ЛАЗАРЭ́ВІЧ-ШАПЯЛЕВІЧ (Шапялевіч) Леў Юльянавіч
(13.10.1863, г. Віцебск — 10.2.1909),
бел. археолаг, гісторык літаратуры. Магістр усеагульнай л-ры (1892), д-р філалогіі (1896), праф.
Харкаўскага ун-та. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэса) і Харкаўскім ун-тах (1882—87). Аўтар даследаванняў па зах.-еўрап. л-ры: «Дантаўская трылогія» (1892), «Нарысы з гісторыі сярэдневяковай літаратуры і культуры» (1900), «Жыццё Сервантэса» (1901) і інш. Пад уплывам М.Ф.Кусцінскага і А.П.Сапунова пачаў вывучаць матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі, займаўся праблемай крывічоў. З 1900 вёў раскопкі курганоў у Гарадоцкім, Невельскім і Себежскім паветах Віцебскай губ. Каштоўныя знаходкі з крывіцкіх курганоў перадаваў у Пецярбургскі Эрмітаж, Маскоўскі і Харкаўскі гіст. музеі, музей Віцебскага стат. к-та.
т. 9, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)