ЛАМБА́РДА, Ламбардзі (Lombardo, Lombardi) П’етра (каля 1435, Карана, Швейцарыя — чэрвень 1515), італьянскі архітэктар, вядучы дойлід і скульптар эпохі Ранняга Адраджэння ў Венецыі. Яго пабудовы адметныя святочнай лёгкасцю, жывапіснай вытанчанасцю ордэрных фасадаў, выкарыстаннем каляровых мармураў і пышнага скульпт. дэкору: царква Санта-Марыя дэі Міраколі (1481—89), Палацца Вендрамін-Калерджы (1504—09), Палац дожаў (у 1489—1511 кіраваў яго буд-вам, аўтар фасада, Лесвіцы гігантаў, з А.Рыца, дэкарацый для інтэр’ераў). Спакойнай гармоніяй вылучаюцца надмагіллі дожаў (Мачэніга ў царкве Санці-Джавані э Паала, 1476—81). Большасць скульпт. твораў, дэкар. рэльефы выканаў з сынамі Туліо (каля 1455, Венецыя — 17.11.1532) і Антоніо (каля 1458, Венецыя — каля 1516).

П.Ламбарда, А.Рыца. Фасад Палаца дожаў і Лесвіцы гігантаў у Венецыі.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)