Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́ЛУНАН (Alunāns) Адольф

(11.10.1848, г. Елгава, Латвія — 5.7.1912),

латышскі акцёр, рэжысёр, драматург; заснавальнік нац. т-ра і драматургіі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1866. Працаваў у ням. т-рах у Тарту, Таліне, Пецярбургу. Выконваў пераважна камедыйныя ролі. Арганізатар, кіраўнік і рэжысёр першага нац. т-ра (Рыга, 1870—85), перасоўнай трупы ў Елгаве (1885—1904). Аўтар п’ес: «Дамарослы», «Радасць і гора», «Нашы продкі» і інш., артыкулаў пра тэатр. мастацтва, успамінаў.

т. 1, с. 270

А́ЛУНАН (Alunāns) Юрыс Андрэевіч

(13.5.1832, маёнтак Яўнкалснава, Латвія — 18.4.1864),

латышскі паэт і грамадскі дзеяч; заснавальнік нац. пісьмовай паэзіі. Скончыў Тартускі ун-т (1861). З 1862 рэдактар першай лат. газеты «Peterburgas avïzes» («Пецярбургская газета»). Аўтар зб. «Песенькі» (1856, пераклады класікаў сусв. паэзіі), эпіграм. Складальнік зб-ка навук.-папулярных артыкулаў «Двор, прырода і сусвет» (т. 1—3, 1859—61), у якім змешчаны матэрыялы па геаграфіі, гісторыі Расіі, мовазнаўстве. У вершах выступаў супраць самадзяржаўя, клерыкалізму, абуджаў нац. самасвядомасць лат. народа, удасканальваў нац. лат. мову.

М.Абала.

т. 1, с. 270

АЛУНІ́Т

(франц. alunite ад alun галын),

галыновы камень, мінерал класа сульфатаў KaAl3[SO4]2(OH)6. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Шчыльныя і рыхлыя масы, радзей крышталі, валакністыя і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шараваты, жаўтаваты, буры. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 3,5—4,5; крохкі. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Алуніт — сыравіна для атрымання галыну, сульфату алюмінію, часткова калійных соляў, сернай кіслаты. Гл. таксама Алунітавая руда.

Алуніт.

т. 1, с. 270

АЛУНІ́ТАВАЯ РУДА́,

прыроднае мінер. ўтварэнне, якое складаецца з алуніту (30—55%), кварцу, халцэдону і апалу (разам 40—50%), гліністых мінералаў (каалініт) і прымесяў вокіслаў жалеза, ільменіту, цыркону і інш. Шчыльная масіўная парода (каля 2,7 г/см³). Фарміруецца ў абласцях маладога вулканізму. Комплексная сыравіна: атрымліваюць гліназём, сульфат калію (калійныя ўгнаенні), серную кіслату, ванадый, галій. Здабываюць звычайна адкрытым спосабам. Радовішчы ў Расіі, Азербайджане, на З Украіны, у ЗША, Кітаі, Аўстраліі, Іране, Мексіцы, Італіі, Індыі і інш.

т. 1, с. 270

АЛУ́ПКА,

горад на Украіне, на Паўд. беразе Крыма. За 17 км ад Ялты. 10,8 тыс. ж. (1988). Прыморскі кліматычны курорт. Адметны мяккімі кліматычнымі ўмовамі, добрай ахаванасцю ад халодных паўн. вятроў, цёплым летам з лёгкімі марскімі брызамі, чыстым, насычаным фітанцыдамі і аэраіонамі прыгорных хваёвых лясоў горна-марскім паветрам, маляўнічым ландшафтам, працяглым перыядам марскіх купанняў (чэрв.кастр.). Большасць санаторыяў спецыялізуецца на клімат- і фізіятэрапіі лёгачных захворванняў. Палацава-паркавы комплекс графа М.С.Варанцова (19 ст., арх. Э.Блор).

т. 1, с. 270

АЛУ́ШТА,

горад на Украіне, у горнай даліне на Паўд. беразе Крыма. За 45 км ад чыг. ст. Сімферопаль. 33 тыс. ж. (1992). Прыморскі кліматычны курорт. Развіваецца з 19 ст. Адметны надзвычай спрыяльнымі для паўнацэннага адпачынку, лячэння лёгачных і нерв. хвароб умовамі: клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, цёплым малавоблачным летам, цёплай і працяглай восенню; марскія купанні з чэрвеня да кастрычніка; багатая вечназялёная расліннасць у далінах рэк, букавыя і хваёвыя лясы, вінаграднікі на схілах велічных горных масіваў Дэмерджы; адзін з найлепшых у Крыме пясчана-галечны пляж працягласцю каля 5 км. Шмат санаторыяў, пансіянатаў, турбаз і дамоў адпачынку. Прыродныя і архю-гіст. помнікі (пячоры Чатырдага, «Даліна прывідаў», рэшткі візант. і генуэзскіх крэпасцяў, умацаванняў і паселішчаў, палацы, маёнткі і сядзібы Раеўскіх, Гагарыных і інш. рус. вяльможаў). Музеі краязнаўчы і С.М.Сяргеева-Цэнскага.

