ТЭРЦЫ́НА (італьян. terzina ад terza трэцяя),
від верша, напісанага трохрадкоўямі з ланцуговай кампазіцыяй: сярэдні радок кожнай папярэдняй страфы рыфмуецца з двума крайнімі наступнай (аба бвб вгв...). Заканчваецца радком, што рыфмуецца з сярэднім радком апошняга трохрадкоўя. Памер — пяцістопны ямб. Т. ўвёў у паэзію Дантэ. Звярталіся да яе А.Пушкін, А.Блок, І.Франко У бел. паэзію ўвёў М.Багдановіч:
Ёсць чары у забытым, старадаўным;
Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць
І жыць мінулым —
гэткім мудрым, слаўным, —
Мы любім час далёкі ўспамянуць,
Мы сквапна цягнемся к старым паэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.
Таму вярнуўся я к рандо, санетам,
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітым светам, —
Так вершы ззяюць даўняю красой!
(«Тэрцыны»)
У сучаснай бел. паэзіі сустракаецца ў Я.Сіпакова, А.Грачанікава і інш.
В.П.Рагойша.
т. 16, с. 142
ТЭ́РЦЫЯ (лац. tertia трэцяя),
гл. ў арт. Інтэрвал у музыцы.
т. 16, с. 143
ТЭРЦЭ́Т (італьян. terzetto; ад лац. tertius трэці) у музыцы, 1) ансамбль (пераважна вакальны) з трох удзельнікаў («Т. для дзвюх скрыпак і альта» А.Дворжака).
2) Муз. твор для такога складу выканаўцаў; самаст. п’еса ці нумар у оперы, кантаце, араторыі, аперэце, месе і інш. (Т. Кармэн, Фраскіты, Мерседэс з 3-га акта оперы Ж.Бізэ «Кармэн»).
У вершаскладанні Т. (трохрадкоўе) — страфа, якая складаецца з трох радкоў. Існуе некалькі яе відаў: рыфмуюцца ўсе радкі (ааа), рыфмуюцца толькі 2 радкі (ааб, абб ці аба), радкі зусім не рыфмуюцца (абв); напр.:
Я — кропля вялікага творчага мора,
Я — іскра квяцістага полымя зораў,
Я — водблеск нябёсных адвечных прастораў...
Памру — не памрэ безупынная сіла,
Што думы пад неба да зорак насіла,
Што кіне вянок на нямую магілу.
(З.Бядуля)
Часам у вершы, напісаным Т., ужываюцца адначасова розныя яго віды. У выглядзе монастрафы Т. сустракаюцца не часта. Найчасцей уваходзяць у склад буйнейшай вершаванай формы (напр., санета) або звязваюцца адно з адным ланцуговымі рыфмамі. У бел. паэзіі нярэдкія творы, у якіх 2 Т., графічна аддзеленыя, аб’ядноўваюцца рыфмай у своеасаблівыя пары:
Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
Ціха з заснуўшых палян
Плыў у гару і знікаў,
Быццам дым сіняваты з кадзіла,
Рэдкі, правідны туман.
(М.Багдановіч)
Г.Р.Куляшова, В.П.Рагойша (у вершаскладанні).
т. 16, с. 143
ТЭ́РЫ (Terry) Элен Аліс (27.2.1847, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 21.7.1928),
англійская актрыса. Дэбютавала ў 1856. З 1867 у т-ры «Ліцэум» пад кіраўніцтвам Г.Ірвінга (яе пастаянны партнёр да 1898), у 1902—03 кіраўнік т-ра «Імперыял». Створаныя ёй вобразы вылучаліся эмацыянальнасцю і задушэўнасцю: Афелія, Порцыя, Віёла, Беатрычэ («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Дванаццатая ноч», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Маргарыта («Фауст» І.Гётэ), Алівія («Алівія» У.Уілса паводле О.Голдсміта). Паставіла (з сынам Э.Г.Крэгам) «Ваеўнікі ў Хельгеландзе» Г.Ібсена (выканала ролю Іордыс) і «Многа шуму з нічога» (1903). Сярод інш. роляў: лэдзі Сесілія («Вяртанне капітана Брэсбаўнда» Б.Шоу, роля напісана спецыяльна для яе), Эліс Грэй («Эліс-сядзі-каляагню» Дж.Бары) і інш. Здымалася ў кіно. Апублікавала аўтабіяграфію «Гісторыя майго жыцця» (1908), у 1931 выдадзены цыкл яе лекцый пра Шэкспіра і перапіска з Шоу. Акцёрамі былі і яе сёстры — Кейт Т. (1844—1924), Флорэнс Т. (1854—96), Марыён Т. (1856—1930), брат Фрэд Т. (1863—1933).
т. 16, с. 143
ТЭРЫГЕ́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ (ад лац. terra зямля + ...генез),
абломкавыя асадкі і абломкавыя горныя пароды, якія складаюцца са знесеных з сушы (у выніку яе дэнудацыі) абломкаў розных парод і мінеральных зерняў. Утвараюцца ў вадаёмах (марскіх і прэснаводных) і ў наземных умовах. З Т.а. звязаны россыпы каштоўных рэдкіх і рассеяных металаў, алмазаў, бурштыну, радовішчы буд. матэрыялаў і інш. Гл. таксама Марскія адклады.
