ТЭ́РЫ (Terry) Элен Аліс (27.2.1847, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 21.7.1928),
англійская актрыса. Дэбютавала ў 1856. З 1867 у т-ры «Ліцэум» пад кіраўніцтвам Г.Ірвінга (яе пастаянны партнёр да 1898), у 1902—03 кіраўнік т-ра «Імперыял». Створаныя ёй вобразы вылучаліся эмацыянальнасцю і задушэўнасцю: Афелія, Порцыя, Віёла, Беатрычэ («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Дванаццатая ноч», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Маргарыта («Фауст» І.Гётэ), Алівія («Алівія» У.Уілса паводле О.Голдсміта). Паставіла (з сынам Э.Г.Крэгам) «Ваеўнікі ў Хельгеландзе» Г.Ібсена (выканала ролю Іордыс) і «Многа шуму з нічога» (1903). Сярод інш. роляў: лэдзі Сесілія («Вяртанне капітана Брэсбаўнда» Б.Шоу, роля напісана спецыяльна для яе), Эліс Грэй («Эліс-сядзі-каляагню» Дж.Бары) і інш. Здымалася ў кіно. Апублікавала аўтабіяграфію «Гісторыя майго жыцця» (1908), у 1931 выдадзены цыкл яе лекцый пра Шэкспіра і перапіска з Шоу. Акцёрамі былі і яе сёстры — Кейт Т. (1844—1924), Флорэнс Т. (1854—96), Марыён Т. (1856—1930), брат Фрэд Т. (1863—1933).
т. 16, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)