Літ.:

Талышев В.П. Алушта: Путеводитель. Симферополь, 1984.

Алушта.

т. 1, с. 270

АЛФАВІ́Т

[ад назваў першых дзвюх літар грэч. алфавіта alpha і bēta (навагрэч. vita)],

азбука, сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку. Уяўляе сабой пазнейшую стадыю развіцця графікі, наступную за піктаграфічным, ідэаграфічным пісьмом (гл. адпаведныя арт.). Асн. патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асн. гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы.

Алфавіт упершыню ўзнік у стараж. літарна-гукавых сістэмах. Яго маюць і некат. складовыя сістэмы, напр. катакана і хірагана (гл. Японскае пісьмо), дэванагары (гл. Індыйскае пісьмо) і інш. Першымі чыста гукавую сістэму пісьма стварылі фінікійцы каля 2000 г. да н. э. Фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх наступных літарна-гукавых сістэм. Ад яго паходзіць арамейскае пісьмо, якое дало пачатак яўрэйскаму пісьму і арабскаму пісьму, а таксама грэчаскае пісьмо, на якім грунтуецца большасць еўрап. алфавіта. Грэч. алфавіт, найб. верагодна, створаны ў 11 ст. да н.э. Стараж. грэкі пакінулі без істотных змен фінікійскі алфавіт, толькі адкінулі графемы, не прыдатныя для перадачы гукаў сваёй мовы, і ўвялі некалькі новых. Грэч. алфавіт лёг у аснову італійскіх алфавітаў (этрускага, умбрыйскага, оскага, лацінскага, фаліскійскага і інш.). Пазнейшы візантыйскі варыянт грэч. алфавіта даў пачатак арм. і груз. пісьму (гл. адпаведныя арт.).

На грэка-візантыйскай аснове ўзнікла кірыліца, якая перайшла ў спадчыну беларусам і інш. усх.-слав. народам. Кірыліцкі алфавіт выкарыстоўваўся ў старабел. пісьменстве, а з пэўнымі зменамі і ў першых бел. друкаваных выданнях 16—17 ст. У 18 — пач. 20 ст. ў сувязі з яго заняпадам стаў ужывацца пераважна лацінскі алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо). З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як асноўны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы пасля ўтварэння БССР.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.М.Булыка.

т. 1, с. 270

АЛФЕНО́Л,

магнітамяккі сплаў жалеза (84%) з алюмініем (16%). Мае высокія магн. пранікальнасць у слабых палях, цвёрдасць, трываласць, зносаўстойлівасць, эл. супраціўленне. З алфенолу вырабляюць стрыжні галовак апаратуры для магн. запісу і ўзнаўлення інфармацыі.

т. 1, с. 271

АЛФЁРАЎ Жарэс Іванавіч

(н. 15.3.1930, Віцебск),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1972). Замежны чл. АН Беларусі (1995). Скончыў Ленінградскі эл.-тэхн. ін-т (1952). З 1953 у Фізіка-тэхн. ін-це АН СССР (Ленінград), з 1972 адначасова праф. Ленінградскага эл.-тэхн. ін-та, з 1989 старшыня Прэзідыума С.-Пецярбургскага цэнтра Расійскай АН. Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў, паўправадніковай і квантавай электроніцы, тэхн. фізіцы. Паклаў пачатак даследаванням паўправадніковых гетэраструктур, удзельнічаў у стварэнні першых у СССР транзістараў, фотадыёдаў і магутных германіевых выпрамнікоў. Ленінская прэмія 1972. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Літ.:

Вул Б.М. и др. Ж.И.Алфёров // Физика и техника полупроводников. 1980. Т. 14, вып. 3.

т. 1, с. 271

АЛФЁРАЎ Мікалай Сямёнавіч

(26.9.1917, г.п. Кампанееўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.11.1982),

рускі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1978). Чл.-кар. АМ СССР (1978). Скончыў Харкаўскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). Выкладаў у Свярдлоўскім арх. ін-це, у 1972—82 рэктар. Работы: жылыя дамы з выкарыстаннем элементаў ордэрнай архітэктуры (1955), ансамбль гіст.-рэв. сквера (1974) — усе ў Екацярынбургу. Аўтар прац па гісторыі і тэорыі прамысл. архітэктуры.

т. 1, с. 271