ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНАСЦЬ у жывёл,
форма выкарыстання асобінамі, сем’ямі, папуляцыямі жывёл тэрыторыі, якая вызначае прасторавыя ўзаемаадносіны паміж імі. Садзейнічае больш раўнамернаму размяшчэнню арганізмаў і з’яўляецца механізмам, які лімітуе іх колькасць. Найб. характэрна для жывёл са складанымі рэпрадуктыўнымі паводзінамі: вышэйшых ракападобных, павукоў, насякомых, малюскаў, рыб, земнаводных, рэптылій, часцей для птушак, млекакормячых.
У аснове Т. — канкурэнцыя з-за прасторы з усімі яе рэсурсамі (прыстанішчы, корм, асобіны процілеглага полу). Праяўляецца Т. у індывід. ці групавой, пастаяннай ці сезоннай ахове тэрыторыі (участкі гнездавыя, індывід., сямейныя, каланіяльныя, паляўнічыя, спароўвання) пры дапамозе дыстантных ці кантактных сігналаў. Да дыстантных належаць апавяшчэнне канкурэнтаў гукамі (стракатанне цвыркуна, спевы птушак, выццё ваўкоў), пахам (мечанне тэрыторыі мачой у кашэчых і памётам у капытных). Набор пагражальных сігналаў (афарбоўка, позы, паводзіны) выкарыстоўваецца пры сутыкненні асобін на агульнай мяжы (кантактныя сігналы). Асобіны, не здольныя ўтрымаць тэрыторыю, выключаюцца з размнажэння; пры празмерна высокай шчыльнасці папуляцыі сутыкненні завяршаюцца гібеллю слабейшых.
т. 16, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)