Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭР’Е́РЫ (англ. terriers ад франц. terrier нара),

група парод паляўнічых сабак, службовых сабак і вытворных ад іх дэкаратыўна-пакаёвых сабак. Больш за 30 парод, сярод іх бедлінгтантэр’ер, фокстэр’ер, эрдэльтэр’ер. Большасць выведзена ў Вялікабрытаніі.

Найб. вядомыя: ірландскі Т. (выш. ў карку 40—56 см, шэрсць з кароткім густым падшэрсткам, грубая, рыжая); кэрыблютэр’ер (выш. ў карку 22 см, шэрсць мяккая, хвалістая, ад светла-попельнай да чорнай; тойтэр’ер, карлікавая форма стараж. англ. Т. (выш. ў карку 18—25 см, шэрсць кароткая, чорная з карычневымі падпалінамі і інш.); скайтэр’ер (выш. ў карку 20—30 см, шэрсць даўж. да 14 см, з густым падшэрсткам, прамая, блакітна-серабрыстая); лхаскі апсо (выш. ў карку 20—25 см, шэрсць з густым падшэрсткам, густая, шорсткая, залацістая) і інш.

Тэр’еры: 1 — лхаскі апсо; 2 — скайтэр’ер; 3 — ірландскі; 4 — кэрыблютэр’ер.

т. 16, с. 133

ТЭРМА... (ад грэч. thermē цяпло, гарачыня), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: адносіны да цеплыні, тэмпературы (напр., тэрмадынаміка, тэрмарэгуляцыя); апрацоўку пры дапамозе тэмператур (напр., тэрмаантрацыт, тэрмакапіраванне); выкарыстанне цеплавой энергіі (напр., тэрматэрапія, тэрмаэлемент).

т. 16, с. 133

ТЭРМАБАРАКА́МЕРА,

гл. ў арт. Баракамера.

т. 16, с. 133

ТЭРМАБІЁНТЫ (ад тэрма... + біёнт),

пастаянныя жыхары гарачых (да 95—100 °C) крыніц. Напр., некат. дыятомавыя і сіне-зялёныя водарасці жывуць у крыніцах пры т-ры 50—85 °C; некат. бактэрыі — пры 95—100 °C.

т. 16, с. 133

ТЭРМАГРА́ФІЯ (ад тэрма... + ...графія),

1) сукупнасць розных спосабаў рэгістрацыі цеплавога поля аб’ектаў (поля іх інфрачырвонага выпрамянення). Ажыццяўляецца актыўнымі і пасіўнымі прыладамі інфрачырвонай тэхнікі, цеплавізарамі (гл. Цеплабачанне). Аўтам. запіс т-ры паветра і вады робіцца тэрмографамі.

2) Адзін са спосабаў аператыўнага капіравання пераважна чорна-белых рукапісных, друкаваных і інш. штрыхавых матэрыялаў. Гл. Тэрмакапіраванне.

т. 16, с. 133

ТЭРМАДЫНА́МІКА (ад тэрма... + дынаміка),

навука аб найб. агульных уласцівасцях макраскапічных фіз. сістэм, што знаходзяцца ў стане раўнавагі тэрмадынамічнай, і працэсах пераходу паміж гэтымі станамі. Адрозніваюць фенаменалагічную Т. (даследуе тэрмадынамічныя сістэмы без уліку ўласцівасцей і характару руху іх часціц) і статыстычную Т. — асн. частку статыстычнай фізікі. Ахоплівае комплекс навук. дысцыплін — агульную (фіз.) Т., тэрмадынаміку хімічную, тэхн. Т. (дастасаванні законаў Т. да цеплатэхнікі), тэрмадынаміку нераўнаважных працэсаў і інш.

