Ад спадчыннага маёнтка Пагосцічы зваліся Алфяровічы-Пагоскія. Першы ў крыніцах згадваецца Алфер. Называюцца 11 пакаленняў прадстаўнікоў гэтага роду, вядомых па маёмасных справах сярэдзіны 16—18 ст.

т. 1, с. 271

АЛХІ́МІЯ

(позналац. alchimia ад араб. аль-кімія),

данавуковы кірунак развіцця хіміі; своеасаблівая з’ява культуры. Узнікла ў Егіпце (3—4 ст. н.э.), атрымала пашырэнне ў Зах. Еўропе (11—13 ст.). Гал. мэта — пошукі «філасофскага каменя» для ператварэння звычайных металаў у золата і серабро, атрымання эліксіру неўміручасці, універсальнага растваральніку і інш.

Тэарэт. ўяўленні алхіміі — перапляценне рэлігійна-містычных вучэнняў язычніцтва, хрысціянства, іудаізму і ант. філасофіі. На працягу шматвяковых спробаў іх практычнага ўвасаблення алхімікі адкрылі або ўдасканалілі спосабы атрымання мінер. і раслінных фарбаў, лек. сродкаў, шкла, эмаляў, металаў і іх сплаваў, кіслот, шчолачаў, соляў, а таксама распрацавалі прыёмы хім. аперацый (фільтраванне, перагонка, узгонка і інш.). На аснове назапашаных звестак у 17—18 ст. Пачалося станаўленне хіміі як навукі (працы Р.Бойля, М.В.Ламаносава, А.Лавуазье і інш.).

т. 1, с. 271

АЛЫЧА́,

зборная назва відаў раслін з роду сліва. Найб. вядомы алыча культурная (Prunus cerasifera) і сліва разгалістая, або ткемалі (Prunus divaricata). Вырошчваюць у краінах Азіі, Еўропы, на Балканах, Каўказе, у Закаўказзі. Выкарыстоўваюць як пладовую культуру, як прышчэпу для слівы, персіка, абрыкоса; для ахоўнага лесаразвядзення. На Беларусі інтрадукавана ў сярэдзіне 19 ст. з Паўн. Каўказа, пашырылася па ўсёй тэр. рэспублікі.

Дрэва або вялікі куст выш. 4—10 м. Лісце яйцападобнае або прадаўгавата-эліпсападобнае. Кветкі белыя, распускаюцца раней за лісце. Плод — касцянка, ад светла-жоўтай да цёмна-чырвонай, выспявае ў жніўні. Ураджайнасць 8—10 кг (да 40 кг) з дрэва. Сарты: Ветразь, Камета кубанская, Хуткаплодная, Падарожніца (Рубінавая), Мара і інш. Меданос. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі і сцябловымі чаранкамі, акуліроўкай. Святлолюбівая, засухаўстойлівая, непатрабавальная да глебы і вільгаці расліна. Плады багатыя цукрамі, яблычнай і лімоннай к-тамі, вітамінамі С, B1, B2 і інш., з іх гатуюць кампоты, варэнне, павідла, сок, віно, на Каўказе — алычовы лаваш (высушаныя на сонцы тонкія лісты з мякаці пладоў).

Алыча.

т. 1, с. 271

АЛЫШУ́ЛЕР Сямён Аляксандравіч

(24.9.1911, г. Віцебск — 1983),

савецкі фізік. Чл.-кар. АН СССР (1976). Скончыў Казанскі ун-т (1932), дзе працаваў з 1935 (з 1955 праф.). Навук. працы па радыёспектраскапіі і парамагнетызме. У 1934 сумесна з І.Я.Тамам выказаў ідэю аб існаванні ў нейтрона магн. моманту і дакладна вызначыў яго знак і велічыню. Прадказаў і даў тэорыю акустычнага парамагн. рэзанансу (1952). Прапанаваў метад атрымання звышнізкіх тэмператур, заснаваны на адыябатычным размагнічванні ядз. спінаў.

Тв.:

Электронный парамагнитный резонанс соединений элементов промежуточных групп. 2 изд. М., 1972 (разам з Б.М.Козыравым).

т. 1, с. 285

А́ЛЬБА

(правансальскае alba літар. світанне),

жанр сярэдневяковай куртуазнай лірыкі; ранішняя песня пра тайнае начное любоўнае спатканне. Склалася ў трубадураў. Формаю пераважна страфічна аформлены дыялог. Параўн. «серэна» — «вячэрняя песня» — запрашэнне на спатканне (гл. Серэнада).

т. 1, с. 271

А́ЛЬБА,

вёска ў Беларусі, у Квасевіцкім с/с Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса «Зара». За 23 км на З ад Івацэвічаў, 159 км ад Брэста. 101 ж., 44 двары (1995). Базавая школа. Юр’еўская царква (1790) — помнік драўлянага дойлідства.

т. 1, с. 271

А́ЛЬБА

(Alba),

Альварэс дэ Таледа (Alvarez de Toledo) Фернанда (29.10.1507 — 11.12.1582), герцаг, ісп. палкаводзец і паліт. дзеяч. Вызначыўся ў Шмалькальдзенскай вайне (1546—48) супраць ням. пратэстантаў, у вайне 1556—57 Іспаніі з папам Паўлам IV. Каралём Філіпам II прызначаны правіцелем (1507—73) у Нідэрланды, дзе ўстанавіў тэрарыст. дыктатуру (прыгаварыў да пакарання смерцю каля 7 тыс. чал., у т. л. графаў Эгманта і Горна), праводзіў палітыку абрабавання краіны і падпарадкавання яе Іспаніі (гл. ў арт. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя 16 ст.). У 1580 на чале ісп. арміі заваяваў Партугалію.

Герцаг Альба.

т. 1, с. 271

АЛЬБАТРО́СЫ

(Diomedeidae),

сямейства птушак атр. Буравеснікападобных. 2 роды, 13 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.

Даўж. 0,85—1,4 м, маса да 8 кг. Апярэнне шэра-белае, крылы вузкія, доўгія, у размаху да 4,25 м. Узнімаюцца ў паветра толькі з грэбеня хвалі або берагавога абрыву. Нястомныя летуны, добра плаваюць. Гняздуюцца калоніямі на акіянічных астравах. Размнажаюцца ва ўзросце 5—10 гадоў. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Альбатрос беласпінны (Diomedea albatrus) занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.

Альбатросы: 1 — чарнаногі; 2 — беласпінны.

т. 1, с. 271

А́ЛЬБАЎ Міхаіл Нілавіч

(20.11.1851, С.-Пецярбург — 25.6.1911),

рускі пісьменнік. Аўтар аповесцяў «Пшаніцыны» (1873), «Дзень выніку» (1879), хронікі «Канец Невядомай вуліцы» (1881—82), рамана «Ра́са» (1883), рамант. трылогіі «Дзень ды ноч» (1890—1903), прысвечаных пераважна жыццю гар. мяшчанства і духавенства, лёсу «маленькага» чалавека (адчувальны ўплыў твораў Ф.Дастаеўскага).

Тв.:

Соч. Т. 1—8. Спб., [1906—08].

т. 1, с. 272

А́ЛЬБА-ЛО́НГА

(Alba Longa),

старажытны лацінскі горад на ПдУ ад Рыма. Паводле падання, засн. каля 1152 да н.э. Асканіем, сынам Энея. Каля пач. 1-га тыс. да н.э. быў цэнтрам Лацінскага Саюза, у 7 ст. да н.э. разбураны рымлянамі, жыхары горада пераселены ў Рым.

т. 1, с. 271