Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНЖУ́ Пётр Фёдаравіч

(15.2.1796, Вышні Валачок, Расія — 12.10.1869),

даследчык Арктыкі, адмірал рус. флоту. У 1821—23 з памочнікамі апісаў паўн. берагі і а-вы паміж рэкамі Алянёк і Індыгірка, склаў карту Новасібірскіх а-воў. У 1825—26 удзельнічаў у апісанні паўн.-ўсх. берага Каспійскага м. і зах. берага Аральскага м. У 1827 вызначыўся ў Наварынскай бітве руска-англафранц. флоту з тур.-егіп. флотам на лінейным караблі «Гангут». Займаў камандныя пасады ў марскім ведамстве. Імем Анжу названа паўн. група Новасібірскіх а-воў.

Літ.:

Пасецкий В.М. Петр Анжу. М., 1958.

т. 1, с. 367

АНЖУ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

каралеўская дынастыя ў шэрагу еўрапейскіх краін сярэднявечча. Паходзіла ад франц. графаў Анжу. Правіла ў Англіі ў 1154—1399 (гл. Плантагенеты), у Паўд. Італіі ў 1268—1442, Сіцыліі ў 1268—82 (намінальна ў 1266—1302). Заснавальнік дынастыі ў Сіцыліі і Паўд. Італіі Карл Анжуйскі (правіў да 1285). Правіла таксама ў Венгрыі ў 1308—87 і ў Польшчы ў 1370—82 і 1384—85.

т. 1, с. 367

АНЖУ́ АСТРАВЫ́,

цэнтральныя, самыя вял. астравы ў архіпелагу Новасібірскія а-вы ў м. Лапцевых і Усходне-Сібірскім м. Уключаюць а-вы: Кацельны, Зямля Бунге, Фадзееўскі, Новая Сібір і Бялькоўскі. Агульная пл. каля 29 тыс. км². У рэльефе пераважаюць нізінныя акумулятыўныя раўніны, занятыя арктычнымі тундрамі. Названы імем рус. палярнага даследчыка П.Ф.Анжу.

т. 1, с. 367

АНЖЭ́РА-СУ́ДЖАНСК,

горад у Расіі, у Кемераўскай вобл. Засн. ў 1897. 104,8 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя (Анжэрская). Цэнтр вугальнай прам-сці Кузбаса. Машынабудаванне і металаапрацоўка (буд. машыны, горназдабыўное абсталяванне, трактарныя агрэгаты і інш.); хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, шкло).

т. 1, с. 367

А́НЗЮС

(ANZUS; Australia, New Zealand, United States),

ваенна-палітычны блок Аўстраліі, Новай Зеландыі і ЗША. Назва ад першых літар краін-удзельніц. Дагавор пра стварэнне блока падпісаны 1.9.1951 у Сан-Францыска (ЗША) на неабмежаваны тэрмін, уступіў у сілу 29.4.1952. Інспіраваны ЗША, якія пасля пачатку Карэйскай вайны (1950) імкнуліся стварыць на ўзор НАТО калект. саюз бяспекі ў ціхаакіянскай прасторы. Прадугледжваў узаемную падтрымку ў выпадку нападу на аднаго з партнёраў. Аўстралія і Новая Зеландыя бачылі ў дагаворы гарантыю бяспекі ад Японіі. Пасля закрыцця новазеландскіх партоў для атамных ваен. караблёў ЗША (1985) амер. ўрад у 1986 абвясціў пра спыненне сваіх абавязкаў у адносінах да Новай Зеландыі, яе членства ў АНЗЮСе прыпынена.

т. 1, с. 367

АНІ́ВА,

заліў Ахоцкага м., каля паўд. берага в. Сахалін, паміж п-авамі Крыльёнскім і Таніна-Аніўскім. Даўж. 90 км, шыр. 104 км, глыб. да 93 м. Шырока адкрыты ў паўд.-зах. частку Ахоцкага м. Багаты рыбай (ласасёвыя, селядцы, траска, камбала). На беразе — гарады Аніва, Карсакаў.

т. 1, с. 367

АНІГІЛЯ́ЦЫЯ

(ад лац. annihilatio знішчэнне, знікненне),

працэс узаемадзеяння элементарнай часціцы з яе антычасціцай, у выніку якога яны ператвараюцца ў інш. элементарныя часціцы. Адбываецца ў адпаведнасці з захавання законамі. Анігіляцыя электронна-пазітроннай пары (e​- — e​+) у 2 або 3 фатоны і адваротны працэс нараджэння яе фатонамі былі прадказаны англ. фізікам П.Дзіракам (1931), выяўлены эксперыментальна франц. фізікамі І. і Ф.Жаліо-Кюры (1933) і дакладна апісаны ў квантавай электрадынаміцы. У фізіцы высокіх энергій анігіляцыя — адзін з імаверных каналаў (прамежкавых стадый) працэсаў узаемадзеяння часціцы з антычасціцай, што ажыццяўляецца за кошт электрамагн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Напр., пры сутыкненнях высокаэнергет. (e​- — e​+) пучкоў акрамя анігіляцыі ў фатоны магчымы пругкае і няпругкае рассеянне, ператварэнне ў інш. пары (μ​- — μ​+, ν — ν̃, π — π​+ і г.д.), утварэнне звязаных недаўгавечных сістэм (пазітроній, кварконій і інш.) або абсалютна нейтральных часціц (γ, p, η​0 → ), а ў канчатковым выніку — множнае нараджэнне часціц, пераважна адронаў. Сучасныя паскаральнікі на сустрэчных пучках даюць магчымасць атрымаць усе вядомыя элементарныя часціцы, у т. л. самыя масіўныя, напр. слабыя базоны w​(-), w​(+), z​(0).

Літ.:

Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.

А.А.Богуш.

т. 1, с. 367

АНІ́Д,

гл. ў арт. Поліамідныя валокны.

т. 1, с. 367

АНІЁН,

гл. Іоны.

т. 1, с. 367

АНІЗАГА́МІЯ

(ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),

тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз. гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.

т. 1, с. 367