АЛЬБАТРО́СЫ
(Diomedeidae),
сямейства птушак атр. Буравеснікападобных. 2 роды, 13 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.
Даўж. 0,85—1,4 м, маса да 8 кг. Апярэнне шэра-белае, крылы вузкія, доўгія, у размаху да 4,25 м. Узнімаюцца ў паветра толькі з грэбеня хвалі або берагавога абрыву. Нястомныя летуны, добра плаваюць. Гняздуюцца калоніямі на акіянічных астравах. Размнажаюцца ва ўзросце 5—10 гадоў. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Альбатрос беласпінны (Diomedea albatrus) занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.
т. 1, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)