Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Жорж дэ (19.3.1593, г. Вік-сюр-Сей, Францыя — 30.1.1652), французскі жывапісец; прадстаўнік караваджызму. Пісаў рэліг. і жанравыя карціны, якім уласцівы прастата і напружанасць кампазіцыйнай пабудовы, лаканізм выяўл. сродкаў. Карціны падзяляюцца на дзённыя сцэны, якія трактуюцца ў халодным і яркім асвятленні, і начныя, якія будуюцца на рэзкім кантрасце святла і ценю з вызначанай крыніцай святла (свечка, паходня), што надае ім загадкавасць і драматызм. Сярод твораў: «Варажбітка» (1610-я г.), «Махляры» (каля 1625), «У ліхвяра», «Нараджэнне Хрыста» (абедзве 1630-я г.), «Іосіф-цясляр», «Магдаліна са свяцільнікам» (абодва 1640-я г.), «Адрачэнне апостала Пятра» (1650) і інш.

Літ.:

Золотов Ю.К. Ж. де Ла Тур. М., 1979.

В.Я.Буйвал.

Ж. дэ Латур. Варажбітка. 1610-я г.

т. 9, с. 154

ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Марыс Кантэн дэ (5.9.1704, г. Сен-Кантэн, Францыя — 17.2.1788), французскі жывапісец. З 1737 член Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1750 жывапісец франц. караля. Ствараў пераважна камерныя партрэты ў тэхніцы пастэлі, якія вызначаюцца лірычнасцю, мяккай градацыяй колеравых адценняў. Аўтар партрэтаў дзеячаў эпохі Асветніцтва (Ж.Ж.Русо, Ж.Д’Аламбера, абодва 1753), каралеўскай сям’і і прыдворных, аўтапартрэтаў, эцюдаў.

К. дэ Латур. Аўтапартрэт. 1751.

т. 9, с. 155

ЛАТУ́ШКА, латка,

1) традыцыйны ганчарны выраб у беларусаў і інш. слав. народаў. Глыбокая гліняная пасудзіна з шырокім тулавам і вусцем, гартаваная, радзей паліваная. Выкарыстоўвалася для гатавання ежы, часта замест сталовай міскі для вадкіх страў, разліўкі студзіны. На Беларусі ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. выраблялі прамасценныя з круглым ці падоўжаным (авальным) дном (паўн. і зах. раёны) або з пукатымі сценкамі накшталт міскі (Падняпроўе). З масавага ўжытку выйшлі ў 1-й пал. 20 ст. 2) Кароткая світка на паўн.-зах. Палессі.

С.А.Мілючэнкаў.

т. 9, с. 155

ЛА́ТЫ,

гл. ў арт. Засцерагальнае ўзбраенне.

т. 9, с. 155

ЛАТЫ́ГАЛЬСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 18 ст. ў в. Латыгаль Вілейскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1771 як уніяцкая па фундацыі графа Салагуба. Складаецца з 2 амаль квадратных у плане зрубаў, накрытых агульным шматсхільным дахам, які ўтварае невял.

трохвугольныя навісі ў месцы прымыкання зрубаў. Гал. фасад завершаны трапецападобным франтонам з дэкар. шалёўкай і вял. лучковым аконным праёмам у цэнтры. Франтон увянчаны чацверыковай вежачкай з галоўкай. Такая ж галоўка над алтаром. Па баках алтарнага зруба невысокія квадратныя сакрысціі. У архітэктуры спалучаюцца рысы традыц. нар. дойлідства і стылю барока.

Т.В.Габрусь.

Латыгальская Мікалаеўская царква.

