АСТА́РТА,
Аштарт, у заходне-семіцкай міфалогіі багіня ўрадлівасці, мацярынства і кахання; астральнае бажаство, увасабленне планеты Венера. Вядомы выявы Астарты ў выглядзе аголенай жанчыны на кані, якая страляе з лука.
т. 2, с. 45
АСТА́Т
(лац. Astatium),
At, радыеактыўны хім. элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 85, адносіцца да галагенаў. Найб. устойлівы штучны ізатоп 210At (перыяд паўраспаду 8,3 гадз). Упершыню атрыманы ў 1940 (ізатоп 211At). У паверхневым пласце зямной кары таўшчынёй 1,6 км знаходзіцца каля 70 мг At. Па адных хім. уласцівасцях падобны да неметалу ёду, па другіх — да металаў палонію і вісмуту. Атрымліваюць апрамяненнем вісмуту і торыю α-часціцамі высокіх энергій.
т. 2, с. 45
АСТА́ТКАВАЯ ДЭФАРМА́ЦЫЯ,
частка дэфармацыі, што застаецца пасля ліквідацыі ўздзеянняў, якія яе выклікаюць.
т. 2, с. 45
АСТАУ́РАЎ Барыс Львовіч
(27.10.1904, Масква — 21.6.1974),
савецкі біёлаг. Акад. АН СССР (1966; чл.-кар. 1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1927 у навук. установах біял. профілю. З 1967 дырэктар Ін-та біялогіі развіцця АН СССР. Навук. працы па пытаннях развіцця і спадчыннасці дразафілы і тутавага шаўкапрада, метадах атрымання поўнага штучнага (тэрмічнага) партэнагенезу і поўнага міжвідавога андрагенезу, стварэнні ядзерна-цытаплазматычных гібрыдаў. Даказаў вырашальную ролю клетачнага ядра ў морфагенезе і стварэнні міжвідавых адрозненняў, што паспрыяла вырашэнню праблемы рэгуляцыі пола ў жывёл і стварэнню паліплоідных ліній тутавага шаўкапрада.
Тв.:
Партеногенез, андрогенез и полиплоидия. М., 1977.
т. 2, с. 45
АСТА́Ф’ЕЎ Віктар Пятровіч
(н.1.5.1924, г.п. Аўсянка Краснаярскага краю, Расія),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1989). Друкуецца з 1951. У псіхал. аповесцях пра вайну і сучасную сібірскую вёску «Крадзеж» (1966), «Пастух і пастушка» (1971), у цыкле аўтабіягр. апавяданняў і аповесцяў «Недзе грыміць вайна» (1967), «Апошні паклон» (кн. 1—2, 1968—78), узнімае тэму процістаяння духоўнаму і маральнаму распаду. Раман «Цар-рыба» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978) пра пагрозу знішчэння рус. прыроды. У рамане «Сумны дэтэктыў» (1986) аналізуе духоўны і сацыяльны стан сучаснага грамадства.
Тв.:
Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—3. М., 1991—92;
Прокляты и убиты: Роман. Кн. 1—2. М., 1994—95.
т. 2, с. 45
АСТА́Ф’ЕЎ Рыгор, бел. збройнік 17 ст. Родам з Оршы. Быў (у 1658) вучнем у быхаўскага збройніка-пішчальніка Васіля. Разам з ім у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вывезены ў Маскву. Жыў у Броннай слабадзе сярод бел. пасяленцаў-рамеснікаў. У 1677 Астаф’еў з Амелькам Сяргеевым зрабіў 4, у 1678 — 10 пішчаляў.
т. 2, с. 45
АСТА́Ф’ЕЎ Сценька, бел. ювелір 17 ст., «майстар сярэбранай справы». Жыў у Полацку. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 разам з вучнем Антошкам Шчасным, пляменнікам Івашкам і інш. полацкімі рамеснікамі вывезены ў Маскву. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля.
т. 2, с. 46
АСТА́ХАВА Ганна Міхайлаўна
(4.7.1886, г. Кранштат Ленінградскай вобласці — 30.4.1971),
руская фалькларыстка. Д-р філал. н. (1944). Скончыла жаночы пед. ін-т (Пецярбург, 1908). За час экспедыцый у Карэліі, на Пінезе, Мязені і Пячоры, у Памор’і і Сібіры, Маскоўскай і Ленінградскай абл. сабрала больш за 10 тыс. фалькл. твораў. Даследавала быліны, замовы, галашэнні, частушкі, рабочы фальклор. Пры вывучэнні паходжання і гісторыі гераічнага эпасу звярталася да бел. фальклору. Даследавала бел. казачны эпас, паходжанне казак на былінныя сюжэты ў беларусаў і ўкраінцаў (кн. «Народныя казкі пра асілкаў рускага эпасу», 1962).
Літ.:
А.М.Астахова: (К 70-летию со дня рождения) // Русский фольклор. М.; Л., 1956. [Вып.] 1;
Путилов Б.Н. Печатные работы А.М.Астаховой с 1957 г. // Тамсама. 1968. [Вып.] 11;
Мельц М/Я., Митрофанова В.В. Памяти А.М.Астаховой (1886—1971) // Тамсама. 1972. [Вып.] 13.
т. 2, с. 46
АСТА́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Беларусі, каля в. Асташкавічы Светлагорскага р-на Гомельскай вобласці. Адкрыта ў 1965. Распрацоўваецца з 1966. Паклады нафты пл. каля 33 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Шматпластавае, нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2625—3438 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя і трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта высакаякасная, адносіцца да метанава-нафтэнавага тыпу, высокапарафінавая, высокасмалістая, маласярністая.
т. 2, с. 46