ЛАМАРЦІ́Н (Lamartine) Альфонс Мары Луі Пра дэ

(21.10.1790, г. Макон, Францыя — 28.2 або 1.3.1869),

французскі паэт-рамантык, паліт. дзеяч, дыпламат, гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1830). З 1814 афіцэр каралеўскай гвардыі. У 1820—21 з дыпламат. місіяй у Неапалі, у 1825—28 — у Фларэнцыі. З 1833 чл. Палаты дэпутатаў. У рэвалюцыю 1848 міністр замежных спраў Часовага ўрада Францыі. Першым зб-кам («Паэтычныя роздумы», 1820; «Новыя паэтычныя роздумы», 1823) уласцівы летуценная сузіральнасць і меланхолія, якія паступова змяняюцца малітоўнай одай (зб. «Паэтычныя і рэлігійныя сугуччы», 1830). Паэмы «Жаселен» (1836), «Падзенне анёла» (1838) прасякнуты адчуваннем нетрываласці зямнога быцця і тугой па тагачасным ідэале. Сярод інш. твораў — паэма «Смерць Сакрата» (1823), аповесці «Споведзь», «Рафаэль» (абедзве 1849), «Грацыэла» (1852). Асн. гіст. праца — «Гісторыя жырандыстаў» (т. 1—8, 1847).

Тв.:

Рус. пер. — у кн. Французская элегия XVIII—XIX вв. в переводах поэтов пушкинской поры. М., 1989. С. 304—433.

А.В Хадановіч.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)