Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСКЛЕ́ПІЙ,

у грэчаскай міфалогіі бог лячэння, сын Апалона і німфы Караніды. Уменню лячыць навучыўся ў кентаўра Хірона. Калі Асклепій наважыўся ўваскрашаць памерлых, Зеўс забіў яго маланкай. Асклепія ўяўлялі ў вобразе барадатага мужчыны ў доўгім плашчы, які абапіраўся на абвіты змяёй кій. Асклепій быў асабліва папулярны ў г. Эпідаўр; найб. вядомыя свяцілішчы Асклепія на в-ве Кос, у г. Пергам, пры іх існавалі мед. школы. Яму прысвячалі рэльефы на свяцілішчах, яго выявы былі на гемах і манетах. У рым. міфалогіі Асклепію адпавядае Эскулап.

т. 2, с. 36

АСКЛЕПІЯ́ДАЎ ВЕРШ,

памер у метрычным вершаскладанні, вынайдзены стараж.-грэч. паэтам Асклепіядам Самоскім (3 ст. да нашай эры). Своеасаблівая мадыфікацыя пентаметра, у якім першая і перадапошняя дактылічныя стопы ўсечаны на адзін кароткі склад. У сілабатанічным вершаскладанні імітацыі Асклепіядава верша выключна рэдкія. У бел. паэзіі ўжыты толькі ў перакладзеным М.Багдановічам «Помніку» Гарацыя.

т. 2, с. 36

АСКНА́ЗІЙ Ісак Львовіч

(Лейбавіч; 16.1.1856, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобласці — 1903),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1874—79). У 1880—84 у Італіі, Германіі, Польшчы. Вярнуўшыся на радзіму, жыў у Віцебску. Аўтар жанравых сцэн з жыцця гарадоў і мястэчак Беларусі: «Яўрэйскае вяселле», «Прыход суботы», «Выпрабаванне жаніха» (усе 1890), «Па пазыку» (1892), «Вандроўныя шаўцы». Пісаў карціны на біблейскія сюжэты («Майсей у пустыні», 1885, «Саламон за працай над «Эклезіястам», «Кат з галавой Іаана Хрысціцеля» і інш.).

Літ.:

Булгаков Ф.И. Наши художники. Т. 1. СПб., 1889.

Л.Н.Дробаў.

т. 2, с. 36

АСКО́ЛЬД І ДЗІР,

кіеўскія князі ў 2-й пал. 9 ст. Паводле летапісных звестак былі баярамі Рурыка. У 860 узначальвалі першы паход на Канстанцінопаль, вялі барацьбу з печанегамі, улічамі, дунайскімі балгарамі. Учынілі паходы на драўлян, полацкіх крывічоў. Забіты ў 882 наўгародскім князем Алегам.

т. 2, с. 36