Грунтуецца на фундаментальных прынцыпах, устаноўленых на падставе шматлікіх даследаванняў (гл. Першы закон тэрмадынамікі, Другі закон тэрмадынамікі, Трэці закон тэрмадынамікі), якія выконваюцца незалежна ад прыроды цел, што ўтвараюць фіз. сістэму. Заканамернасці і суадносіны паміж фіз. велічынямі Т. маюць універсальны характар, з’явы разглядаюцца з энергет. пазіцый. Т. дае поўнае колькаснае апісанне абарачальных працэсаў, для неабарачальных працэсаў устанаўлівае пэўныя няроўнасці і паказвае напрамак іх працякання. Метадамі Т. ўстанаўліваюць сувязі паміж непасрэдна назіранымі (макраскапічнымі) характарыстыкамі сістэм (ціскам, аб’ёмам, т-рай і інш.) у розных тэрмадынамічных працэсах. У Т. распрацаваны тэорыя хім. раўнавагі і тэорыя фазавай раўнавагі, напр., раўнавагі паміж рознымі агрэгатнымі станамі і пры расслаенні на фазы сумесей вадкасцей і газаў. Для працэсаў устанаўлення раўнавагі істотны абмен часціцамі паміж рознымі фазамі і для фармулёўкі раўнавагі карыстаюцца паняццем хімічнага патэнцыялу, пастаянства якога замяняе ўмову пастаянства ціску, калі вадкасць (газ) знаходзіцца ў полі знешніх сіл. Законы і метады Т. выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, макраскапічнай электрадынаміцы, пры вывучэнні хім. працэсаў, працэсаў пераносу і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Т. вядуцца ў Ін-це цепла- і масаабмену, Аб’яднаным ін-це энергетычных і ядз. даследаванняў, Ін-це фізіка-арганічнай хіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН, БДУ, Бел. Нац. тэхн. ун-це і інш.

Літ.:

Кубо Р. Термодинамика: Пер. с англ. М., 1970;

Гиббс Дж.В. Термодинамика: Статистич. механика: Пер. с англ. М., 1982;

Базаров И.П. Термодинамика. 4 изд. М., 1991.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 134

ТЭРМАДЫНА́МІКА НЕРАЎНАВА́ЖНЫХ ПРАЦЭ́САЎ, нераўнаважная тэрмадынаміка,

тэрмадынаміка неабарачальных працэсаў; агульная тэорыя макраскапічнага апісання нераўнаважных працэсаў. Асн. задача — колькаснае вывучэнне нераўнаважных працэсаў для станаў, што мала адрозніваюцца ад раўнаважных, напр., вызначэнне залежнасці канцэнтрацыі кампанентаў, скорасці, напрамку і інш. параметраў такога працэсу ад знешніх умоў. На Т.н.п. грунтуюцца даследаванні адкрытых сістэм (хім. і біял., у т. л. жывых арганізмаў), яна дазваляе тлумачыць многія нераўнаважныя з’явы ў гідрагазадынаміцы, эл. правадніках, напр., тэрмаэлектрычныя з ’явы, гальванамагнітныя з ’явы, тэрмагальванамагнітныя з’явы.

Неабарачальныя працэсы на аснове тэрмадынамічных меркаванняў вывучаў У Томсан (лорд Кельвін). Іх паслядоўнае даследаванне пачаў Л.Онсагер. Як самастойная навука Т.н.п. пачала развівацца ў працах І.Р.Прыгожына і нідэрл. фізіка С.Р. дэ Гроата. Сістэмы, у якіх працякаюць нераўнаважныя працэсы, разглядаюцца як суцэльныя асяроддзі, а іх параметры стану — як палявыя пераменныя (неперарыўныя функцыі геам. каардынат і часу). Пры макраскапічным апісанні працэсаў лічаць, што такія сістэмы складаюцца з элементарных аб’ёмаў, кожны з якіх характарызуецца параметрамі стану (т-рай, ціскам і інш.), якія залежаць ад каардынат і часу. Для колькаснага апісання працэсаў складаюцца ўраўненні балансу для элементарных аб’ёмаў на аснове захавання законаў энергіі, імпульсу і масы, а таксама складання ўраўнення балансу энтрапіі і фенаменалагічных ураўненняў працэсаў пераносу, якія звязваюць патокі і тэрмадынамічныя сілы (гл. Пераносу з’явы). Метады Т.н.п. дазваляюць сфармуляваць для нераўнаважных працэсаў 1-ы і 2-і законы тэрмадынамікі ў лакальнай форме, атрымаць на аснове агульных прынцыпаў поўную сістэму ўраўненняў пераносу (ураўненняў гідрадынамікі, цеплаправоднасці і дыфузіі) для простых і складаных сістэм з улікам хім. рэакцый, фазавых ператварэнняў, эл.-магн. сіл і інш. знешніх уздзеянняў.

