ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Жорж дэ (19.3.1593, г. Вік-сюр-Сей, Францыя — 30.1.1652), французскі жывапісец; прадстаўнік караваджызму. Пісаў рэліг. і жанравыя карціны, якім уласцівы прастата і напружанасць кампазіцыйнай пабудовы, лаканізм выяўл. сродкаў. Карціны падзяляюцца на дзённыя сцэны, якія трактуюцца ў халодным і яркім асвятленні, і начныя, якія будуюцца на рэзкім кантрасце святла і ценю з вызначанай крыніцай святла (свечка, паходня), што надае ім загадкавасць і драматызм. Сярод твораў: «Варажбітка» (1610-я г.), «Махляры» (каля 1625), «У ліхвяра», «Нараджэнне Хрыста» (абедзве 1630-я г.), «Іосіф-цясляр», «Магдаліна са свяцільнікам» (абодва 1640-я г.), «Адрачэнне апостала Пятра» (1650) і інш.