Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНІЗАМЕ́ТР МАГНІ́ТНЫ

(ад грэч. anisos неаднолькавы + ...метр),

прылада для вызначэння магнітнай анізатрапіі монакрышталёў і тэкстураваных матэрыялаў. Прынцып дзеяння: доследны ўзор змяшчаюць у моцнае аднароднае магн. поле; папярочная кампанента вектара намагнічанасці, што ўзнікае, ўтварае момант вярчэння, які імкнецца павярнуць узор. Момант вярчэння кампенсуецца момантам, што ствараюць пругкія мех. элементы прылады. Вугал павароту ўзору адлічваецца па шкале пры розных напрамках поля. Па выніках вымярэнняў разлічваюцца, канстанты анізатрапіі і ацэньваецца ступень дасканаласці тэкстуры. Анізаметр магнітны дае магчымасць даследаваць масіўныя ўзоры, ферамагн. плёнкі, матэрыялы ў вытв. умовах; інтэрвал т-р ад 1300 К да геліевых (~1К); напружанасць магн. поля да 4000 кА/м.

т. 1, с. 367

АНІЗАТРАПІ́Я

(ад грэч. anisos неаднолькавы + tropos напрамак),

1) у фізіцы — залежнасць фіз. (мех., аптычных, магн. і інш.) уласцівасцяў рэчыва ад напрамку. Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцяў (напр., вадкіх крышталёў) тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул. У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напр., драўніна) або штучнай тэкстуры (напр., пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія мех. уласцівасцяў). Анізатрапія многіх уласцівасцяў крышталёў, напр. лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцяў, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж гал. восі сіметрыі і ўпоперак да яе. Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення, дыхраізму, змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі. Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напр., у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, эл. поля, магн. поля (гл. Катона—Мутона эфект, Фарадэя эфект).

2) Анізатрапія ў геалогіі абумоўлена мікраслаістасцю, упарадкаванай арыентацыяй зерняў і крышталёў і мікратрэшчынаватасцю горных парод і мінералаў. Крышталі розных мінералаў выяўляюць анізатрапію розных уласцівасцяў: слюды — аптычных, мех. (спайнасці, пругкасці, трываласці); дыстэну — цвёрдасці; кварцу, турмаліну — аптычных, п’езаэлектрычнага эфекту; магнетыту — ферамагнітных; кальцыту — аптычных. Анізатрапія некаторых мінералаў выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні. Анізатрапія масіваў горных парод вызначаецца ўпарадкаванымі лінейнымі ці плоскаснымі элементамі будовы (стратыфікаваныя асадкавыя і метамарфічныя тоўшчы горных парод з лінейна арыентаванымі структурамі, слаістасцю, макратрэшчынаватасцю і інш.). Пры горных работах найб. значэнне маюць дэфармацыйныя ўласцівасці парод.

3) У батаніцы — здольнасць розных органаў адной і той жа расліны займаць рознае становішча пры аднолькавым ўздзеянні пэўнага фактара вонкавага асяроддзя. Напр., пры бакавым асвятленні расліны яе верхавінка выгінаецца ў бок крыніцы святла, а лісцевыя пласцінкі займаюць перпендыкулярнае напрамку прамянёў становішча.

Літ.:

Шаскольская М.П. Очерки о свойствах кристаллов. 2 изд. М., 1978;

Сиротин Ю.М., Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 изд. М., 1979.

т. 1, с. 368

АНІЗАТРО́ПНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, уласцівасці якіх (мех., фіз. і інш.) неаднолькавыя па розных напрамках унутры гэтых матэрыялаў (гл. Анізатрапія). Да анізатропных матэрыялаў адносяцца монакрышталі, валакністыя і плёначныя матэрыялы, жалезабетон, пластмасы са слаістымі напаўняльнікамі (гетынакс, тэксталіты, шкло- і вугляпластыкі і інш.), кампазіцыйныя матэрыялы. Выкарыстанне анізатропных матэрыялаў скарачае расход матэрыялаў і паляпшае якасць канструкцый. Напр., трансфарматары са стрыжнямі з анізатропнай тэкстураванай сталі прыкладна на 20—40% лягчэйшыя за трансфарматары са стрыжнямі з гарачакачанай звычайнай сталі.

т. 1, с. 368

АНІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава (860—1045) са сталіцай у г. Ані (зараз Турцыя). Узнікла ў выніку аб’яднання Арменіі Багратыдамі і вызвалення ад улады Арабскага халіфата. Найбуйнейшае сярод феад. дзяржаў сярэдневяковай Арменіі, аб’ядноўвала яе большую частку. Высокага ўзроўню развіцця дасягнулі ў Анійскім царстве рамёствы і гандаль, навука, архітэктура, л-ра і мастацтва. Узмацненне феад. эксплуатацыі выклікала антыфеад. нар. рух тандракійцаў. У 10 ст. ў выніку феад. раздробленасці ў Анійскім царстве ўтварылася некалькі царстваў — васалаў Багратыдаў. У 1045 заваявана Візантыяй.

