Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАЗАРЭ́ВІЧ Эдуард Георгіевіч

(н. 23.2.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне выліч. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча (1961). З 1963 у Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. працы па ацэнцы эфектыўнасці функцыянавання ЭВМ, распрацоўцы высокапрадукцыйных працэсараў.

Тв.:

Параллельная обработка информации. Т. 1, 5. Киев, 1985, 1990 (у сааўт.);

Аппаратурные и программные средства профессиональных персональных ЭВМ: Справ. пособие. Мн., 1991 (разам з Г.Ф.Харашавінай).

З.А.Валевач.

т. 9, с. 99

ЛАЗАРЭ́ВІЧ-ШАПЯЛЕВІЧ (Шапялевіч) Леў Юльянавіч

(13.10.1863, г. Віцебск — 10.2.1909),

бел. археолаг, гісторык літаратуры. Магістр усеагульнай л-ры (1892), д-р філалогіі (1896), праф.

Харкаўскага ун-та. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэса) і Харкаўскім ун-тах (1882—87). Аўтар даследаванняў па зах.-еўрап. л-ры: «Дантаўская трылогія» (1892), «Нарысы з гісторыі сярэдневяковай літаратуры і культуры» (1900), «Жыццё Сервантэса» (1901) і інш. Пад уплывам М.Ф.Кусцінскага і А.П.Сапунова пачаў вывучаць матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі, займаўся праблемай крывічоў. З 1900 вёў раскопкі курганоў у Гарадоцкім, Невельскім і Себежскім паветах Віцебскай губ. Каштоўныя знаходкі з крывіцкіх курганоў перадаваў у Пецярбургскі Эрмітаж, Маскоўскі і Харкаўскі гіст. музеі, музей Віцебскага стат. к-та.

т. 9, с. 99

Лазарэвіч Святаслаў Усеваладавіч

т. 18, кн. 1, с. 417

ЛАЗАРЭ́НКА Іван Сідаравіч

(8.10.1895, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1940), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. З 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах. Камандзір стралк. дывізіі Л. вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка ў Магілёўскай вобл. Дывізія з баямі 23—25 чэрв. фарсіравала рэкі Проня і Бася, адбіла некалькі контратак каля в. Халмы Чавускага р-на; Л. з гарматы падбіў некалькі варожых танкаў, загінуў у гэтым баі. Пахаваны ў Магілёве. Яго імем названы вуліца і сквер у Магілёве, плошча ў Крычаве.

т. 9, с. 99

ЛАЗАРЭ́НКАЎ Аляксандр Міхайлавіч

(н. 26.7.1946, в. Шаравічы Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аховы працы. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1995). Скончыў БПІ (1968), працуе ў БПА. Навук. даследаванні па ацэнцы ўмоў працы ў ліцейнай вытв-сці, іх уплыву на працуючых і навакольнае асяроддзе.

Тв.:

Проблемы безопасности жизнедеятельности. М., 1997 (у сааўт.).

т. 9, с. 99

ЛАЗАРЭ́ЎСКІ Аляксандр Мацвеевіч

(20.6.1834, с. Гірэўка, цяпер Шаўчэнкава Канатопскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 13.4.1902),

украінскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1858). Служыў у суд. установах на Украіне. Аўтар даследаванняў па гісторыі сялянства і агр. адносін на Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. [«Маларасійскія паспалітыя сяляне (1648—1783)», 1866; «Людзі старой Маларосіі», 1882—88; «Апісанне старой Маларосіі», 1888—1902, і інш.], пра ўкр. гетманаў («Павел Палуботак», 1880; «Нататкі пра Мазепу», 1898) і інш. Увёў у навук. ўжытак шэраг каштоўных гіст. крыніц, у т.л. «Генеральнае апісанне Маларосіі» 1765—69.

т. 9, с. 99

ЛАЗДУ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Лаздуны. Створана плацінай на р. Гарача ў 1973. Пл. 0,61 км2, даўж. 2,2 км, найб. шыр. 680 м, найб. глыб. 6,5 м, аб’ём вады 1,04 млн. м3. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 9, с. 99

ЛАЗДУ́НЫ,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., каля Лаздунскага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад г.п. Іўе, 176 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 899 ж., 350 двароў (1998). Буд. прадпрыемства меліярац. сістэм. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Сямёнаўскі касцёл (1904).

т. 9, с. 100

ЛАЗЕ́БНІКАЎ Мікалай Селівёрставіч

(н. 22.7.1914, г. Магілёў),

генерал-лейтэнант (1967). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948), Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1935. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Карэльскім, Цэнтр., 1-м Бел. франтах: камандзір роты, батальёна, нач. штаба, камандзір палка. Удзельнік абароны сав. Запаляр’я, вызвалення Гомельскай вобл., Польшчы, штурму Берліна. Да 1975 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 100

ЛАЗЕ́НКІ

(Łazienki),

палацава-паркавы комплекс 17—19 ст. у Варшаве; помнік ранняга класіцызму з рысамі барока. Былая каралеўская рэзідэнцыя. Пабудовы комплексу адметныя строгімі формамі і камернымі маштабамі архітэктуры, гарманічнай сувяззю з пейзажным паркам. На сажалцы выспа з каралеўскім палацам (напачатку купальня кн. Любамірскіх, 1683—90, арх. Тыльман Гамерскі; перабудавана ў 1784—95, арх. Д.Мерліні, інтэр’еры яго ж і Я.Камзетцэра). У парку: «Белы домік» (1774—77, размалёўкі Я.Б.Плерша, Я.Сціслы), палац «Мысьлевіцы» (1775—79, абодвух арх. Мерліні; размалёўкі Плерша, А.Герлічкі), павільёны, каланады, скульптура А.Лебрэна і Я.Манальдзі, помнік Ф.Шапэну (1907—26, скульпт. В.Шыманоўскі). Пашкоджаны ў 1945, адноўлены ў 1964. Цяпер музей.

Палац у Лазенках.

т. 9, с. 100