ТЭРЦЭ́Т (італьян. terzetto; ад лац. tertius трэці) у музыцы, 1) ансамбль (пераважна вакальны) з трох удзельнікаў («Т. для дзвюх скрыпак і альта» А.​Дворжака).

2) Муз. твор для такога складу выканаўцаў; самаст. п’еса ці нумар у оперы, кантаце, араторыі, аперэце, месе і інш. (Т. Кармэн, Фраскіты, Мерседэс з 3-га акта оперы Ж.​Бізэ «Кармэн»).

У вершаскладанні Т. (трохрадкоўе) — страфа, якая складаецца з трох радкоў. Існуе некалькі яе відаў: рыфмуюцца ўсе радкі (ааа), рыфмуюцца толькі 2 радкі (ааб, абб ці аба), радкі зусім не рыфмуюцца (абв); напр.:

Я — кропля вялікага творчага мора,
Я — іскра квяцістага полымя зораў,
Я — водблеск нябёсных адвечных прастораў...
Памру — не памрэ безупынная сіла,
Што думы пад неба да зорак насіла,
Што кіне вянок на нямую магілу.
(З.​Бядуля)

Часам у вершы, напісаным Т., ужываюцца адначасова розныя яго віды. У выглядзе монастрафы Т. сустракаюцца не часта. Найчасцей уваходзяць у склад буйнейшай вершаванай формы (напр., санета) або звязваюцца адно з адным ланцуговымі рыфмамі. У бел. паэзіі нярэдкія творы, у якіх 2 Т., графічна аддзеленыя, аб’ядноўваюцца рыфмай у своеасаблівыя пары:

Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
Ціха з заснуўшых палян
Плыў у гару і знікаў,
Быццам дым сіняваты з кадзіла,
Рэдкі, правідны туман.
(М.​Багдановіч)

Г.​Р.​Куляшова, В.​П.​Рагойша (у вершаскладанні).

т. 16, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)