т. 9, с. 155

ЛАТЫ́ГАЛЬСКІ БОЙ 1943,

бой паміж 2-м батальёнам Смаленскага партыз. палка і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Латыгаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. 25 крас. ў Вял. Айч. вайну. Партыз. полк пасля жорсткіх баёў з намнога большымі сіламі карнікаў перамяшчаўся на новую базу; на шляху перадыслакацыі, у в. Латыгаль, знаходзіўся варожы гарнізон, знішчыць які было даручана 2-му батальёну. Партызаны ноччу асн. сіламі атакавалі гарнізон, гранатамі падавілі яго дзоты, і пасля 3-гадзіннага бою разграмілі ворага. Падмацаванне ворагу з г. Сянно было спынена партыз. засадай. У выніку бою ў сістэме ням.-фаш. гарнізонаў утварыўся разрыў, што дало магчымасць партыз. дыверсійным групам больш кароткім шляхам выходзіць да чыг. Орша—Віцебск.

т. 9, с. 155

ЛАТЫГО́ЛІЧЫ,

вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Эса. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 51 км на ПдЗ ад г. Чашнікі, 146 км ад Віцебска, 35 км ад чыг. ст. Лепель. 464 ж., 188 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 9, с. 155

ЛАТЫМЕ́РЫЯ,

цэлакант (Latimeria chalumnae), рыба атр. цэлакантападобных надатр. кісцяпёрых; адзіны сучасны від. Рэшткі Л. вядомы з дэвонскага перыяду (больш за 380 млн. гадоў назад). Лічылася вымерлай больш за 100 млн. гадоў назад. Пашырана ў Інд. ак. каля берагоў Паўд.-Усх. Афрыкі (Каморскія а-вы). Упершыню злоўлена ў 1938 каля вусця р. Халумна; апісана паўднёваафр. вучоным Дж.Смітам (1939). Жыве каля дна на глыб. да 800 м і больш.

Даўж. больш за 1,8 м, маса да 95 кт. Самкі буйнейшыя за самцоў. Хвост трохлопасцевы, парныя плаўнікі маюць кароткую цэнтр. вось. Луска буйная, масіўная. Маларухомыя, карыстаюцца плаўнікамі для плавання і апоры на грунт. Кормяцца рыбай. Яйцажывародныя.

Літ.:

Смит Дж.Л.Б. Старина Четвероног: Пер. с англ. М., 1962.

Латымерыя.

т. 9, с. 155

ЛАТЫ́НІНА (Ларыса Сямёнаўна) (н. 27.12.1934, г. Херсон, Украіна),

украінская спартсменка (спарт гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1956), засл. трэнер СССР (1972), суддзя міжнар. катэгорыі (1968). Скончыла Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1959). Ст. трэнер жан. зборнай каманды СССР (1966—77), дзяржтрэнер Маскоўскага спарткамітэта (1980—90). Уладальніца найб. колькасці медалёў (18) у гісторыі сучасных Алімп. гульняў, 9-разовая чэмпіёнка XVI, XVII і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія — у асабістым і камандным першынствах, апорных скачках, вольных практыкаваннях; 1960, Рым — у асабістым і камандным першынствах, вольных практыкаваннях; 1964, Токіо — у камандным першынстве і вольных практыкаваннях). Абс. чэмпіёнка свету (1958, 1962), Еўропы (1957, 1961), СССР (1961—62). Аўтар успамінаў «Гімнастыка праз гады» (1977).

т. 9, с. 156

ЛАТЫ́ПАЎ (Анварбек Закіравіч) (н. 28.8.1927, г. Петрапаўлаўск, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі раслін. Д-р с.-г. н. (1977), праф. (1978). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1995). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1951). З 1955 у БСГА (у 1962—67 і ў 1977—83 прарэктар, з 1967 заг. кафедры). Навук. працы па генетыцы і селекцыі збожжавых культур (пшаніца, трыцікале).

Тв.:

Биология цветения, опыления и оплодотворения видов пшеницы. Горки, 1971 (у сааўт.);

Біятыповы састаў сартоў пшаніцы і іх генетычныя формулы (разам з І.К.Копцікам) // Весці Акадэміі аграрных навук Беларусі. 1995. № 4.

т. 9, с. 156