т. 1, с. 368

АНІ́КАВІЦКІ БАНДА́РНА-ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў в. Анікавічы (Горацкі р-н Магілёўскай вобл.). Вырабляў бочкі, пілаваны лес. У 1908 меў лакамабіль, працавалі 96 чал. У 1910—13 былі 2 лакамабілі.

т. 1, с. 368

АНІКЕ́ЕЎ Саўка, майстар разьбярскай і сталярскай справы 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 разам з інш. майстрамі-беларусамі рабіў крэслы, куфэркі, сталы для царскага двара.

т. 1, с. 368

АНІКЕ́ЙЧЫК Анатоль Аляксандравіч

(11.7.1932, г. Барысаў — 3.2.1989),

бел. скульптар, педагог. Нар. мастак Беларусі (1972). Праф. (1981). Скончыў Бел. тэатр. маст. ін-т (1959; вучань А.А.Бембеля і А.К.Глебава), выкладаў (з 1978) у гэтым ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Для яго творчасці характэрна імкненне да гісторыка-рамант. трактоўкі тэм і вобразаў: помнікі землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну ў в. Хвойнікі Чэрвеньскага р-на (1967), М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на (1976), А.М.Матросаву ў в. Чарнушкі на Пскоўшчыне (1978, у сааўт.); фантаны «Юнацтва» каля касцёла на пл. Незалежнасці і «Купалінкі» ў парку імя Я.Купалы ў Мінску (1972). Стварыў значныя творы на тэму Вял. Айч. вайны — мемарыялы «Прарыў», «Праклён фашызму». Вял. месца ў творчасці Анікейчыка займаў вобраз Я.Купалы: надмагілле паэта (1971, з А.Заспіцкім) на Вайсковых могілках у Мінску, помнікаў у Мінску (1972, з Л.Гумілеўскім, Заспіцкім; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), у Ляўках Аршанскага р-на (1982), бронзавы бюст (1973) у Араў-парку ў Нью-Йорку, кампазіцыя «Восень паэта» (1980). Стварыў кампазіцыю «Сны пра Радзіму. М.Багдановіч» (1981), партрэты Л.Бетховена (1968), П.М.Машэрава, кампазітара Л.Гідравічуса (абодва 1980), Г.Ахматавай (1982); надмагіллі С.В.Прытыцкага (1975), М.Лынькова (1978), П.М.Машэрава (1983), У.Караткевіча (1986). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.

Літ.:

Крэпак Б.А. А.А.Анікейчык. Мн., 1980.

Э.Л.Петэрсон.

т. 1, с. 368

АНІКІЕ́ВІЧ Кірыла Цімафеевіч, бел. краязнавец, археолаг і этнограф 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў у Магілёўскай і Віцебскай губ. Вывучаў побыт сялян, збіраў фальклор, вёў археал. раскопкі. Быў карэспандэнтам Е.Р.Раманава. Асн. праца «Сенненскі павет Магілёўскай губерні» (Магілёў, 1907), у якой даў геагр., гіст., эканам. і этнагр. характарыстыкі Сенненшчыны, апісаў жыллё, адзенне, сямейнае і грамадскае жыццё сялян, заняткі насельніцтва і інш.

т. 1, с. 369

АНІ́КІН Віктар Іванавіч

(н. 14.1.1918, г. Алатыр, Чувашыя),

бел. архітэктар, вучоны. Засл. арх. Беларусі (1980). Канд. архітэктуры (1970), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). У 1946—58 працаваў у Вільні (рэсп. стадыён, мост цераз р. Нярыс, будынак Дзярж. б-кі). З І958 у Мінску. Асн. работы на Беларусі: генпланы Светлагорска, Пінска, цэнтра Брэста, у Мінску — жылыя раёны і мікрараёны Усход, Серабранка, вул. Чкалава (усе ў аўтарскім калектыве), гал. навуч.-лабараторны корпус арх. і буд. ф-таў БПА (у сааўт.) і інш.

Тв.:

Архитектурное проектирование жилых районов. Мн., 1987;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 1, с. 369

АНІКУ́ШЫН Міхаіл Канстанцінавіч

(н. 2.10.1917, Масква),

рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Правадзейны чл. АМ СССР (1962). Герой Сац. Працы (1977). Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1947). Аўтар помнікаў А.С.Пушкіну (1957; Ленінская прэмія 1958), У.М.Бехцераву (1960), скульптур да мемарыяла «Гераічным абаронцам Ленінграда» (1975, у сааўт.; усе ў С.-Пецярбургу), станковых партрэтаў («А.П.Чэхаў», 1964) і інш.

Літ.:

Прибульская Г. Аникушин. Л.; М., 1961.

т. 1, с. 369