Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАМА́РК (Lamarck) Жан Батыст Антуан П’ер дэ Манэ

(de Monet; 1.8.1744, Базантэн, Францыя — 18.12.1829),

французскі прыродазнавец, стваральнік цэласнай тэорыі развіцця жывога свету (гл. Ламаркізм). Чл. Парыжскай АН (1783). У 1772—76 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы. Праф. Музея прыродазнаўчай гісторыі. Навук. працы па эвалюцыі жывога свету, распрацоўцы класіфікацыі і сістэматыкі раслін, палеанталогіі, зоапсіхалогіі. Увёў падзел жывёл на пазваночных і беспазваночных, тэрмін «біялогія», апісаў шмат відаў выкапнёвых і сучасных арганізмаў.

Ж.Б.Ламарк.

т. 9, с. 112

ЛАМАРКІ́ЗМ першая цэласная канцэпцыя эвалюцыі ў жывой прыродзе, сфармуляваная ў 1809 Ж.Б. дэ Ламаркам. Паводле Л., існуючыя віды раслін і жывёл фарміраваліся паступова, у выніку працяглага прыстасавання арганізмаў да вонкавых умоў (клімат, святло, цяпло і інш.) і пэўнага ўнутр. імкнення ўсіх арганізмаў да ўдасканалення. Ідэя Л. пра ролю вонкавага асяроддзя і спадчыны ў эвалюцыі была выкарыстана Ч. Дарвінам у яго эвалюцыйнай тэорыі. Адраджэнне Л. ў форме неаламаркізму адбылося ў апошняй трэці 19 ст. як рэакцыя на пашырэнне дарвінізму.

т. 9, с. 112

ЛАМАРЦІ́Н (Lamartine) Альфонс Мары Луі Пра дэ

(21.10.1790, г. Макон, Францыя — 28.2 або 1.3.1869),

французскі паэт-рамантык, паліт. дзеяч, дыпламат, гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1830). З 1814 афіцэр каралеўскай гвардыі. У 1820—21 з дыпламат. місіяй у Неапалі, у 1825—28 — у Фларэнцыі. З 1833 чл. Палаты дэпутатаў. У рэвалюцыю 1848 міністр замежных спраў Часовага ўрада Францыі. Першым зб-кам («Паэтычныя роздумы», 1820; «Новыя паэтычныя роздумы», 1823) уласцівы летуценная сузіральнасць і меланхолія, якія паступова змяняюцца малітоўнай одай (зб. «Паэтычныя і рэлігійныя сугуччы», 1830). Паэмы «Жаселен» (1836), «Падзенне анёла» (1838) прасякнуты адчуваннем нетрываласці зямнога быцця і тугой па тагачасным ідэале. Сярод інш. твораў — паэма «Смерць Сакрата» (1823), аповесці «Споведзь», «Рафаэль» (абедзве 1849), «Грацыэла» (1852). Асн. гіст. праца — «Гісторыя жырандыстаў» (т. 1—8, 1847).

Тв.:

Рус. пер. — у кн. Французская элегия XVIII—XIX вв. в переводах поэтов пушкинской поры. М., 1989. С. 304—433.

А.В Хадановіч.

т. 9, с. 114

ЛАМБА́РД,

установа, якая выдае пазыкі пад заклад рухомай маёмасці, рэчаў, што перадаюцца ёй на захоўванне. Вартасць рэчаў ацэньваецца па ўзгадненні бакоў. Уладальніку рэчы выдаецца імянны ламбардны білет (распіска). У выпадку невяртання пазыкі, нявыкупу маёмасці яго ўладальнікам яна перадаецца ва ўласнасць Л. і можа быць прададзена. Часам Л. з’яўляецца надзейным сховішчам маёмасці. Упершыню заснаваны ў 15 ст. ў Францыі ліхвярамі з італьян. правінцыі Ламбардыя (адсюль назва).

т. 9, с. 114

ЛАМБА́РДА, Ламбардзі (Lombardo, Lombardi) П’етра (каля 1435, Карана, Швейцарыя — чэрвень 1515), італьянскі архітэктар, вядучы дойлід і скульптар эпохі Ранняга Адраджэння ў Венецыі. Яго пабудовы адметныя святочнай лёгкасцю, жывапіснай вытанчанасцю ордэрных фасадаў, выкарыстаннем каляровых мармураў і пышнага скульпт. дэкору: царква Санта-Марыя дэі Міраколі (1481—89), Палацца Вендрамін-Калерджы (1504—09), Палац дожаў (у 1489—1511 кіраваў яго буд-вам, аўтар фасада, Лесвіцы гігантаў, з А.Рыца, дэкарацый для інтэр’ераў). Спакойнай гармоніяй вылучаюцца надмагіллі дожаў (Мачэніга ў царкве Санці-Джавані э Паала, 1476—81). Большасць скульпт. твораў, дэкар. рэльефы выканаў з сынамі Туліо (каля 1455, Венецыя — 17.11.1532) і Антоніо (каля 1458, Венецыя — каля 1516).

П.Ламбарда, А.Рыца. Фасад Палаца дожаў і Лесвіцы гігантаў у Венецыі.

т. 9, с. 114

ЛАМБА́РДА-ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

аўстрыйскае ўладанне ў Паўн. Італіі ў 1815—66. Утворана аўстр. манархіяй з абласцей Ламбардыя і Венецыя, перададзеных Аўстрыі паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15. Цэнтр — г. Мілан. Кіравалася віцэ-каралём. Аўстр. ўлады перашкаджалі развіццю эканомікі і культуры, устанавілі рэжым жорсткіх паліцэйскіх праследаванняў. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 б. ч. Ламбардыі адышла да Сардзінскага каралеўства. Венецыянская вобл. і невял. частка Ламбардыі заставаліся ў складзе Аўстрыі пад назвай Л.-В.к. да 1866, калі ў выніку аўстра-італьянскай вайны 1866 былі далучаны да аб’яднанага Італьян. каралеўства.

т. 9, с. 114

ЛАМБА́РДА ТАЛЕДА́НА (Lombardo Toledano) Вісентэ

(16.7.1894, г. Тэсьютлан, Мексіка — 16.11.1968),

мексіканскі паліт., дзярж. і прафс. дзеяч, вучоны-грамадазнавец, дзеяч міжнар. прафс. руху і руху прыхільнікаў міру. Д-р права і філасофіі. Скончыў Мекс. нац. ун-т (1919), у 1919—33 праф. у ім. У 1923 губернатар штата Пуэбла. У 1926—28 і з 1964 дэп. кангрэса Мексікі. Арганізатар шэрагу мекс. нац. прафсаюзаў (1930-я г.) і Рабочага ун-та Мексікі (1936). У 1936—40 ген. сакратар Канфедэрацыі працоўных Мексікі. У 1938—63 старшыня Канфедэрацыі працоўных Лац. Амерыкі. У 1945—65 віцэ-старшыня Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў. Заснавальнік (1948) і ідэолаг Сацыяліст. нар. партыі Мексікі. З 1950 чл. Сусв. Савета Міру. Аўтар шэрагу прац па паліт. і сац. пытаннях.

т. 9, с. 114

ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,

саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха 1 Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.

т. 9, с. 114

ЛАМБА́РДСКАЯ НІЗІ́НА,

гл. ў арт. Паданская раўніна.

т. 9, с. 114

ЛАМБА́РДСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст. вобласці Ламбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн. буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д. Брамантэў).

Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв. інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-й пал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В. Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-й пал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.

т. 9, с. 114