АНА́ДЫРСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у бас. верхняга цячэння р. Анадыр. Даўж. каля 400 км. Пераважныя выш. 800—1100 м, найб. — да 1221 м. Складзена ў асноўным з базальтаў, андэзітаў, дацытаў. Пераважае хмызняковая і горная тундра. Аленевыя пашы.
т. 1, с. 332
АНА́ДЫРСКАЯ НІЗІ́НА,
на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у Чукоцкай аўт. акрузе, у даліне р. Анадыр. На У прылягае да Анадырскага заліва, на З абмежавана хрыбтамі Пэкульней і Рарыткін. Даўж. 270 км. Складзена з алювіяльна-азёрных адкладаў. Рэльеф пераважна раўнінны (выш. да 100 м), бліжэй да гор хвалісты, на У з астанцавымі і нізкагорнымі масівамі (Залаты хрыбет, Ушканоў краж). Усюды шматгадовая мерзлата. Шмат тэрмакарставых азёраў, азёраў-старыц. Ландшафт травяніста-купінаватай і хмызняковай тундры.
т. 1, с. 332
АНА́ДЫРСКІ ЗАЛІ́Ў,
у паўночна-ўсходняй частцы Берынгава м., каля берагоў Чукоцкага п-ва. Даўж. 278 км, шыр. каля ўваходу да 400 км, глыб. да 105 м. У заліў упадае р. Анадыр. Большую частку года ўкрыты лёдам. Прылівы пераважна паўсутачныя (да 3 м). На беразе заліва порт Анадыр.
т. 1, с. 332
АНАКАЛУ́Ф
(ад грэч. anakoluthos непаслядоўны, няправільны),
стылістычная фігура ў паэтыцы, лагічная ці сінтаксічная няўзгодненасць асобных частак выказвання. Напр.: «Празрыстае — можна каменне злічыць, // Блакітнае — неба ў ім палавіна, // Багатае — рыба лускою блішчыць, // Магутнае — слова ад бацькі і сына» (М.Лужанін. «Запрашэнне на возера Нарач»). У маст. творы дапамагае індывідуалізаваць мову персанажа, надаць ёй асаблівы каларыт.
т. 1, с. 332
АНАКО́НДА
(Eunectes murinus),
змяя роду ўдаваў атр. лускаватых. Трапляецца ў тропіках Паўд. Амерыкі па берагах рэк, азёраў, каля балот.
Самая вял. змяя — даўж. да 10 м. Скура аліўкава-шэрая, уздоўж спіны 2 рады вял. бурых плямаў. Добра плавае. Ноздры з клапанамі, можа доўга знаходзіцца пад вадой. Корміцца грызунамі, дробнымі капытнымі, чарапахамі, птушкамі, рыбай, маладымі алігатарамі. На чалавека нападае рэдка. У засуху зарываецца ў глей і ўпадае ў спячку. Яйцажывародная (28—42 дзіцяняты). Выкарыстоўваюць скуру, мяса і тлушч.
т. 1, с. 332
АНАКРУ́ЗА,
анакруса (грэч. anakrusis літар. адштурхоўванне), слабыя (ненаціскныя) склады перад першым метрычным націскам. У сілабатанічным вершаскладанні ў залежнасці ад метра анакруза бывае нулявая (харэй, дактыль), 1-складовая (ямб, амфібрахій) і 2-складовая (анапест). Унутраная структура роднасных памераў (1- і 2-складовых) аднолькавая, адрозніваюцца толькі анакрузы, што паказвае на яе рытмічнае значэнне. На гэтым заснаваны радковыя лагаэды — 2- і 3-складовыя памеры з раўнамерным чаргаваннем анакрузы (напр., у паэмах Я.Купалы «Яна і я», «Безназоўнае»). Анакруза часам наз. звышсхемныя ненаціскныя склады на пачатку вершаваных радкоў.
т. 1, с. 332
АНАКРЭАНТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ,
лёгкая жыццярадасная лірыка, пазбаўленая суму і глыбокіх перажыванняў. Назва ад імя стараж.-грэч. паэта Анакрэонта, асн. матывамі песень якога былі каханне, бестурботная весялосць, віно. Анакрэантычныя вершы ў Францыі пісалі А.Шэнье, Вальтэр, П.Беранжэ; у Германіі — І.Глейм, Г.Лесінг; у Расіі — М.Ламаносаў, Г.Дзяржавін, К.Бацюшкаў, А.Пушкін і інш. У бел. паэзіі матывы анакрэатычнай паэзіі ў лірыцы М.Багдановіча.
т. 1, с. 332
АНАКРЭО́НТ,
Анакрэон (Anakreōn), старажытнагрэчаскі паэт-лірык сярэдзіны 6 ст. да н.э. Паходзіў з г. Тэас (М.Азія). Жыў на в-ве Самасе, потым у Афінах. Ствараў гімны, элегіі, эпіграмы, бяседныя песні. Вершы пісаў на іанійскім дыялекце стараж.-грэч. мовы. Паэзія Анакрэонта вызначаецца жыццярадаснасцю, прыгажосцю формы і дасціпнасцю; асн. матывы — бестурботная весялосць, віно, каханне. Вершы на гэтыя тэмы пазней атрымалі назву анакрэантычных (гл. Анакрэантычная паэзія). Да творчасці Анакрэонта часта звяртаўся М.Багдановіч.
Тв.:
Рус. пер. — Первое полное собр. соч. в переводах русских писателей / Сост. А.Тамбовский. Спб., [1896];
у кн. Античная лирика. М., 1968. С. 71—79.
т. 1, с. 332
АНАКСАГО́Р
(Anaxagoras) з Клазамен (каля 500—428 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Заснаваў у Афінах першую прафес. школу філасофіі. З яго твораў захаваліся асобныя фрагменты. У цэнтры натурфілас. вучэння Анаксагора арыгінальная мадэль фізічнай рэальнасці: усё ў прыродзе складаецца з бясконцай колькасці бясконца падзельных часцінак (гамеамерый). Інертная матэрыя прыводзіцца ў рух розумам (нусам). Пазнанне свету адбываецца з дапамогай чалавечага розуму, які абапіраецца на адчуванні. Шэраг здагадак Анаксагора ў астраноміі і матэматыцы развіты навукай пазнейшага часу.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 332