АЛУ́ШТА,
горад на Украіне, у горнай даліне на Паўд. беразе Крыма. За 45 км ад чыг. ст. Сімферопаль. 33 тыс. ж. (1992). Прыморскі кліматычны курорт. Развіваецца з 19 ст. Адметны надзвычай спрыяльнымі для паўнацэннага адпачынку, лячэння лёгачных і нерв. хвароб умовамі: клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, цёплым малавоблачным летам, цёплай і працяглай восенню; марскія купанні з чэрвеня да кастрычніка; багатая вечназялёная расліннасць у далінах рэк, букавыя і хваёвыя лясы, вінаграднікі на схілах велічных горных масіваў Дэмерджы; адзін з найлепшых у Крыме пясчанагалечны пляж працягласцю каля 5 км. Шмат санаторыяў, пансіянатаў, турбаз і дамоў адпачынку. Прыродныя і архю-гіст. помнікі (пячоры Чатырдага, «Даліна прывідаў», рэшткі візант. і генуэзскіх крэпасцяў, умацаванняў і паселішчаў, палацы, маёнткі і сядзібы Раеўскіх, Гагарыных і інш. рус. вяльможаў). Музеі краязнаўчы і С.М.Сяргеева-Цэнскага.
Літ.:
Талышев В.П. Алушта: Путеводитель. Симферополь, 1984.
т. 1, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)