ТЭРМАДЫНА́МІКА (ад тэрма... + дынаміка),

навука аб найб. агульных уласцівасцях макраскапічных фіз. сістэм, што знаходзяцца ў стане раўнавагі тэрмадынамічнай, і працэсах пераходу паміж гэтымі станамі. Адрозніваюць фенаменалагічную Т. (даследуе тэрмадынамічныя сістэмы без уліку ўласцівасцей і характару руху іх часціц) і статыстычную Т. — асн. частку статыстычнай фізікі. Ахоплівае комплекс навук. дысцыплін — агульную (фіз.) Т., тэрмадынаміку хімічную, тэхн. Т. (дастасаванні законаў Т. да цеплатэхнікі), тэрмадынаміку нераўнаважных працэсаў і інш.

Грунтуецца на фундаментальных прынцыпах, устаноўленых на падставе шматлікіх даследаванняў (гл. Першы закон тэрмадынамікі, Другі закон тэрмадынамікі, Трэці закон тэрмадынамікі), якія выконваюцца незалежна ад прыроды цел, што ўтвараюць фіз. сістэму. Заканамернасці і суадносіны паміж фіз. велічынямі Т. маюць універсальны характар, з’явы разглядаюцца з энергет. пазіцый. Т. дае поўнае колькаснае апісанне абарачальных працэсаў, для неабарачальных працэсаў устанаўлівае пэўныя няроўнасці і паказвае напрамак іх працякання. Метадамі Т. ўстанаўліваюць сувязі паміж непасрэдна назіранымі (макраскапічнымі) характарыстыкамі сістэм (ціскам, аб’ёмам, т-рай і інш.) у розных тэрмадынамічных працэсах. У Т. распрацаваны тэорыя хім. раўнавагі і тэорыя фазавай раўнавагі, напр., раўнавагі паміж рознымі агрэгатнымі станамі і пры расслаенні на фазы сумесей вадкасцей і газаў. Для працэсаў устанаўлення раўнавагі істотны абмен часціцамі паміж рознымі фазамі і для фармулёўкі раўнавагі карыстаюцца паняццем хімічнага патэнцыялу, пастаянства якога замяняе ўмову пастаянства ціску, калі вадкасць (газ) знаходзіцца ў полі знешніх сіл. Законы і метады Т. выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, макраскапічнай электрадынаміцы, пры вывучэнні хім. працэсаў, працэсаў пераносу і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Т. вядуцца ў Ін-це цепла- і масаабмену, Аб’яднаным ін-це энергетычных і ядз. даследаванняў, Ін-це фізіка-арганічнай хіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН, БДУ, Бел. Нац. тэхн. ун-це і інш.

Літ.:

Кубо Р. Термодинамика: Пер. с англ. М., 1970;

Гиббс Дж.В. Термодинамика: Статистич. механика: Пер. с англ. М., 1982;

Базаров И.П. Термодинамика. 4 изд. М., 1991.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)