На Беларусі даследаванні па праблемах Т.н.п. пачаты ў 1956 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН пад кіраўніцтвам А.В.Лыкава і Т.Л.Перэльмана.

Літ.:

Пригожин И. Введение в термодинамику необратимых процессов: Пер. с англ. М., 1960;

Лыков А.В., Михайлов Ю.А. Теория тепло- и массопереноса. М.; Л., 1963;

Гроот С.Р. де, Мазур П. Неравновесная термодинамика: Пер. с англ. 1964;

Зубарев Д.Н. Неравновесная статистическая термодинамика. М., 1971;

Дьярмати И. Неравновесная термодинамика: Пер. с англ. М., 1974.

В.​І.​Байкоў, У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 134

ТЭРМАДЫНА́МІКА ХІМІ́ЧНАЯ,

раздзел фізічнай хіміі, які вывучае макраскапічныя хім. сістэмы (газападобныя, вадкія і цвёрдыя рэчывы, растворы і інш.) і працэсы (хім. рэакцыі, фазавыя ператварэнні і інш.) на аснове агульных законаў узаемаператварэння цеплаты, розных відаў работы і энергіі. Найважн. раздзелы Т.х.: тэрмахімія, вучэнне аб хім. і фазавай раўнавазе, аб растворах, электрахім. тэрмадынаміка, тэрмадынаміка паверхневых з’яў. Тэарэт. аснова Т.х. — законы (асновы) агульнай тэрмадынамікі.

Першы закон тэрмадынамікі — аснова тэрмахіміі. На другім законе тэрмадынамікі грунтуецца вучэнне аб раўнавазе хімічнай. Яго асн. задача — прадказанне кірунку хім. рэакцыі, яе выхаду і раўнаважнага саставу рэакцыйнай сумесі ў залежнасці ад зыходнага саставу, т-ры, ціску. Паводле трэцяга закону тэрмадынамікі вызначаюць энтрапію рэчываў з каларыметрычных вымярэнняў цеплаёмістасці ў інтэрвале т-р (ад блізкіх да абс. нуля да зададзенай) і цеплавых эфектаў усіх фазавых пераходаў, што адбываюцца ў гэтым тэмпературным інтэрвале. Даныя каларыметрычных вымярэнняў дазваляюць разлічваць канстанты раўнаваг хім. рэакцый паводле іх цеплавых эфектаў і энтрапіі кожнага рэчыва, што ўдзельнічае ў рэакцыі. Тэрмадынамічныя ўласцівасці хім. сістэм характарызуюцца тэрмадынамічнымі функцыямі: патэнцыяламі тэрмадынамічнымі і хімічным патэнцыялам. Змены тэрмадынамічных функцый у хім. рэакцыях звязаны з канстантамі раўнаваг і вызначаюцца паводле іх значэння і тэмпературнай залежнасці, а таксама разлічваюцца метадамі статыст. тэрмадынамікі. У практычных разліках карыстаюцца табліцамі тэрмадынамічных уласцівасцей індывід. рэчываў і раствораў, у якіх звычайна дадзены значэнні энтрапіі, энтальпіі, цеплаёмістасці і некат. інш. функцый у залежнасці ад т-ры і канцэнтрацыі рэчываў. Вынікі і метады Т.х. выкарыстоўваюцца ў хім. тэхналогіі, фізіцы, геалогіі, біялогіі, пры рашэнні многіх практычных задач хім., металургічнай, паліўнай і інш. галін прам-сці.

Літ.:

Карапетьянц М.Х. Химическая термодинамика. 3 изд. М., 1975;

Прикладная химическая термодинамика: Пер. с англ. М., 1988.

У.​С.​Салдатаў.

т. 16, с. 134

ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ ІМАВЕ́РНАСЦЬ,

гл. Імавернасць тэрмадынамічная.

т. 16, с. 134

ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ РАЎНАВА́ГА,

гл. Раўнавага тэрмадынамічная.

т. 16, с. 134