ЛАЗЕ́НКІ (Łazienki),

палацава-паркавы комплекс 17—19 ст. у Варшаве; помнік ранняга класіцызму з рысамі барока. Былая каралеўская рэзідэнцыя. Пабудовы комплексу адметныя строгімі формамі і камернымі маштабамі архітэктуры, гарманічнай сувяззю з пейзажным паркам. На сажалцы выспа з каралеўскім палацам (напачатку купальня кн. Любамірскіх, 1683—90, арх. Тыльман Гамерскі; перабудавана ў 1784—95, арх. Д.​Мерліні, інтэр’еры яго ж і Я.​Камзетцэра). У парку: «Белы домік» (1774—77, размалёўкі Я.​Б.​Плерша, Я.​Сціслы), палац «Мысьлевіцы» (1775—79, абодвух арх. Мерліні; размалёўкі Плерша, А.​Герлічкі), павільёны, каланады, скульптура А.​Лебрэна і Я.​Манальдзі, помнік Ф.​Шапэну (1907—26, скульпт. В.​Шыманоўскі). Пашкоджаны ў 1945, адноўлены ў 1964. Цяпер музей.

Палац у Лазенках.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)