т. 16, с. 143
ТЭРЫКО́Н (франц. terri conique ад terri пародны адвал + conique канічны),
адвал шахтавых горных парод ці адходаў абагачэння, якія адсыпаюцца ў форме конуса.
т. 16, с. 143
ТЭРЫЛЕ́Н,
гандлёвая назва поліэфірнага валакна, што вырабляюць у Вялікабрытаніі.
т. 16, с. 143
ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНАСЦЬ у жывёл,
форма выкарыстання асобінамі, сем’ямі, папуляцыямі жывёл тэрыторыі, якая вызначае прасторавыя ўзаемаадносіны паміж імі. Садзейнічае больш раўнамернаму размяшчэнню арганізмаў і з’яўляецца механізмам, які лімітуе іх колькасць. Найб. характэрна для жывёл са складанымі рэпрадуктыўнымі паводзінамі: вышэйшых ракападобных, павукоў, насякомых, малюскаў, рыб, земнаводных, рэптылій, часцей для птушак, млекакормячых.
У аснове Т. — канкурэнцыя з-за прасторы з усімі яе рэсурсамі (прыстанішчы, корм, асобіны процілеглага полу). Праяўляецца Т. у індывід. ці групавой, пастаяннай ці сезоннай ахове тэрыторыі (участкі гнездавыя, індывід., сямейныя, каланіяльныя, паляўнічыя, спароўвання) пры дапамозе дыстантных ці кантактных сігналаў. Да дыстантных належаць апавяшчэнне канкурэнтаў гукамі (стракатанне цвыркуна, спевы птушак, выццё ваўкоў), пахам (мечанне тэрыторыі мачой у кашэчых і памётам у капытных). Набор пагражальных сігналаў (афарбоўка, позы, паводзіны) выкарыстоўваецца пры сутыкненні асобін на агульнай мяжы (кантактныя сігналы). Асобіны, не здольныя ўтрымаць тэрыторыю, выключаюцца з размнажэння; пры празмерна высокай шчыльнасці папуляцыі сутыкненні завяршаюцца гібеллю слабейшых.
т. 16, с. 143
ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ, тэрытарыяльнае мора,
марскія (азёрныя) воды, якія прылягаюць да сухапутнай тэрыторыі пэўнай дзяржавы і знаходзяцца пад яе суверэнітэтам. Шыр. ад 3 да 12 марскіх міль. Судны ўсіх дзяржаў могуць карыстацца правам мірнага праходу праз Т.в., выконваючы пры гэтым палажэнні міжнар. пагадненняў, законы і правілы прыбярэжных дзяржаў; у адносінах да ваен. караблёў многія дзяржавы прытрымліваюцца дазвольнага або паведамляльнага парадку. Рэжым Т.в. рэгулюецца Жэнеўскай Канвенцыяй аб тэр. моры і прылеглай зоне 1958.
т. 16, с. 143
ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ЙСКІ,
1) вайсковыя фарміраванні, якія ствараліся на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы. У СССР, у т. л. ў БССР, існавалі ў 1923—38 (гл. Міліцыйная армія).
2) У шэрагу дзяржаў — частка ўзбр. сіл, прызначаных для папаўнення рэгулярных войск. Выкарыстоўваюцца для аховы і абароны аб’ектаў у глыбіні краіны (аэрадромаў, баз, пунктаў кіравання і інш.), барацьбы з дэсантамі, дыверсійнымі групамі і інш. Тэр.-занальны прынцып, на аснове якога адбываецца камплектаванне і выкарыстанне Т.в., прадугледжвае падзел тэр. краіны на зоны (адм. раёны) абароны. Т.в. Фінляндыі, Нарвегіі і Даніі наз. войскамі мясц. абароны («Хэмверн»), у ЗША — нац. гвардыяй, у ФРГ — войскамі абароны радзімы («Гайматшугц»). Звычайна з’яўляюцца састаўной часткай сухап. войск. На Беларусі Т.в. фарміруюцца і разгортваюцца ў пагражальны перыяд, а таксама ў ходзе вучэнняў, напр., комплекснага аператыўна-тактычнага вучэння «Бярэзіна-2002». На іх ускладваюцца задачы: узмацненне асобных прыгранічных участкаў, дзе не плануецца вядзенне баявых дзеянняў рэгулярнымі войскамі; удзел у барацьбе з дэсантна-дыверсійнымі сіламі праціўніка і незаконнымі ўзбр. фарміраваннямі, падтрымка рэжыму ваен. становішча; эвакуацыя насельніцтва і матэрыяльных рэсурсаў з раёнаў магчымых баявых дзеянняў, выкананне мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў прымянення зброі масавага знішчэння; ахова і абарона тылавых аб’ектаў (раёнаў), гарадоў і інш. населеных пунктаў; вядзенне ўзбр. барацьбы на часова захопленай праціўнікам тэр. і інш. Асн. фарміраванні: асобныя стралк. батальён, рота, узвод. Кіраўніцтва Т.в. ажыццяўляюць камандуючы сухап. войскамі, адпаведныя структуры аператыўных напрамкаў, нач. зон тэр. абароны і інш.
А.М.Любачка.
т. 16, с. 143